Ад новага году спыняе самастойны выхад газэта «Голас Радзімы» -- дзяржаўнае беларускае выданьне, разьлічанае на чытача, які жыве па-за межамі Беларусі.

Ад 1 студзеня «Голас Радзімы» разам з газэтай «The Minsk Times» і часопісам «Belarus» створаць мэдыя‑холдынг пры рэдакцыі газэты «Беларусь сегодня». Апошнімі гадамі «Голас Радзімы» было стратным выданьнем, якое не працавала сабе на карысьць. Наклад газэты імкліва падаў. Менавіта з гэтай прычыны і было вырашына стварыць холдынг.

Ня так даўно «Голас Радзімы» з прычыны адсутнасьці сродкаў скасаваў бясплатную рассылку газэты за мяжу. Замест ранейшых 16 старонак «Голас Радзімы» будзе выходзіць на 4, як дадатак да «The Minsk Times».

З газэты сыходзіць большасьць журналістаў. Таксама ў выданьні мае зьмяніцца галоўны рэдактар, замест Натальлі Салук, якая была рэдактаркай восем гадоў, прыходзіць Кацярына Немагай.

Газэта «Голас Радзімы» была заснаваная ў 1955 г., і да студзеня 1960 г. называлася «За вяртаньне на радзіму». Яна ўваходзіла ў агульнасавецкі «холдынг», які кантраляваўся Масквой. Маскоўскі аналяг зваўся «Голос Родины».

Менскае выданьне было разьлічанае на беларускіх эмігрантаў, што сымпатызавалі саветам, ды шчодра мазала брудам нацыянальна сьведамую эміграцыю. Пры газэце была заснавана «Бібліятэчка «Голасу Радзімы». Пералік назваў кніг, выпушчаных у ёй, гаворыць сам за сябе: «Жывія прывіды», «Восем год у нацыяналістычным балоце». Пасьля гартаваньня падшывак за 1955—1990 гг. і прачытаньня такіх кніжак узьнікала вострае жаданьне старанна памыць рукі. З 1991 г. газэта выправілася. Але апошнія гады больш увагі надавала суайчыньнікам, што жывуць у краінах былога СССР, стараючыся не пісаць пра дэмакратычна настроеных эмігрантаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?