29.10.2012 / 15:51

З Лунінецкай бальніцы выпісаныя ўсе 19 ліцэістаў, што там атруціліся

З Лунінецкай цэнтральнай раённай бальніцы выпісаныя ўсе 19 старшакласнікаў — навучэнцаў мясцовага ліцэя, шпіталізаваных 26–27 кастрычніка з сімптомамі вострага гастраэнтэрыту.

Як паведаміў выканаўца абавязкаў галоўнага лекара бальніцы Ігар Невар, у першай палове дня 26 кастрычніка ў інфекцыйнае аддзяленне лячэбнай установы былі шпіталізаваныя 16 старшакласнікаў, 27 кастрычніка — яшчэ тры. Большасць захварэлых даставілі ў бальніцу брыгады хуткай медыцынскай дапамогі.

«Ліцэісты скардзіліся на болі ў жываце, расстройства стулу, ірвоту, павышаную тэмпературу.
Пры паступленні іх стан быў здавальняючы і не выклікаў апасенняў. Яны былі памешчаныя ў бальніцу па эпідэміялагічных паказаннях з папярэднім дыягназам «востры гастраэнтэрыт, лёгкае цячэнне», — сказаў Невар.

Паводле яго слоў, пасля абследавання пацыентаў і праведзенага лячэння згодна з клінічнымі пратаколамі 27 кастрычніка былі выпісаныя пяць, 28-га — восем, 29-га — шэсць чалавек.

Як адзначыў Невар, канчатковы дыягназ будзе ўстаноўлены пасля атрымання вынікаў бактэрыялагічнага даследавання.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру