24 чэрвеня ў ваенным гарадку «Уручча» у Мінску ўведзеныя ў эксплуатацыю два 111‑кватэрныя службовых жылыя дамы для супрацоўнікаў АМАПа.

Яны пабудаваныя ААТ «МАПІД» крыху больш чым за год непасрэдна на тэрыторыі базы палка.

У цырымоніі прынялі ўдзел міністр унутраных справаў Анатоль Куляшоў, начальнік менскай міліцыі Леанід Фармагей, старшыня Мінскага гарадскога савета дэпутатаў Міхаіл Савановіч, кіраўнікі адміністрацыі Першамайскага раёна сталіцы, будаўнічай кампаніі, будучыя жыхары.

Звяртаючыся да прысутных, міністр заявіў, што дзяржава робіць усё, што ад яе залежыць, каб міліцыя ні ў чым не мела патрэбы.

Па словах намесніка камандзіра АМАПа Аляксандра Кашталанава, у эксплуатацыю здадзеныя 222 кватэры, з якіх на кожным паверсе па дзве двухпакаёвыя, па адной аднапакаёвай і адной трохпакаёвай кватэры. У дамы заселеныя, дадаў ён, 208 супрацоўнікаў палка, а таксама міліцыянты іншых падраздзяленняў, якія супрацоўнічаюць з АМАПам.

«На сённяшні дзень ужо 85% асабістага складу палка забяспечаныя жыллём, — дадаў Кашталанаў. — У бліжэйшы час тут жа мяркуецца будаўніцтва яшчэ двух жылых дамоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?