Лідары апазіцыйных партый і рухаў маюць намер сабрацца сёння для абмеркавання магчымасці дыялогу з уладамі. Сустрэча плануецца ў другой палове дня ў офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) без удзелу СМІ.

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка на нарадзе педагагічнага актыву ў Мінску прапанаваў «усім людзям цвярозага розуму, якія любяць сваю краіну, да якога б палітычнага лагера яны ні належалі, сесці за круглы стол, паглядзець адзін аднаму ў вочы і рэальна ацаніць, хто чаго варты і што можа зрабіць для эфектыўнага паляпшэння сітуацыі ў краіне». «Хочаце змагацца — калі ласка: змагайцеся ў адкрытай дыскусіі, даказвайце, што маеце рацыю, адстойвайце свой пункт гледжання», — дадаў Лукашэнка.

Як паведаміў старшыня АГП Анатоль Лябедзька, на гэты момант

свой удзел у сустрэчы пацвердзілі прадстаўнікі Партыі БНФ, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», рухаў «За Свабоду» і «Гавары праўду!», аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».
«Мы павінны выпрацаваць сваю пазіцыю паводле заявы Лукашэнкі, а таксама падрыхтаваць план дзеянняў у выпадку развіцця розных сцэнарыяў», — адзначыў лідар АГП.

На думку Лябедзькі, магчымыя як мінімум тры сцэнарыі далейшых дзеянняў улады. «Першы — тое, што мы ўжо праходзілі: спроба шырокага дыялогу, калі незразумела, з кім наогул ён вядзецца і якія пытанні абмяркоўваюцца. Другі — спроба рэанімаваць Грамадска-кансультацыйны савет пры Адміністрацыі прэзідэнта. І трэці — рэальныя перамовы, як гэта ўжо было ў канцы 90-х пры пасрэдніцтве Віка (Ханс-Георг Вік — былы кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЕ ў Мінску)», — лічыць палітык.

Пры гэтым ён заявіў:

перамовы паміж уладай і апазіцыяй не могуць пачацца да таго часу, пакуль застаюцца ў турмах фігуранты крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня.
«Ва ўлады ёсць шанс прыйсці на перамовы моцнай — гэта справа трох хвілін і аднаго подпісу. Вырашэнне пытання палітзняволеных таксама ўзмоцніць пазіцыі Мінска пры перамовах з міжнароднымі структурамі», — падкрэсліў Лябедзька.

Учарашнюю заяву Лукашэнкі лідар АГП пакуль расцэньвае як «зробленую спецыяльна для МВФ». «Ці былі гэта проста словы або рэальная гатоўнасць да дыялогу, мы ўбачым найбліжэйшым часам», — дадаў Анатоль Лябедзька.

На пасяджэнні 29 жніўня Савет дырэктараў МВФ меўся разгледзець заяўку Беларусі на выдзяленне крэдыту ў памеры ад 3,5 да 8 мільярдаў долараў ЗША. Пра вынікі пасяджэння пакуль не паведамляецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?