Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што адмовай ад прапановаў аб’яднанай Еўропы Аляксандр Лукашэнка ставіць Беларусь на мяжу самаізаляцыі, а беларускі народ выракае на перспектыву збяднення. Пра гэта лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў заявіў 6 лютага ў інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву «Reuter».

‑Упэўнены, што ўлада да канца яшчэ не адчула ўсёй небяспекі, якая пагражае ў сённяшняй сітуацыі беларускай эканоміцы. Яна думае, што існуючая камандная сістема кіравання эканомікай яшчэ мае рэзервы і рэсурсы. Гэта памылка, якая будзе дорага каштаваць беларусам. Пытанне ў тым, на якія крокі ўлада сёння гатовая пайсці, каб выправіць сітуацыю. Я не хачу, каб у краіне здарыўся абвал эканомікі. Я катэгарычна супраць эканамічных санкцый у дачыненні Беларусі, — сказаў Аляксандр Мілінкевіч у інтэрв’ю.

Аляксандр Мілінкевіч заявіў таксама аб гатоўнасці пачаць дыялог з уладай і садзейнічаць у нармалізацыі эканамічных і палітычных кантактаў Беларусі і Еўрапейскага саюза:

‑ Калі б улада пачала рэформы, я гатовы аказаць дапамогу ў прыцягненні ў Беларусь еўрапейскіх рэсурсаў. Калі ўлада пачне выконваць пэўныя ўмовы, як Еўропа, так і мы, дэмакратычныя сілы, адкрытыя да супрацоўніцтва. Я гатовы да сумесных, узгодненых дзеянняў, але режым павінен пачаць вызваляць палітычных зняволеных, даць свабоду прэсе, партыям і грамадскім арганізацыям. Пасля выканання гэтых умоваў, я першы выступлю за аднаўленне эканамічных і палітычных кантактаў Еўропы з Беларуссю, — сказаў Аляксандр Мілінкевіч у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву «Reuter».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?