Яны не вераць афіцыйным вынікам і пісьмова пацвярджаюць, што на выбарах прагаласавалі за прадпрымальніка Дзмітрыя Уса.

Каля тысячы чалавек толькі з двух выбарчых участкаў (а ўсіх па Кастрычніцкай акрузе Мінска №17 — 9 і адзін спецыяльны) патрабуюць ад Цэнтральнай выбарчай камісіі зрабіць пералік галасоў. Яны абураныя і расчараваныя вынікамі мясцовых выбараў — адкуль узяліся такія неверагодныя лічбы?

Незалежны кандыдат Дзмітрый Ус ужо быў дэпутатам Мінскага гарадскога савета ў 1999 — 2003 гадах. А ў 2003 і 2007‑м яго не зарэгістравалі кандыдатам увогуле.

За сваё вылучэнне на апошніх мясцовых выбарах ён сабраў 5 тысяч подпісаў пры неабходных 150.

Але — пройгрыш! Афіцыйна ён набраў прыблізна 33% (каля 4,5 тысяч) галасоў, на 8% менш за старшыню прафсаюзнай арганізацыі завода «Інтэграл» Галіну Марціновіч.

Апытаныя жыхары акругі па‑ранейшаму добра памятаюць Дзмітрыя Уса, а дэпутатаў з 2003 года нават і не бачылі.

Жанчына: «За колькі гадоў Ус быў адным кандыдатам, якога мы бачылі сваімі вачыма. Ён прыходзіў да людзей на вуліцу, вось сюды, і пытаў, якія праблемы. Ён непажаданы для ўладаў, бо грошы траціў, куды трэба людзям!»

Дзмітрый Ус паказвае сотні подпісаў за пералік. Іх збіраюцца даслаць у Цэнтральны выбарчы камітэт.

Дзмітрый Ус: «Вось аналіз: 24 спецыяльны участак, шпіталь. У пратаколе мне намалявалі 28 подпісаў. Людзі сабралі 33 за перагляд. Выходзіць, у пратаколе меней лічба, чым за перагляд. Вось 90 кватэраў дом — 76 подпісаў за пералік. Па іншых дамах падобная сітуацыя».

Давераная асоба Дзмітрыя Уса Яўгенія кажа, што на свае вочы бачыла, як сакратар адной з выбарчых камісій пераклала бюлетэні за Уса ў іншы стос.

Яўгенія: «Яна паўтонам спытала ў жанчыны, якая лічыла галасы, ці гэта бюлетэні за Уса. Яна двойчы прагнай рукой са стоса Уса пераклала ў іншы. Я сваімі вачыма бачыла, падняла скандал там. Мне сказалі, калі я не заткнуся, то міліцыянт выведзе за дзверы».

На тым самым участку былі факты, калі людзі прыходзілі галасаваць, а за іх ужо стаялі подпісы. Апрача таго, асобнага пераліку бюлетэняў з датэрміновым галасаваннем не было, адзначае Яўгенія.

Дзмітрый Ус прыводзіць прыклады з іншых участкаў.

«На ўчастку 20 было 170 бюлетэняў на датэрміновым галасаванні. Вывернулі скрыню — там было мінімум 600‑700. Міша, мая давераная асоба, пачаў фатаграфаваць. Яны паклікалі міліцыянта, сказалі: «будзеш фатаграфаваць — выведзем!».

Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік паведаміў, што такая вялікая колькасць подпісаў выбарцаў за пералік галасоў беспрэцэдэнтная. Але заявы людзей разглядаць не будуць: адведзеныя законам тры дні пасля выбараў прайшлі.

Мікалай Лазавік: «Сёння ў нас 4‑га. Усё — цягнік прайшоў. Хто не паспеў, той спазніўся. Можа ў Дзмітрыя Уса было арганізацыйнае ядро, якое папрацавала, і яно магло арганізаваць такое масавае незадавальненне»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?