05.02.2007 / 21:42

У каго замовім мірны атам? Кропкі над "і" 7

Выбар падрадчыка — французы? расейцы?— у значнай ступені будзе сымбалізаваць і геапалітычны выбар Беларусі. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Швайцарцы, аўстрыйцы, швэды вызначалі лёс атамнай энэргетыкі на рэфэрэндумах. У Беларусі, краіне чарнобыльскай бяды, будаваць АЭС вырашылі неяк неўпрыкмет.

Днямі прэм'ер Сідорскі нібы між іншым паведаміў, што прэзыдэнт прыняў такое рашэньне. А сёньня на прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік Акадэміі навук Мясьніковіч зь міністрам энэргетыкі Азярцом абмалявалі дэталі.

Куды ж падзелася любоў высокага кіраўніцтва да плебісцытаў?

Ну, па-першае, ня хочацца ўздымаць шум, бо яшчэ невядома як агукнецца чарнобыльскі сындром. Колькі ні пераконвай, што купім надзейныя рэактары (а не "лайно нейкае", як некалі экспрэсыўна выказаўся галоўны начальнік), усё адно даверу да мірнага атаму ў многіх суайчыньнікаў няма.

Па-другое, такі рэфэрэндум — гэта карты ў рукі апазыцыі. Некалі менавіта "Чарнобыльскія шляхі" зьбіралі найболей удзельнікаў.

Па-трэцяе, час падціскае. Няма калі дыскутаваць. Расея ўзяла за горла з энэрганосьбітамі.

Канешне, Лукашэнка ўжыў гіпэрбалу, назваўшы АЭС нашым выратаваньнем. Праблему энэргазалежнасьці яна вырашыць толькі часткова.

Зараз энэргабалянс краіны складае 34 млн. т умоўнага паліва (доля імпартных энэргарэсурсаў — каля 85%). АЭС магутнасьцю 2 000 мэгаватаў дазволіць выпрацаваць эквівалент 4-4,5 млн. т умоўнага паліва.

Францускі рэактар болей надзейны, чым расейскі, праўда і каштуе у паўтара разы даражэй. Нядаўна французы выйгралі тэндэр на будаўніцтва АЭС у Фінляндыі. Блёк магутнасьцю 1,5 тысячы мэгаватаў будзе каштаваць фінам 3 млрд. эўра.

Аднак жа скупы плоціць двойчы.

Ці будзе ў нас празрысты тэндэр? Дзе гарантыя, што не захочацца "танна і сярдзіта"? (Але ў атамнай энэргетыцы бывае надта "сярдзіта"!)

Акрамя таго, калі выберуць расейскі праект, дык толькі ўзмоцніцца залежнасьць ад тамтэйшых "энэргетычных імпэрыялістаў".

Дарэчы, выбар падрадчыка — заходняга ці расейскага — у значнай ступені будзе сымбалізаваць і геапалітычны выбар Беларусі.

Замова ў французаў — гэта прагматычны масток на Захад. Крэдыты, кантакты, пашырэньне зоны даверу і г.д.

Але відно: мучыць экзыстэнцыяльны страх трапіць у лапы праклятых буржуінаў.

Ёсьць прадчуваньне: Менск, бадай, і тут прывяжа сябе да імпэрыі.

Тэма АЭС — здавалася б, проста падарунак для апазыцыі. Але... Столькі гадоў ладзілі "Чарнобыльскія шляхі", а тут — як мову адняло.

Гаворка не пра тое, каб галёкаць "ганьба!".

Дзе канцэптуальная альтэрнатыва?

Апанэнты ўлады, лічы, выпалі з кантэксту гэтага найактуальнейшага для краіны пытаньня.

Між тым непалітызаваныя адмыслоўцы выказваюць моцныя контараргумэнты.

Яны кажуць, што ядравае паліва будзе імкліва даражэць. І калі сёньня электраэнэргія, выпрацаваная на АЭС, таньнейшая, дык празь лічаныя гады можа стаць вялікай раскошай.

Але самае галоўнае вось у чым. У нас на адзінку ВУП траціцца энэргіі ў 3-5 разоў болей, чым у перадавых краінах. І нашыя дзяржаўныя стратэгі, здаецца, зьбіраюцца давеку сілкаваць ёю ад пуза монстраў сацыялістычнай індустрыі.

А можа, выйсьце у тым, каб, перайшоўшы на высокія тэхналёгіі, рэзка скараціць спажываньне энэргарэсурсаў?

І нарэшце, колькі ні пішы дырэктываў пра эканомію і ашчаднасьць, карысьці будзе зь вераб'ёву дзюбу, пакуль у вытворчай сфэры не запануе гаспадар, уласьнік.

Прыватнік жа наладзіць энэргазьбэражэньне без аніякіх дырэктываў. Бо гэта ягоная капейка.

Так што і тут праблема ўпіраецца ў рэформы.

І зноў узьнікае сакрамэнтальнае пытаньне: наколькі гатовае да іх айчыннае кіраўніцтва?

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

0
патрыёт / Адказаць
05.02.2007 / 22:35
Усё так і ёсць, " і тут праблема ўпіраецца ў рэформы".
0
Ігар / Адказаць
05.02.2007 / 23:26
У другой дэкадзе сьнежня дэлегацыя нашых энэргетыкаў была ў Францыі. Актыўна езьдзіла па краіны, вяла перамовы з францускімі атамшчыкамі. Таму францускі варыянт, прынамсі, уважліва вывучаецца. Перавага францускага варыянту для ўлады - акрамя бясьпекі - яшчэ і ў тым, што францускі ўрад вельмі ўважлівы для інтарэсаў вялікага бізнэсу. Дзеля падтрымкі сваіх найбуйнейшых карпарацыяў (а атамная "Арэва" тут у першым шэрагу прыярытэтаў) французы гатовы на палітычныя саступкі. Таму цяперашняя ўлада можа выгандляваць у пакеце з пакупкай рэактару яшчэ і больш ляяльнае стаўленьне Францыі да Беларусі ў эўрапейскіх і міжнародных структурах.
0
pan Brudas / Адказаць
06.02.2007 / 01:47
Нешта я тут не разумею... Уран таксама будзем у Францыі пакупаць, ці ў Расеі "па рынкавых цэнах"? Калі на ўсходзе, дык чым гэты варыянт ад газавага адрозьніваецца? Закапаем ці аддамо Францыі закапаць 3 міліярды, а потым будзем за уран плаціць столькі, колькі скажуць маскальскія браты? Ды за гэтыя грошы ў выглядзе лапувак можна купіць не толькі станоўчыя адносіны заходніх прадстаўнікоў (а не толькі хранцузаў), але і цукерак з чупа-чупсамі для студэнтаў і пенсіянераў - год будуць з забітым ротам маўчаць...
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру