На Астравеччыне, акрамя таго засценка Рудзішкі, што я ведаю і дзе бываю частым госцем у краязнаўцы і мастака Стафана Казлоўскага, ёсць яшчэ адзін. Цікавы сваей непаўторнай гісторыяй і хараством наваколля: грувасткім дубам, шэрымі валунамі і прыдарожным крыжам. Але лёс яму наканаваны нядоўгі. Апошні жыхар засценка, Ігнат Бразевіч, даўно ўжо з’ехаў са сваёй хаты да сваякоў, а апусцелыя падворкі ў любы час пад каўшом экскаватара сыдуць пад зямлю.

Падворак Ігната Бразевіча. На дзвярах стаіць крыж як знак таго, што хата нежылая і ідзе пад знос.

Падворак Ігната Бразевіча. На дзвярах стаіць крыж як знак таго, што хата нежылая і ідзе пад знос.

Нібы сярэднявечным валам агароджвае яго новапабудаваная чыгуначная ветка ад месца будаўніцтва Астравецкай атамнай элекстрастанцыі. Паводле праекта будаўніцтва, у пэўным радыусе ад станцыі павінны быць пазразаныя ўсе дрэвы і кусты, знішчаныя апусцелыя хаты. Безумоўна, людзі атрымаюць кампенсацыю і, магчыма, застануцца задаволеныя, але штосьці знікне назаўсёды і незваротна.

Верагодна, шаноўны чытач задасца пытаннем, што цікавага ў тых старых, нікому не патрэбных хатах? Падчас такія пытанні ўзнікалі і ў мяне, пакуль туды не трапіў. Але тое, што я пабачыў, проста здзівіла.

Пра дзясяткі драўляных вырабаў, якім пазайздросціў бы любы раённы музей, гаварыць не даводзіцца. Там гэтае багацце параскіданае па падворках. Відаць, тут хтосьці не раз корпаўся ў сціплых рэчах гаспадароў, шукаючы «польскае золата». Для такіх людзей праца чалавечых рук нічога не значыць, і сапраўдныя скарбы яны не здольныя ўбачыць, нават калі тыя знаходзяцца на сценах.

Гаворка тут пойдзе пра традыцыйныя насценныя дываны, якімі беларусы ўпрыгожвалі сцены сваіх пакояў. Мясцовы краязнаўца Алесь Юркойць сцвярджае, што ў гэтых ваколіцах яму вельмі часта трапляліся такія дываны, але ён ніяк не мог даведацца, хто іх вырабляе. Адказ на гэтае пытанне мы знайшлі ў адной з хат, сцены якой былі размаляваныя прыгожымі жанчынамі, рамантычнымі сустрэчамі, буйнымі кветкамі і экзатычнамі жывёламі. Пярэстыя фарбы з цягам часу страцілі сваю прывабнасць, але па-ранейшаму зачароўвалі.

Аўтарам гэтых работ, калі меркаваць па тэматыцы і стылістыцы, хутчэй за ўсё была мясцовая жанчына. Яе працы падобныя па стылістыцы да твораў Алены Кіш — генія беларускага інсітнага мастацтва, дываны якой паспелі сабраць Міхась Раманюк і мастакі ягонага кола.

Прыкра, што няма ў каго распытаць пра яе, безыменнага народнага майстра з Астравеччыны. Да таго ж, роспіс на сценах зроблены на гіпсакардоне, што шчыльна прыбіты да брусоў. Магчымасці пераносу насценных карцін няма. І са зносам дома сыдуць у нябыт працы яго гаспадыні.

Апошні здымак, што я зрабіў у Рудзішках, атрымаўся, як мне падаецца, вельмі сімвалічным: пустая хата, абразок, святло і цені, трывожныя позіркі. У чаканні непазбежнага засценак дажывае апошнія дні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?