«Час жанчын» — гісторыі шасці беларусак: сястры былога палітвязня, кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірыны Багданавай, лідара кампаніі «Мы помнім» Ірыны Красоўскай, рэдактара сайта charter97.org Наталлі Радзінай, журналісткі «Новай газеты», жонкі Саннікава Ірыны Халіп, дырэктара Беларускага Свабоднага тэатра Наталлі Каляды, дачкі былога палітвязня Змітра Бандарэнкі Юліі. У спектаклі ёсць толькі адзін мужчына, правобразам якога сталі драматург Мікалай Халезін і былы палітвязень Зміцер Бандарэнка.

Ірына Халіп і Наталля Радзіна былі арыштаваныя ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года, прайшлі праз турму КДБ. Наталля Каляда была затрыманая і вымушаная была бегчы з краіны. Муж Ірыны Красоўскай — бізнэсовец і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі — быў выкрадзены і забіты. Ірына Багданава і Юлія Бандарэнка змагаліся за вызваленне сваіх блізкіх з-за кратаў.

У выніку журналісткам, кандыдату навук, доктару-псіхатэрапеўту, выпускніцы Ягелонскага ўніверсітэта і кіраўнікам Свабоднага тэатра давялося заняцца палітыкай, каб звярнуць увагу еўрапейцаў на лёсы палітвязняў.

Спектакль у адным з вядучых тэатраў Польшчы паставіў кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатра Мікалай Халезін. На аснове п’ес «Пакаленне Джынс» Мікалая Халезіна і «Ім сніліся сны» Наталлі Каляды быў напісаны зусім новы твор. У спектаклі гралі вядомыя польскія акторы Ева Макамаска, Ганна Чэсляк, Марта Алаборска, Малгажата Ліпман, Лідыя Садова, Адам Берджыцкі, Марта Кужак.

На прэм’еру прыехалі ўсе гераіні п’есы, акрамя Ірыны Халіп, якой паводле прысуду забаронена пакідаць тэрыторыю Беларусі,
але ў Варшаву прыехаў яе муж — кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, які нядаўна выйшаў з турмы пасля 1,5 года зняволення, і яе бацькі — Люцына Бяльзацкая і Уладзімір Халіп. У Варшаве Андрэй Саннікаў упершыню пасля вызвалення змог нарэшце сустрэцца са сваёй сястрой — Ірынай Багданавай. Разам з дачкой спектакль глядзеў і Зміцер Бандарэнка, які толькі два месяцы таму выйшаў на волю.

«Час жанчын» глядзеў і дарадца прэзідэнта Польшчы Хенрык Вуец, і дэпутат Еўрапарламента Марэк Мігальскі, які актыўна змагаецца за вызваленне беларускіх палітвязняў.

Спектакль узрушыў гледачоў. Акторкі плакалі на сцэне, расказваючы гісторыі беларускіх жанчын, а людзі плакалі ў зале. Не здолелі стрымаць слёзы і гераіні п’есы. Ірына Багданава, Наталля Радзіна, Юлія Бандарэнка, Наталля Каляда, Ірына Красоўская нібы перажывалі ўсё наноў.

Аўтары і героі спектакля «Час жанчын» падзяліліся з сайтам charter97.org уражаннямі ад прэм’еры:

Мікалай Халезін, рэжысёр, сцэнарыст:

«Гераіні спектакля плакалі, таму што гэта перажывалі. Палякі плакалі, таму што яны гэта зразумелі. Акторкі плакалі, таму што ў іх адбылося тое, да чаго яны ішлі і дзеля чаго прайшлі праз неверагодныя эмацыйныя перажыванні. У іх слёз і смеху цягам усяго пастановачнага працэсу было столькі, што яны сказалі, што такога не адчувалі ніколі. Адбыліся дзве важныя рэчы. Першая — сацыяльная. Гэта калі Беларусь робіцца аб’ектам мастацкага твора, і гэта надае значнасць нашмат большую, чым проста журналісцкія матэрыялы. Гэта шмат у чым вызначае далейшае стаўленне да Беларусі. Другая — чыста творчая. Мне было вельмі важна праверыць, як будуць працаваць механізмы адносін актораў і жывых персанажаў. Гэта вельмі важная тэма ў творчым плане. Акторы падобныя да гераінь. Падчас кастынгу шукаліся супадзенні. Мне ўсё роўна было, якое ў іх партфоліа. Я спецыяльна не глядзеў іх паслужныя спісы. Я размаўляў і даведваўся пра іх жыццё. Пытанне прафесіяналізму было на трэцім месцы, але ў выніку ён якраз і апынуўся на першым пасля таго, як выявілася, што акторкі і гераіні супадаюць у бачанні жыцця і з тым, што закладзена ў п’есе. Цяпер мне цікава, што будзе з п’есай далей. Зараз пройдзе сэт з шасці спектакляў, з восені „Час жанчын“ пачне працаваць у рэпертуары. І я хачу паглядзець, якая будзе рэакцыя публікі».

Наталля Каляда, сцэнарыст:

«Апошнія 16 месяцаў і былі часам жанчын. Частка з іх апынулася ў месцах, дзе не павінныя былі апынуцца нават мужчыны — у турмах, і перажылі тое, што не перажывае большасць насельніцтва планеты ў сваім простым немудрагелістым сямейным жыцці. І ўвогуле тут няма ніякай супярэчнасці, таму што жыццё павіннае быць шчаслівым. Але нельга дазваляць, каб жанчыны траплялі ў турмы, а іх дзяцей спрабавалі аддаць у дзіцячыя дамы. Іншыя жанчыны спрабавалі абараніць сваіх мужчын, якія апынуліся ў гэтых жа турмах. Галасы беларусак прымусілі свет нарэшце зразумець, што наша краіна існуе. Слова „Беларусь“ жаночага роду, і цяпер час жанчын».

Ірына Красоўская, лідар кампаніі «Мы помнім», гераіня п’есы:

«Сёння я плакала не толькі праз свой лёс, але і за ўсіх маіх сяброў, якіх прадставілі ў гэтай п’есе. Ты быццам пражываеш гэта яшчэ раз. Гэта было так балюча, так крыўдна. Руйнуюцца сем’і, лёсы людзей. Людзі не вяртаюцца, людзі сыходзяць з жыцця маладымі і прыгожымі. Памірае каханне. Гэта п’еса і пра страчанае пакаленне, якое расце і не бачыць волі. Усе гэтыя слёзы, якія сёння былі, — пра ўсё гэта. Я плачу аб страчанай радзіме, аб лёсе сваёй краіны».

Уладзімір Халіп, драматург, бацька гераіні п’есы Ірыны Халіп:

«Гэта вельмі цяжка назваць спектаклем. Хутчэй за ўсё гэта нейкі ўспамін пра тое, што здарылася пасля таго снежня з усімі намі. Гэта фактычна частка жыцця. І мне здаецца, што найлепшае, што было ў спектаклі, — гэта тое, што аўтары не пазбягалі вялікіх эмоцый, вялікага напружання, і атрымаўся такі згустак болю, што нават людзі, далёкія ад усяго гэтага, якія, магчыма, нават не ведалі пра гэта, усё гэта адчулі, усё гэта перажылі і панеслі з сабой. А што да формы драматургіі, то ўсё гэта было зроблена вельмі па-майстэрску. Вельмі разумна зрабіў Халезін, што не пайшоў традыцыйным шляхам тэатра Станіслаўскага, а пайшоў шляхам Брэхта. Акторы, якія гралі нашых гераінь, не ператваралі іх жыцці ў свае. Яны не былі Наталляй Радзінай або Ірынай Красоўскай. Яны назіралі збоку, што адбываецца, у іх душах адгукнулася рэха тых падзей, таму атрымаўся такі глыбокі, такі тонкі спектакль на самым высокім узроўні эмоцый, густу і меры, што самае галоўнае, бо лёгка было зваліцца ў надрыўны спектакль, як у нас любяць. Адбыўся вялікі цуд мастацтва».

Андрэй Саннікаў, былы палітвязень, былы кандыдат у прэзідэнты:

«Я не мог глядзець гэта як спектакль, як твор мастацтва, як твор драматургіі, таму што гэта рэальныя гісторыі, якія перажывалі і я, і мая сям’я, і ўсе мае сябры. Я ніколі ў жыцці не перажываў такога адчування. Нядаўняе жыццё апынулася на сцэне. Героі былі і на сцэне, і ў зале. Я нават не магу ацаніць ні п’есу, ні спектакль. Унікальнае адчуванне. Зразумела, што гэта былі гісторыі з нашага жыцця, але ўнікальнасць сённяшняй сітуацыі, што ты не глядач нейкага спектакля паводле нейкай п’есы, а ўдзельнік таго, што цяпер працягваецца. Людзі сядзяць у турмах, гэты кашмар па-ранейшаму адбываецца ў Беларусі. Добра сёння глядзець спектаклі пра часы „Салідарнасці“. Мы прывыклі фільмы глядзець пра вайну. Але пра Беларусь — балюча і цяжка».

Павел Селін, вядоўца расійскага тэлеканала НТВ:

«Халезін — проста нягоднік. Ён засмуціў мяне так, што я нават заплакаў. Я ведаю тры словы па-польску, але ўсе тры гадзіны разумеў, пра што гаворка. Я не вялікі знаўца тэатра, але мне здаецца, што гэта ўнікальны тэатральны выпадак, калі практычна ўсе правобразы галоўных герояў прысутнічалі ў зале. І ўсё пагаршалася тым, што адзін з правобразаў — Ірына Халіп — не магла прыехаць, таму што фактычна пад хатнім арыштам. Усё вельмі востра, жыва і вельмі балюча да гэтага часу…»

Зміцер Бандарэнка, былы палітвязень:

«Безумоўна, гэта жахлівы псіхалагічны эксперымент. Кажу гэта крыху з іроніяй, але гэта праўда. Вельмі шмат рэчаў, якія складалі соль гісторый майго жыцця, маёй сям’і, маіх сяброў у апошнія гады. Глядзець гэта было вельмі складана, таму і на сцэне эмоцыі моцныя, і побач жонка, дачка, родныя Андрэя Саннікава, сябры… Эмоцыі на сцэне і ў зале ўзаемныя. Мне даводзілася кантраляваць пачуцці. На вачах былі слёзы. У гэтым плане гэта ўнікальны спектакль. Я адчуваў, што польскія гледачы вельмі добра ўяўляюць, пра што гаворка.

На спектаклі прысутнічаў дарадца прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага Хенрык Вуец. Ён сказаў: „Я выдатна разумею гэта, таму што сам адседзеў у ваенны час тры гады“. І яго жонка таксама адседзела некалькі месяцаў. Гэта яшчэ раз даказвае, што Беларусь і Польшча маюць агульную гісторыю, хоць сёння мы незалежныя краіны і знаходзімся ў розных геапалітычных утварэннях. Але наша чалавечая гісторыя — агульная».

Ірына Багданава, сястра Андрэя Саннікава, гераіня п’есы:

«Глядзець спектакль было жахліва цяжка, хоць я разумею польскую вельмі дрэнна. Я не плакала амаль увесь спектакль. Cлёзы падступалі, калі гаварылі гераіні Наталлі Радзінай і Ірыны Халіп, але калі Марта выдала за мяне лямант, які сядзеў ува мне ўвесь гэты час, тут мяне прарвала… Я ёй падзякавала, таму што я гэтага так і не змагла зрабіць. Яна, дарэчы, сказала, што не была ўпэўненая, рабіць ці не. Але я сказала, што нават калі яна ў наступных спектаклях не будзе выдаваць гэты крык, то сёння мне ён быў вельмі патрэбны. Увесь боль, які накапіўся за Андрэя, за ўсю сям’ю, павінен быў выйсці хоць у нечым крыку».

Наталля Радзіна, рэдактар сайта charter97.org:

«Я ведаю, што Мікалай Халезін не казаў акторкам, калі трэба плакаць, граючы нас. Яны самі выбіралі гэтыя месцы. І мяне ўразіла, што Лідыя Садова абрала той момант, калі… круціла хулахуп. Калі я збегла ад КДБ напярэдадні суда, у першыя дні, спрабуючы пазбавіцца страху і супакоіцца, я цэлымі днямі бясконца круціла металічны абруч. Да ранак на целе. І вось у спектаклі Ліда круціць хулахуп і ўспамінае, за што я ненавідзела начальніка турмы — за тое, што ён прымусіў чытаць у яго кабінеце адзіны ліст маці, які прайшоў цэнзуру. Расказвае пра камеру, падобную да труны, у якой цябе быццам пахавалі жыўцом, пра сны ў СІЗА пра Алега Бябеніна, забітага напярэдадні, пра выбар не здраджваць сябрам, таму што не зможаш з гэтым жыць, пра мары, калі хочацца сесці ў цягнік і на досвітку прыехаць у Кобрын. Наталля Каляда і Мікалай Халезін зрабілі неверагоднае. Усе гэтыя моманты ў спектаклі — вынік доўгіх размоваў з усімі намі. Цяжка глядзець нашы гісторыі, але гэта гісторыі сямі беларусаў, а ёсць тысячы зламаных лёсаў, разбураных жыццяў. Час жанчын — не таму, што няма мужчын. Іх шмат — адважных, якія сёння пакутуюць дзеля свабоды Беларусі. Але гэта заклік да дзеяння ўсім астатнім. Абараніце сваіх жанчын, абараніце свае сем’і, абараніце сваю краіну».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?