«30 жніўня — дзень нараджэння па дакументах, адзначае ж прэзідэнт свой дзень нараджэння 31 жніўня, разам з сынам Мікалаем», — паведаміў БелаПАН кіраўнік прэс-службы прэзідэнта Павел Лёгкі.

Зрэшты, дадаў ён, і 30-га, і 31-га жніўня для Лукашэнкі, які кіруе краінай ад 1994 года, рэзідэнта «будуць звычайнымі працоўнымі днямі». «Кіраўнік дзяржавы неяк асабліва гэтыя дні не выдзяляе», — сказаў кіраўнік прэс-службы.

Нагадаем, у 2010 годзе ў афіцыйную біяграфію Аляксандра Лукашэнкі, апублікаваную на сайце прэзідэнта, было ўнесена змяненне: дата нараджэння змянілася з 30 жніўня 1954 года на 31-га.

Гэту акалічнасць у прэзідэнцкай адміністрацыі патлумачылі наступным чынам: маці Аляксандра Лукашэнкі паступіла ў раддом 30 жніўня вечарам, але нарадзіла яго ў ноч з 30 на 31 жніўня, пасля апоўначы. У тыя гады ў сельскіх раддамах дакладны час нараджэння дзіцяці не адзначаўся, і нованароджанага Лукашэнку запісалі на 30 жніўня, па даце паступлення яго маці ў раддом. «Прэзідэнт спакойна ставіцца да гэтай даты, і ён не надаваў ёй значэння да моманту нараджэння малодшага сына Мікалая, які з’явіўся на свет 31 жніўня. Ужо пасля нараджэння Мікалая прэзідэнт пачаў цікавіцца ў маці падрабязнасцямі свайго з’яўлення на свет і высветліў, што фактычна адзначаць дзень нараджэння трэба 31 жніўня», — патлумачыў БелаПАН супрацоўнік прэзідэнцкай адміністрацыі.

Зараз у афіцыйнай біяграфіі на сайце прэзідэнта ў якасці дня нараджэння ўказана ранейшая дата, 30 жніўня.
Паводле слоў Лёгкага, гэта звязана з тым, што Аляксандр Лукашэнка не памяняў свой пашпарт. Але рэальна днём яго нараджэння з’яўляецца 31 жніўня.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0