У час, калі ўся беларуская зьверына, птаства і людзтва, стуліўшыся, чакаюць цяпла, у прадонных глыбінях, лябірынтах карчоў, таемных норах пачынаецца рух. Гэта абуджаюцца ментузы. Якраз цяпер у гэтае рыбіны — шлюбныя гулі. Сьцюжа ёй у смак: кроў іграе, калі паветра над вадою не праграецца больш за +5. Калі на паверхні +10, на ментузоў нападае мляўка. А поўная абыякавасьць да жыцьця надыходзіць пры +15: узьнікае неадольнае жаданьне залегчы пад корч і даць храпака.

Мянтуз — адзіны ў нашых шыротах сваяк марское траскі, цераз што мае павялічаную (хоць і цалкам здаровую) пячонку. Вельмі спажыўную, дарэчы. Расьці гэты донны жыхар можа да неверагодных памераў. Бывае, пачуеш гісторыю пра ментуза, якога шчасьлівы рыбак, за жабры трымаючы, нёс на плячы, а хвост рыбіны па зямлі цягнуўся.

Кажуць, мянтуз ня мае костак. Удакладнім: лішніх ня мае. Адзін хрыбет. Іначай у донных барыкадах ня выжывеш. Селіцца гэтая дужая і плястычная рыбіна аднаасобна — у тапляках, пад берагамі, у быках мастоў, дзе найхаладнейшая вада. Як сапраўдны партызан, мянтуз камуфлюецца пад любое дно: на глеі ды тарфяніках ён чорны, на пясочку — жоўты ці леапардава-плямісты. У дадатак да такой вопраткі гэты фарсун мае вусы і мушкетэрскую бараду.

Калгасу мянтуз ня любіць. Харч здабывае сам-адзін. Паляваць выходзіць уначы — па халадку. І тады не трапляйся, жаба, у яго на дарозе.

Рэкорд марозу пабіты

Абсалютныя мінімумы тэмпэратураў зафіксаваны былі ў Менску 19 студзеня і ўначы з 19 на 20 студзеня. У чацьвер быў перасягнуты абсалютны мінімум дзённай тэмпэратуры: слупок тэрмомэтру не падняўся вышэй ад 22,6 градуса марозу. Дагэтуль рэкорд быў мінус 17,2 градуса (у 1969 годзе). А ўначы ў сталіцы пахаладнела да 28,6 градуса. Самая нізкая тэмпэратура ўначы на 20 студзеня раней была зафіксавана ў 1907 годзе (28 градусаў). Такім чынам, рэкорд быў пабіты праз 99 год. Агулам па краіне найхаладней было мінулай ноччу ў Езярышчы (Віцебская вобласьць) — 31,2 градуса марозу. Абсалютны ж мінімум студзеня для Менску — 39,1 градуса марозу (1940).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0