Карэспандэнту Нямецкага радыё Гезіне Дорнблют адмоўлена ў акрэдытацыі ў Беларусі.

Журналістка, якая са студзеня працуе ў Маскве, мела намер асвятляць ход парламенцкіх выбараў у Беларусі, аднак МЗС краіны не выдаў акрэдытацыю без тлумачэння прычын, гаворыцца ў паведамленні радыё.

«Пасол Беларусі ў Берліне прапанаваў Нямецкаму радыё паўтарыць запыт не раней чым праз год.
Апрача таго, Нямецкае радыё можа паспрабаваць акрэдытаваць іншага карэспандэнта. Дагэтуль акрэдытаваныя ў Маскве нямецкія журналісты ў асноўным без праблем атрымлівалі акрэдытацыю ў суседняй краіне», — зазначаецца ў паведамленні.
Паводле слоў Гезіны Дорнблют, летась яна наведвала Беларусь і паведамляла «пра напружаную сацыяльную сітуацыю і як вынік — незадаволенасць у краіне».
«Я таксама дала слова крытыкам урада ў правінцыі. Цалкам магчыма, гэта раззлавала чыноўнікаў. Не выключаю таксама, што Беларусь зараз помсціць за санкцыі з боку ЕС і Нямецкае радыё выпадкова пад гэта трапіла», — сказала журналістка.

Дорнблют заявіла, што адмова ў акрэдытацыі «ўпісваецца ў партрэт аўтарытарнага кіраўніка, які прымае брутальныя меры супраць любой формы крытыкі». «Выказванне Лукашэнкі „Лепш быць дыктатарам, чым галубым“, сведчыць пра многае», — зазначыла яна, маючы на ўвазе стаўленне беларускага кіраўніка да сексуальнай арыентацыі міністра замежных спраў ФРГ Гіда Вестэрвеле.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?