У бліжэйшы час у Менску адбудзецца сустрэча амбасадараў краінаў Еўразьвязу ў Беларусі з моладзевымі актывістамі, якія падвяргаліся альбо падвяргаюцца рэпрэсіям з боку ўлады. Сустрэча будзе першай з шэрагу заплянаваных акцый, мэта якіх – зьвярнуць увагу міжнароднай супольнасці да праблемы палітзьняволеных у Беларусі.

Прынцыповая дамова аб гэтым была дасягнута сёньня падчас размовы лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандара Мілінкевіча й каардынатара кампаніі «За свабоду Дашкевічу й Красоўскаму» Сержука Лісічонка зь кіраўнікамі дыпламатычных місій краін Еўразьвязу, акрэдытаваных у Беларусі. На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі дыпламатычных місій Нямеччыны, Швецыі, Вялікай Брытаніі, Францыі, Італіі, Летувы, Польшчы, Латвіі, Чэхіі, Славакіі, Славеніі, Баўгарыі й Румыніі.

Аляксандар Мілінкевіч зьвярнуў увагу дыпляматаў на тое, што адметнасьцю новай хвалі рэпрэсій зьяўляецца іх відавочная ськіраванасць на моладзь, якая ўзяла актыўны ўдзел у падзеях прэзыдэнцкай кампаніі-2006. «Аднак, палітычна актыўная моладзь ня згодна чакаць пакуль рэжым перасаджае ўсіх,» - адзначыў у размове з дыпляматамі Аляксандар Мілінкевіч. Моладзевыя арганізацыі распачалі шырокую прэвентыўную грамадзянскую кампанію з мэтай спыніць нарастаючы крымінальны перасьлед маладых актывістаў з боку ўлады, паведаміла прэс-служба экс-кандыдата ў прэзыдэнты.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?