02.06.2012 / 09:09

Дру...карнікі, альбо Заўтрашняя газета 4

Сёння дзяржаўныя газеты спрэс учорашнія. Піша Сяргей Ваганаў.

Днямі малады калега з жалем паскардзіўся, што не здолеў напісаць артыкул у газету, бо не працаваў інтэрнэт...

...Кожны раз, калі ў Мінск наведваецца заезджы госць, я, знаёмячы яго з горадам, абавязкова паказваю Дом друку на галоўным праспекце. Не сказаць, каб вылучаўся нейкай асаблівай даўніной (хаця сапраўды можа лічыцца помнікам дзвюх савецкіх эпох), а вось нешта ж прыцягвае да яго, вымушае думаць аб хуткацечнасці, і ў той жа час — аб безупыннасці быцця. Зрэшты, я ведаю што: акно на трэцім паверсе старога будынка побач з пераходам у новы — так просценька пазначаліся яны, пакуль не з’явіўся шматпавярховы Дом прэсы на Багдана Хмяльніцкага... За гэтым акном — амаль 15 гадоў жыцця, якіх толькі і хапіла на тое, каб больш-менш асвоіцца ў журналістыцы...

І вось што самае дзівоснае ад тых гадоў — нараджэнне свежага нумара газеты.
Ад ранішняй, у спрэчках і лаянцы, планёркі; дзённай, у бясконцых тэлефонных трэлях, груку друкарак ды ляскатанні тэлетайпа, мітусні; начнога, да світання, дбання над газетнымі палосамі ды паспешлівай беганіны ў газетны цэх да таго шчаслівага моманту, калі, стомлена ўладкаваўшыся на сядзенні, працягваеш таксісту пахнучую друкарскай фарбай газету: «Вось, заўтрашняя...» — «Заўтрашняя?!»...
Ад тых часоў многае, калі не ўсё, змянілася ў газетнай ды друкарскай справе.
Не схіляюцца больш над вярстальнымі сталамі шматвопытныя вярстальнікі, аддаўшы сваю прафесію камп'ютарным геніям вялікіх і малых рэдакцый; не сустрэнеш сёння ў рэдакцыях машыністак, а ў друкарнях — лінатыпістак, з неймавернай хуткасцю набіраючых у метале таленавітыя ды няздарныя тэксты; і нікога не здзівіш ані заўтрашняй, ні, тым больш, сённяшняй газетай — яе ўздзеянне на наша жыццё скурчылася да той кропкі, з якой толькі і магчыма зноўку пачынаць узрастаць...

Але ўзрастаць не выпадае.

Наадварот. Намаганнямі лукашэнкаўскага «першадрукара» Праляскоўскага запланавана праз нейкія холдынгі звесці ўсе дзяржаўныя газеты ў адну, у лепшым выпадку — дзве.
І стварыць усёабдымныя сайты, каб сучасны чытач, якому абрыдла чытаць адно і тое ж у папяровых газетах, адважна кінуўся ў каламутныя хвалі інтэрнэт-прапаганды...

Здавалася б, няма чаго шкадаваць аб знікненні шэрагу аднастайных дзяржаўных газет. Знікла вось «Чырвоная змена». І што?

Але чамусьці шкада.

Не, не таму шкада, што робіцца ці не апошні крок да таго, аб чым без залішняй сарамлівасці выказаўся ў свой час Беніта Мусаліні:

«У таталітарным рэжыме друк з’яўляецца часткай рэжыму і сілай, якая яму служыць...»

Гістарычна марны крок. Вядома, што сталася з Мусаліні і ягонай «сілай»...

Насамрэч шкада таго, што намаганнямі міністэрскіх дру.., прабачце, ...карнікаў робіцца ці не апошні крок да вынішчэння культурнай спадчыны, якой, безумоўна, з’яўляецца беларускі друк, увасоблены, у тым ліку, газетамі савецкага часу. Гаворачы па-сучаснаму, нацыянальнымі брэндамі, напрацаванымі пакаленнямі таленавітых пісьменнікаў і журналістаў.

Так, той друк таксама служыў рэжыму, быў ягонай часткай і сілай. Але і ён жа той рэжым разбураў. Бо калі пахіснулася партыйная моц, першыя гукі ад землятрусу, які набліжаўся, чуліся праз заўтрашнія газеты...

Сёння дзяржаўныя газеты спрэс учорашнія. Як і рэжым.
Рэжым, які вельмі занепакоены тым, што патэнцыйна яны здольныя набыць калі-небудзь рысы заўтрашніх. Хай лепш знікнуць, чымсьці пачнуць служыць не рэжыму, а грамадству і людзям. Хаця б так, як падчас мінулай вайны «Савецкая Беларусь» паслужыла жаўнеру Ешчыку, які прасіў майго бацьку, ваеннага журналіста, даслаць «старых газет для смалення...»

Зжаўцелы абрывак з архіва, алоўкам...

Сёння ці не фінская бумага «Саўбеліі» нават на самакрутку не прыдатная. Не гаворачы ўжо пра сайт...

Не, не веру я ў інтэрнэт па-праляскоўску. Усе надзьмутыя нібыта дзяржаўным клопатам размовы пра інтэрнэт — фальшывая спроба перашкодзіць незалежнаму слову і вольнай думцы з дапамогай набіраючых папулярнасць тэхналогій.

Я ўвогуле не веру ў знішчальную для друкаваных газет моц ІТ-тэхналогій.

Бо справа не ў носьбіце слова, а ў тым, што Слова і Друк не могуць жыць паасобку.

Нават калі праз гады ці стагоддзі людзі будуць чытаць ранішнюю газету проста ў паветры, а заўтрашнюю — сілай уяўлення, усё роўна гэта будзе Слова, гэта будзе Друк.

А інтэрнэт, як бачым, здараецца, не працуе...

Глядзець таксама:

Прывітанне ад Булата

Папяровы жаўнер

Страшнае слова

Месца ў гісторыі

Сяргей Ваганаў, kamerton_41@mail.ru

0
І не кажыце.. / Адказаць
02.06.2012 / 10:47
А інтэрнэт, як бачым, здараецца, не працуе... ,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,, Вось лясьнецца электрычнасьць і куды дзенуцца ўсе гэтыя неверагодныя каштоўнасьці - тэксты, выявы, фота? Усё знікне імгненна. Нават пылу не застанецца. Дагэтуль цэлыя скрыні стаяць са зжаўцелай Нашай Нівай - адроджанай, Нашым Словам - рука не падымалася выкідаць, але я не музейшчык жа ж.. Тады было адчуваньне, што іх трэба захоўваць хоць дзеля беларускага тэксту. Нават не верылася, што і праз 20 год будуць выходзіць беларускія кнігі. Дык што ж атрымалася? Рэальнасьць больш аптымістычная пакуль, чым колішнія прагнозы!???
0
andrejka / Адказаць
04.06.2012 / 00:32
"...рука не падымалася выкідаць...", - тая ж фігня...
0
І не кажыце. / Адказаць
04.06.2012 / 18:17
Што вам фігня, Андрэйка? Думку выказаць не можаце?
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру