18.07.2012 / 23:02

Фюле: Мы з вялікім расчараваннем сочым за тым, што цяпер адбываецца з Беларуссю 26

«Мы сочым за тым, што цяпер адбываецца з Беларуссю, з вялікім расчараваннем», — заявіў еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле 18 ліпеня на сустрэчы з групай беларускіх журналістаў у Бруселі.

Адказваючы на пытанне, якой можа быць рэакцыя Еўрасаюза на затрыманне маладзёжных актывістаў у Беларусі і прад’яўленне новага абвінавачання лідару міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Змітру Дашкевічу, Фюле сказаў: «Раней мы выказваліся вельмі ясна, на якіх умовах можа змяніцца супрацоўніцтва ЕС і Беларусі ў пазітыўным кірунку. Гэта — вызваленне палітзняволеных і іх рэабілітацыя, гэта значыць аднаўленне іх грамадзянскіх і палітычных правоў.

Мы таксама ясна сказалі, што калі не будзе ніякіх зрухаў па гэтым пытанні і будзе працягвацца наступленне на дэмакратыю, то міністры замежных спраў (ЕС) гатовы разгледзець дадатковыя меры».

Фюле таксама адзначыў, што Беларусь усё ж з’яўляецца еўрапейскай краінай, «нягледзячы на тое што некаторыя палітыкі дзейнічаюць так, як быццам Беларусь знаходзіцца на іншым кантыненце ці дзесьці далей на ўсход ад Расіі».

Ён падкрэсліў, што ЕС па-ранейшаму зацікаўлены ў Беларусі і яе народзе.
«І гэта самая галоўная прычына таго, чаму Беларусь застаецца ў межах праграмы „Усходняе партнёрства“, але, на жаль, у нас з Беларуссю няма такіх адносін, як з іншымі дзяржавамі — удзельніцамі праграмы, адсутнічае прававая база адносін», — сказаў Фюле.

Еўракамісар нагадаў, што ў Беларусі ёсць абавязацельствы па выкананні правоў і асноўных свабод грамадзян. «І гэта не толькі з нашага пункту гледжання, але і з пункту гледжання большасці міжнародных арганізацый. І Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе свабода слова і сходаў мае зусім іншае значэнне, чым у Еўропе», — адзначыў Фюле. Ён назваў «страшным» той факт, што дзяржава можа забараніць грамадзянам выязджаць за межы краіны ці проста зняць чалавека з цягніка без пастановы суда.

Пры гэтым Фюле падкрэсліў, што Еўрасаюз ні ў якім разе не зацікаўлены ў тым, каб адносіны з Беларуссю «былі абмежаваны санкцыямі, нават калі мы іх называем інтэлігентнымі санкцыямі». Паводле яго слоў, абмежавальныя меры — гэта адна калона ў адносінах з Беларуссю. «Другая калона — гэта тое, што нам дазваляе ўзмацняць кантакты з грамадзянамі Беларусі, з грамадзянскай супольнасцю. І паміж гэтымі дзвюма калонамі павінен быць баланс», — прадоўжыў еўракамісар.

Фюле канстатаваў, што ў Еўрасаюзе няма стомленасці ад беларускага пытання: «Мы не паставілі крыж на Беларусі. Але ёсць стомленасць ад таго, што, нягледзячы на нашы намаганні, развіццё Беларусі ідзе не ў кірунку выканання дэмакратычных прынцыпаў».

Кажучы пра ініцыятыву ЕС «Дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю», Фюле падкрэсліў, што яна вельмі важная для Еўрасаюза. «Дыялог дазваляе нам у кантактах з грамадзянскай супольнасцю і апазіцыяй уявіць поўную карціну таго, што можа быць часткай пазітыўнай еўрапейскай палітыкі, калі Беларусь стане дэмакратычнай краінай, дзе правы чалавека існуюць не толькі на паперы, але і выконваюцца ў рэальнасці», — сказаў ён.

Адказваючы на пытанне аб тым, наколькі змянілася палітыка і стратэгія ЕС у дачыненні да Беларусі, Фюле адзначыў:

«Некалькі гадоў таму, калі мы верылі, што нават пры Лукашэнку можна дэмакратызаваць Беларусь, мы былі заўсёды на крок назад ад таго, што рабілі беларускія прадстаўнікі.
Гэта была палітыка, якая толькі адказвала на пэўныя захады, у нас не было стратэгічнага бачання. Думаю, што цяпер гэта змянілася», — сказаў еўракамісар.

Ён дадаў, што напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў назіраліся пазітыўныя зрухі ў адносінах паміж ЕС і Беларуссю, тады ж быў прапанаваны сумесны прамежкавы план, які ўтрымліваў пэўныя захады Беларусі ў межах руху да дэмакратыі і вызначаў, як Еўрасаюз будзе суправаджаць яе на гэтым шляху. «Першы раз у нас быў канкрэтны стратэгічны план, але ён быў замарожаны пасля 19 снежня», — канстатаваў Фюле і падкрэсліў, што патэнцыял і самыя цікавыя прапановы з гэтага дакумента выкарыстоўваліся пры падрыхтоўцы «Дыялогу аб мадэрнізацыі з Беларуссю».

Фюле выказаў шкадаванне, што ў апошні час беларускія ўлады ўсё часцей заяўляюць пра тое, што не будуць удзельнічаць у праектах ЕС, у распрацоўцы якіх не бралі ўдзелу.

Ён таксама адзначыў, што часам гучыць пытанне аб тым, ці трэба Беларусі рабіць выбар паміж Масквой і Бруселем.
«Думаю, што так пытанне не стаіць. Мы і самі зацікаўлены ў тым, каб нашы партнёры мелі добрыя адносіны з Масквой. І гэты выбар — гэта не выбар паміж Бруселем і Масквой, а выбар таго, якой будзе дзяржава — дэмакратычнай і самастойнай ці недэмакратычнай, дзе ўсё вырашае група людзей, якія ні перад кім не трымаюць справаздачу», — сказаў Фюле.

Ён падкрэсліў, што пры неабходнасці ЕС гатовы пайсці далей у пытанні абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі. «Я не сумняваюся, што калі сітуацыя будзе пагаршацца, то дзяржавы-члены выканаюць тое, што абяцалі (гаворка ідзе пра заявы аб узмацненні санкцый. — БелаПАН.)», — заявіў Фюле

0
Беларусь памірае... / Адказаць
18.07.2012 / 23:30
Страшна, што адбываецца з краінай. Няўжо няма ніводнага чалавека, які ў стане спыніць катастрофу беларускай дзяржаўнасьці? Дзе Вы Беларускія Патрыёты? Можа Вы працуеце ў КДБ альбо МВД? Можа прыйшоў час уратаваць сваю Радзіму ад павольнай і балючай сьмерці? Яшчэ ёсьць час, каб уратаваць Беларусь. Але часу застаецца ўсё меней. Трэба дзейнічаць! Час прыйшоў!
0
321-бах / Адказаць
18.07.2012 / 23:56
Шаноўны спадар Фюле! А чаго вы спадзяваліся па калгасніках пры ўладзе - без гісторыі, без каранёў, без бацькі - толькі гэтага і можна.
0
беларус / Адказаць
19.07.2012 / 10:23
Віншую Вас спадар Фюле, што Вы знялі ружовыя акуляры. Памятайце гэтыя словы на ўсё астатняе сваё жыццё: „Лепей з разумным згубіць, чым з дурням знайсьці!“
Паказаць усе каментары/ 26 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру