Група па пытаннях будучыні Еўрапейскага саюза, у якую ўваходзяць міністры замежных справаў 11 краін — Аўстрыі, Бельгіі, Нямеччыны, Даніі, Іспаніі, Італіі, Люксембурга, Нідэрландаў, Польшчы, Партугаліі і Францыі — выступіла з радыкальным праектам рэформы. Згодна з ім,

у ЕС прапануецца ўвесці пост абіранага ўсеагульным галасаваннем прэзідэнта, стварыць агульнаеўрапейскі МЗС, пачаць выдаваць адзіныя для ўсяго ЕС візы і нават разгледзець магчымасць фармавання адзінага еўрапейскага войска,
паведамляюць брытанскія СМІ.

«Каб Еўропа была рэальнай дзейнай асобай і глабальным лідарам, яна павінная мець моцную структуру інстытутаў, — гаворыцца ў супольнай заяве міністраў замежных справаў Нямеччыны і Польшчы Гіда Вестэрвеле і Радаслава Сікорскага. — Для гэтага патрэбны прэзідэнт, які выбіраецца наўпрост і які будзе асабіста прызначаць чальцоў еўрапейскага ўрада».

Акрамя таго,

у выпадку прыняцця дадзенай рэформы будзе адмененае права вета, якое цяпер маюць асобныя краіны ЕС у пытаннях замежнай палітыкі і бяспекі, а таксама пры ратыфікацыі агульнаеўрапейскіх дамоваў.
Такім чынам, асобным краінам давядзецца прымаць падтрыманыя большасцю замежнапалітычныя меры, нават калі самі яны з імі не згодныя.

Праект таксама прадугледжвае ўзмацненне паўнамоцтваў ведамства вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі і ператварэнне яго ў паўнавартаснае агульнаеўрапейскае дыпламатычнае ведамства.

Прадугледжваецца і стварэнне адзінага паліцэйскага органа, які будзе займацца кантролем межаў ЕС,
а таксама фармаванне ў Еўрапарламенце спецыяльнай палаты дэпутатаў з краін зоны еўра, якая будзе займацца разглядам мераў што да адзінай валюты.

У сваю чаргу,

ідэя фармавання адзінага еўрапейскага войска пакуль выклікае супярэчлівую рэакцыю: яе падтрымалі нават не ўсе чальцы групы па пытаннях будучыні ЕС.
Таму пра гэтае магчымае новаўвядзенне ў дакуменце гаворыцца вельмі асцярожна: «Мэтай ёсць фармаванне еўрапейскай абароннай палітыкі, якая ўключае адзіныя намаганні ў сферы вайсковай прамысловасці, у тым ліку стварэнне адзінага рынку ўзбраенняў. Для некаторых краін-чальцоў групы гэта з часам будзе азначаць стварэнне еўрапейскай арміі».

Тым часам, як адзначае The Daily Telegraph,

у Вялікабрытаніі, якая не ўдзельнічала ў дзевяцімесячным абмеркаванні і складанні праекта «новага Еўрасаюза», перспектыва цэнтралізацыі ўлады і страты краінай права вета ўжо спарадзіла прадказанні аб «канцы Вялікабрытаніі як незалежнай дзяржавы», а таксама ўзмацніла настроі на карысць правядзення рэферэндуму з нагоды членства краіны ў структурах ЕС,
за што выступаюць многія дэпутаты ад кіроўнай Кансерватыўнай партыі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?