Ён запатрабаваў бясплатных паставак узбраенняў і абмеркавання плана з кіраўніцтвам Расіі.

Рашэнне аб прымяненні рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) Беларусі і Расіі павінна прымацца на ўзроўні вышэйшай дзяржрады саюзнай дзяржавы. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка 22 лістапада, заслухоўваючы даклад аб новым Плане прымянення РГВ(С). Падпісваць яго ў працоўным парадку ён адмовіўся.

«Ніякія дакументы ў працоўным парадку я падпісваць не буду. Так і перадайце міністру абароны і прэзідэнту Расіі, — цытуе Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Ёсць ВДР, вось ён збярэцца — мы разгледзім гэты план. А сёння вы павінны мяне праінфармаваць. Я ведаю, што мой расійскі калега разглядаў гэты план, яны згадзіліся з ім. Цяпер мы яго разгледзім, а на найбліжэйшым пасяджэнні ВДР зацвердзім. Гэта будзе правільна. Хаваць нам тут няма чаго, мы адкрытыя для міру. Думаю, Расія таксама не збіраецца штосьці хаваць».

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Расія павінна дапамагаць Беларусі ў арганізацыі бяспекі. «Мы, канешне, будзем выконваць свае функцыі, але мы іх можам выконваць толькі пры падтрымцы Расіі, ну хаця б узбраеннем, — сказаў прэзідэнт. —

Гэта не падыход, калі нам часам прапаноўваюць купляць узбраенне за свой кошт, ды яшчэ па рыначнай, як яны ўмеюць гаварыць, цане».

Нагадаем, рэгіянальная групоўка войскаў узброеных сіл Беларусі і Расіі была створаная ў 1999–2000 гадах. Яна закліканая арганізоўваць ваенную бяспеку Беларусі і сумежных з ёй абласцей Расіі, а таксама Калінінградскай вобласці і акваторыі Балтыйскага мора. Колькасць групоўкі складае каля 300 тысяч ваеннаслужачых.

У пагадненні паміж Беларуссю і Расіяй аб сумеснай арганізацыі рэгіянальнай бяспекі ў ваеннай сферы, якое набыло моц у маі 1999 года, «рэгіянальная групоўка войскаў (сіл)» вызначаная як «размешчаныя ў мірны час або разгорнутыя ў пагражальны перыяд у рэгіёне для адбіцца магчымай агрэсіі органы кіравання і войскі (сілы) Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі, а таксама іншыя вайсковыя фармаванні бакоў, спланаваныя да прымянення па адзінай задуме і плану».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?