Справа Казуліна

22 лістапада да галадоўкі салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным далучыліся Тацяна Ваніна, лідэр АГП Анатоль Лябедзька і намесьнік старшыні БСДП(Г) Анатоль Ляўковіч.

19 лістапада

Актывіст Саюзу палякаў у Беларусі Станіслаў Пачобут трапіў з-за кратаў у шпіталь на абсьледаваньне. 23 лістапада яго вярнулі ў турму – адбываць 2 сутак арышту.

21 лістапада

Дырэкцыя гомельскага аўтобуснага парку № 1 паведаміла, што з 1 сьнежня не падаўжае кантракту з актывістамі прафсаюзу РЭП Андрэем Баранавым, Іванам Маскаленкам і Аляксандрам Купцовым.

Берасьцейскі абласны суд другі раз за паўгодзьдзе адмяніў рашэньне суду гораду Пінску і Пінскага раёну па накладаньні штрафу на актывіста ПБНФ Аляксандра Аўсеенку, абвінавачанага ў правозе незадэкляраванага тавару – налепак і выбарчых улётак. Абодва суды ладзіліся без удзелу абвінавачанага.

Берасьцейскі абласны суд адхіліў скаргу абласной ДАІ на Юрася Губарэвіча: 17 сакавіка аўтамабіль актывіста ПБНФ затрымалі на станцыі тэхагляду.

22 лістапада

У Барысаве падчас збору подпісаў пад Пасланьнем Свабоды затрыманы праваабаронца Алесь Абрамовіч. 25 лістапада яго затрымалі падчас візыту сваякоў і палітактывістаў да калёніі «Віцьба-3», дзе трымаюць А.Казуліна. 27 лістапада А.Абрамовіча асудзілі на 15 сутак за арганізацыю несанкцыяванага масавага мерапрыемства.

Стала вядома, што ў гарадзенскіх унівэрсытэтах блякуецца доступ да шэрагу Інтэрнэт-сайтаў, у прыватнасьці – да гарадзкога форуму forum.grodno.net і Livejournal.

Прыйшлі зьвесткі пра звальненьні з палітычных прычынаў пакавальшчыка ААТ «Скарыніна» Максіма Плешчыка і Максіма Залескага зь фірмы «Плянэта гульняў». Сьлесара Менскага аўтазаводу Аляксандра Дульчыка начальства папярэдзіла, каб не балятаваўся ў дэпутаты, прыгразіўшы звальненьнем. Студэнту БДУІР Сяргею К. прыгразілі адлічэньнем, калі ня спыніць збор подпісаў.

У Менску падчас збору подпісаў затрымалі Лідзію Сітаву, якая раздавала менчукам газэту «Глоток воздуха».

Адзін з стваральнікаў палітычных флэш-мультоў Павал Марозаў папрасіў палітычнага прытулку ў Эстоніі.

Камітэт ААН у правах чалавека прызнаў незаконнасьць ліквідацыі ГА «Грамадзянскія ініцыятывы», забавязаў беларускія ўлады аднавіць аб’яднаньне й выплаціць яму кампэнсацыю.

23 лістапада

На допыт у справе «перавозкі наркотыкаў» выклікалі актывістку Саюзу палякаў у Беларусі Тэрэсу Селівончык.

Міліцыя Партызанскага раёну Менску адмовілася распачаць крымінальную справу з нагоды апаганьваньня будынку Ізраільскага інфармацыйна-культурнага цэнтру, бо не заўважыла ў гэтым распальваньня міжнацыянальнай варожасьці (на будынку была намаляваная свастыкі й надпісы па-расейску «Бі жыдоў!»).

Падчас расклейкі налепак у Менску затрымалі моладзевых актывістаў Аляксея Шыдлоўскага і Васіля Жакава.

У Горках з працы ў газэце «Региональные ведомости» звольнілі журналіста Эдуарда Брокарава.

На Віцебшчыне затрымалі аўтамабіль, у якім ехаў Аляксандар Мілінкевіч: міліцыянты заявілі, што падазраюць машыну ў дарожна-транспартным здарэньні зь сьмяротным вынікам.

24 лістапада

У Бабруйску затрымалі моладзевага актывіста Валера Мацкевіча: сьпярша зьвінавацілі ў крадзяжы, потым – у разбойным нападзе. Урэшце склалі пратакол за «распаўсюд друкаваных выданьняў без выходных зьвестак».

Моладзевых актывістаў Яраслава Грышчэню й Арцёма Латаеўскага затрымалі ў Баранавічах за тое, што хлопцы вывесілі нацыянальны сьцяг на адным з будынкаў.

26 лістапада

У Віцебску каля помніка Караткевічу падчас юбілейных сьвяткаваньняў затрымалі невядомую дзяўчыну.

Падчас сэмінару па праблемах гендэрнага балянсу ў Магілёве міліцыянты затрымалі прадстаўнікоў швэдзкіх, украінскіх і літоўскіх недзяржаўных арганізацыяў. Кіраўніцы групы, прэзыдэнту швэдзкага культурнага цэнтру Марыі Сўінсэн выпісалі штраф у 10 базавых велічыняў. Перад візытам міліцыянтаў замежнікаў здымала група БТ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?