50 радкоў новага галоўнага рэдактара

«У подлы час няпроста быць няподлым», – піша Генадзь Бураўкін, вечарына якога сабрала на тыдні аншляг у Палацы мастацтваў. Людзі прыйшлі, хоць да апошняга не было пэўнасьці, ці дазволяць імпрэзу. Увогуле, тыдзень мінуў пад знакам дробных подласьцяў: апаганілі лаву Клінтана ў Курапатах; восем разоў спынялі моладзь, што вандравала па мясьцінах Слуцкага паўстаньня ; запэцкалі Мілінкевічу фарбай машыну. Пайшлі сыгналы, што сацыяльным работнікам загадана сачыць за палітычнымі настроямі пэнсіянэраў. Прычына ясная: сацыёлягі дыягнастуюць старэньне рэжыму. Яго пачынаюць падтрымліваць пераважна тыя, «каму жыць добра».

І зь іншага боку, досьвед гарадзенскіх каталікоў, якія шасьцідзённай галадоўкай дабіліся таго, чаго дзесяць гадоў не маглі дамагчыся звычайным шляхам, пацьвердзіў даведзенае ўжо пратэстантамі з «Новага жыцьця», віцебскімі прадпрымальнікамі. Дзяржава любым спосабам унікае публічных канфліктаў з грамадзянамі па-за палітычным полем.

Галадоўкі усё часьцей называюць «апошнім эфэктыўным сродкам» у адстойваньні правоў асобы перад дзяржавай. Дыктатура – гэта сутыкненьне з уладай адзін на адзін, без амартызатараў у выглядзе грамадзкіх арганізацый, судоў, закону ўрэшце. І сьмеласьць асобы будзе стрымліваць дзяржаву, пакуль іх канфлікт мае розгалас. То бок, пакуль існуюць незалежныя СМІ.

Тут хаваецца адказ на пытаньне: ці ня варта, зважаючы на ўціск, немагчымасьць распаўсюджвацца, а часта і друкавацца, ператварыць газэты ў «баявыя лісткі», выходзіць падпольна і займацца контрагітацыяй? Ня варта. «Ня будзем пісаць громка. Будзем спакойне, цьвёрда кідаць усім праўду ў вочы, пастараемся быць цярплівымі і панаваць над сабою: няхай халодны розум моцна трымае ў руках гарачае сэрца». Крэда, прагалошанае заснавальнікамі «Нашай Нівы» сто гадоў таму, актуальнае дагэтуль. Актуальным застаўся і іх заклік да чытачоў: падтрымлівайце нас! Работа працягваецца.

Андрэй Скурко

?

Да ўвагі чытачоў

З 1 сьнежня галоўным рэдактарам газэты «Наша Ніва» стаў Андрэй Скурко. А.Скурко нарадзіўся ў 1978 у мястэчку Крывічы на Мядзельшчыне. Ён скончыў беларускую філялёгію БДУ. Аўтар «Нашай Нівы» ад 1998, ад 2000-га – намесьнік галоўнага рэдактара. У 2006 г. быў абраны намесьнікам старшыні Беларускага ПЭН-Цэнтру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0