03.08.2012 / 12:05

Свінакомплекс Чыжа: Валожыншчына раскалолася 1

Але грамадскія слуханні адбудуцца толькі ў выпадку, калі да 14 жніўня падасць на іх заяву ў райвыканкам.

У НН звярнуўся жыхар Валожыншчыны. «У раённай газеце я пабачыў уведамленне пра магчымасць грамадскіх слуханняў з нагоды будаўніцтва свінакомплекса ў раёне. Інфармацыя пра яго ўзвядзенне выклікала шырокі резананс і неабыякавая многім жыхарам Валожыншчыны. Але не ўсе выпісваюць «раёнку» і могуць не ведаць пра магчымасць арганізаваць слуханні. Прашу Вас змясціць на сайце НН інфармацыю пра гэтыя абмеркаванні!»

Нагадаем, вясной гэтага года ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці СТАА «Данпрад» (уласнасць Юрыя Чыжа), пачало будаваць свінакомплекс агульнай плошчай 2,5 тыс. га на 110 тыс. галоў.

Будоўля закранае вёскі Даўгулеўшчына (з хутарамі), Канюшаўшчына (радзіма экс-прэм'ера Вячаслава Кебіча), Макрычаўшчына, Лайкоўшчына, Сугвазды, Пугачы (радзіма паэта Віктара Шніпа), Ласокіна, Цябуты. Дарэчы, у гэтых мясцінах мае хутар і лідар гурту «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі. За 5 км ад будаўніцтва пачынаецца знакамітая Налібоцкая пушча.

Свінакомплекс плануецца ўзводзіць па дацкай тэхналогіі, якая прадугледжвае санітарную зону ўсяго 1 км, нягледзячы на памеры комплексу. Многія хаты ў вёсках у гэтую зону трапляюць.

Мы звярнуліся да начальніцы аддзела архітэктуры і будаўніцтва Валожынскага раёна Таццяны Чупрыс.

Яна патлумачыла нам, што інфармацыя пра магчымасць грамадскіх слуханняў ёсць на сайце райвыканкама.

Аднак каб слуханні адбыліся, трэба да 14 жніўня даслаць у райвыканкам заяву пра неабходнасць іх правядзенне. Пакуль яшчэ ніхто з жыхароў не звяртаўся з такой просьбай.

Такім чынам, калі каму неабыякавая праблема будаўніцтва свінакомплекса ў Валожынскім раёне, да 14 жніўня трэба даслаць у адміністрацыю раёна заяву адвольнай формы кшталту «Прашу правесці грамадскія слуханні з нагоды будаўніцтва свінакомплекса».

Заяву дасылаць на адрас: 222357, г.Валожын, пл.Свабоды, 2 (Валожынскі раённы выканаўчы камітэт)

Па словах Таццяны Чупрыс, на слуханнях будуць прысутнічаць прадстаўнікі заказчыка, праекціроўшчыка і ТАА «Навукова-вытворчая фірма «Экалогія», якое дало станоўчае экалагічнае заключэнне на будаўніцтва. З тэкстам заключэння можна азнаёміцца на сайце райвыканкама.

У прыватнасці, у ім адзначана:

«Негатыўнае ўздзеянне праектаванай свінафермы СТАА «Данпрод» на 100 000 галоў у год на атмасфернае паветра, павярховыя і падземныя воды, нетры, глебы, жывёльны і раслінны свет, а таксама на чаловека ацэньваецца як прымальнае….Увод вытворчасці ў эксплуатацыю не прывядзе да парушэння прыродна-антрапагеннай раўнавагі».

Мы запыталі ў спн.Чупрыс, ці могуць грамадскія слуханні паўплываць на перанос свінакомплекса ў іншае месца.

«Там не стаіць пытанне аб пераносе будоўлі. Пытанне стаіць пра ацэнку ўздзеяння і наступстваў. На сёння тэхналогіі дазваляюць правесці вельмі якасныя прыродаахоўныя мерапрыемствы. Выбар участка не абмяркоўваецца, абмяркоўваецца менавіта раздзел аховы навакольнага асяроддзя».

Атрымліваецца, паўплываць на будаўніцтва свінакомплекса ў Валожынскім раёне немагчыма. А на слуханнях жыхары адно змогуць выказаць свае рэкамендацыі і крыўды.

Аксана Рудовіч

0
STATiK / Адказаць
03.08.2012 / 14:35
Ага, дык вось яно што... Кароча, мы фсё ужэ за вас парышали, апсуждению ни падлижыт. Если есьть жылающыя пажалавацца и пакачать права - ну, давайтя. Тока патом - ни гаварытя, што мы вас ни прыдупрыждали. В раёне вам места ни будит. Так што - дзела ваша... PS Аксана, дзякуй. Ня ведау. што на сайце РВК было...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру