Як інжынэр-геоляг са спэцыялізацыяй «Разьведка карысных выкапняў», пасьля пяці месяцаў, праведзеных на палявых работах у Малым Сітне, магу з усёй адказнасьцю заявіць: беларускія нетры багатыя ня толькі на соль, торф і будаўнічыя матэрыялы, але й на чорныя ды каляровыя мэталы. Запасы прамысловыя, па ўсёй Беларусі вымяраюцца ў мільёнах тон пры 100% зьмесьціве карыснага кампанэнту й глыбіні заляганьня да 1,5 м. Медзь, алюмінь, сплавы залягаюць у выглядзе жылаў правільнае формы, да 15 мм у дыямэтры, даўжынёй да некалькіх кілямэтраў, і пры гэтым нават абгорнутыя ізаляцыйнай абалонкай. Жалеза проста знаходзіцца на паверхні зямлі... У раёне вёскі Малое Сітна здабыча вядзецца мясцовым насельніцтвам саматужна, і дзясяткі тон мэталу штомесяц кантрабандным чынам перапраўляюць за мяжу. «Мэталашукальнікі» ў Малым Сітне й Алёшчы выкопваюць электрычную праводку гаспадаркі наваполацкага «Вымяральніка» і сыстэмаў энэргазабесьпячэньня Але на Полаччыне ёсьць і багацейшыя радовішчы — закінутыя ракетныя шахты й вайсковыя гарадкі. Ёсьць залатаносныя сьметнікі «Нафтану», «Паліміру», «Шкловалакна» й таго ж «Вымяральніка». А Віцебск, Менск, думаеце, бяднейшыя?..

Колькі мільярдаў даляраў можа атрымаць беларускі бюджэт пры сусьветных коштах на мэтал і мінімуме затратаў на здабычу — задачка для навучэнца маласіценскай сярэдняй школы. Пакуль жа грошы ідуць у кішэні нелегальных перакупшчыкаў ды пасярэднікаў у Расеі й Эўропе.

Пытаюся ў тутэйшых здабытчыкаў, якія штодня дастаюць з палутарамэтровае глыбіні па колькідзесят кіляграмаў медзі й дзюралю, ці ня цяжка капаць. «Капаюць дурні, — адказваюць, — мы трактарам ці аўтакранам цягнем».

Відовішча ўражвае. Траншэі, як на лініі фронту. Вогнішчы, дзе паляць кабэль, пазбаўляючыся ад ізаляцыйнае абалонкі... Кіляграм алюміневага кабэлю — 800 рублёў у Сітне і 1600 у Полацку; сьвінец — па 1800, медзь — 3000... Самы дарагі кабэль — у пяць жылаў. За дзень здабываюць да 100 кг — выходзіць больш за месячны заробак на эстакадзе.

У 2002 годзе на чарнобыльскай усходняй Магілёўшчыне — у Краснапольлі, Касьцюковічах, Чавусах — я чуў, што адзіны спосаб выжыць — займацца мэталам. Няўжо ўся Беларусь за апошнія гады паціху ператвараецца ў адну вялізную зону?

Індустрыя СССР і імпэрскі мілітарызм, угрохаўшы ў «заходні пляцдарм» мільярды тон непатрэбнага мэталу, ператварылі Беларусь у суцэльную табліцу Мендзялеева. Капаць тут пачалі ўжо ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя, і дагэтуль выкапалі толькі тое, што на паверхні. А мы купляем у Расеі, Украіны, Польшчы медзь, цынк, сьвінец, алюмінь, літаральна рассыпаныя ў нас вакол усіх прамысловых цэнтраў! Мэталёвую сетку, якой імпэрыя абматала краіну, у новай Беларусі трэба будзе дастаць з-пад зямлі, пераплавіць на арала. Эканамічная выгада ў дзясяткі разоў перавысіць затраты. Мы маем Дрэтуньскага палігону. усе шанцы паўтарыць посьпех Эстоніі, якая ў пачатку 1990-х на зайздрасьць эканамічным гігантам, ня маючы ўласных радовішчаў медзі, цынку, нікелю, зрабілася вядучым экспартэрам каляровых мэталаў у Эўропе. Проста эстонцы выкопвалі савецкае й перапрадавалі эсэнгоўскае...

А пакуль паспаліты люд, які пабіраецца на сьметніках ды закінутых даўгабудах, цудоўна ілюструе навінныя сюжэты БТ і АНТ пра такую стабільна моцную і квітнеючую РБ. Праўда, у адрозьненьне ад героя Стругацкіх, яны мараць не пра шчасьце для чалавецтва, а пра дадатак да сямейнага бюджэту ці пра апахмелу.

Можа, яшчэ 5 гадоў працаздольныя беларускія мужчыны будуць прамысьляць незаконнай здабычай і перапродажам лому? Рыцца ў адкідах саўка, аглядваючыся, каб не заўважыла начальства, каб не злавіў участковы? Прапіваць здабытае?..

А можа, пара ўжо з мэталам у голасе сказаць: хопіць!

Можа, пара адкопваць з завалаў хатняе старызны, архіваў ды сховаў дзяржаўныя сьцягі ўзору 1991—1995 гадоў, высякаць для іх у беларускім лесе тронкі; нарэшце, выцягваць з калекцыяў ды прышчэпліваць на грудзі медныя, латунныя, алюміневыя значкі з «Пагоняй» — і проста ісьці перамагаць?!

Малое Сітна

Павал Севярынец — у 1998—2004 лідэр незарэгістра-ванага «Маладога фронту». Асуджаны за арганізацыю акцыяў пратэсту пасьля рэфэрэндуму 2004 году. Высланы на поўнач Полаччыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0