12 верасня 2006 г., у дзень успаміну Найсвяцейшага Імя Марыі, у мінскай архікатэдры адзначалася ўрачыстасць тытула касцёла. Урачыстую святую Імшу з гэтай нагоды ў галоўнай святыні архідыяцэзіі цэлебраваў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец. У набажэнстве бралі ўдзел таксама Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоній Дзям’янка, Віцебскі біскуп Уладзіслаў Блін, пробашч архікатэдры дзекан Мінскі кс. Антоній Клімантовіч, святары з мінскіх і навакольных парафій, навучэнцы духоўных семінарый у Пінску і Санкт-Пецярбургу, прадстаўнікі дыпламатычных місій, шматлікія вернікі.

Гамілію прамовіў Віцебскі біскуп Уладзіслаў Блін. У дзень імянінаў Маці Божай ён нагадаў прысутным пра тое, што Марыя з’яўляецца Маці кожнага чалаваека, і як любячая Матуля прымае ўсіх з вялікаю любоўю. Як заўсёды вельмі непасрэдны і поўны радасці, Віцебскі біскуп у пэўны момант зняў сваю біскупскую шапачку і ўсклаў яе на галаву хлопчыку-міністранту, жадаючы гэтым паказаць, што ўскладае на дзяцей вялікія надзеі, бо яны - заўтрашні дзень Касцёла на Беларусі, а таксама яго будучыя кіраўнікі.

Напрыканцы набажэнства біскуп Казімір Велікаселец асвяціў абраз Езуса Міласэрнага, напісаны маладым таленавітым мастаком з Мінска Паўлам Кандрусевічам. Першаўзор гэтага абраза быў намаляваны ў Вільні ў 30-я гады ХХ ст. вядомым мясцовым мастаком Яўгенам Казіміроўскім са словаў святой Фаўстыны Кавальскай і асвечаны ў Вострай Браме ў 1935 г., калі ўпершыню ў першую нядзелю пасля Вялікадня адзначалася свята Божай Міласэрнасці. Цяпер абраз Езуса Міласэрнага будзе і ў мінскай архікатэдры. Ён змешчаны з левага боку ад алтара, і каля яго, просячы Божай Міласэрнасці, можа памаліцца кожны вернік.

На заканчэнне св. Імшы Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоній Дзям’янка падзякаваў усім прысутным за ўдзел, а таксама распавёў пра перспектывы развіцця Мінска-Магілёўскага лакальнага Касцёла, звярнуўшы пры гэтым асаблівую ўвагу на неабходнасць новых пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця.

фота з сайту www.catholic.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?