Марш аказаўся гарачы.

Марш аказаўся гарачы.

Сярод удзельнікаў маршу былі і беларусы.

Сярод удзельнікаў маршу былі і беларусы.

Аж шэсць шэсцяў прайшло сёлета ў Варшаве на Дзень незалежнасці, які палякі адзначаюць 11 лістапада. Прычым сёлета польскае грамадства адзначыла свята ў напятай атмасферы:

нацыянальна-кансерватыўная апазіцыя абвінавачвае ліберальны ўрад Дональда Туска ў манапалізацыі СМІ, карупцыйных повязях з буйным бізнэсам. І галоўнае, баліць памяць пра катастрофу польскага ўрадавага самалёта пад Смаленскам.
Там загінуў правы прэзідэнт Качынскі, а расследаваннем займаюцца структуры ліберальнага ўрада Туска. Нядаўняя публікацыя звестак пра наяўнасць слядоў выбухоўкі на абломках Ту-134 падліла алею ў агонь. Пракуратура абвергла версію газеты, але пазіцыя Расіі, якая адмовілася вярнуць абломкі, і няздольнасць урада Туска дабіцца ад Масквы лепшай супрацы са следствам падсычаюць тэорыі змовы.
Звонку нават дзіўна бачыць, якая нянавісць пануе ў польскіх палітычных колах.
Здавалася б, ёсць дэмакратычныя механізмы, ёсць свабодныя СМІ, аднак спрэчкі з парламента і старонак газет пераходзяць на вуліцы.

Так было і сёння. Свой марш арганізаваў прэзідэнт краіны Браніслаў Камароўскі. Яго ўдзельнікі ўсклалі кветкі да помнікаў вялікіх дзеячоў эпохі заваявання Польшчай незалежнасці, дзеячаў розных лагераў: сацыяліста Пілсудскага, нацыяналіста Дмоўскага, піяніста Падарэўскага…

На прэзідэнцкі марш сабралася толькі 10 тысяч чалавек. А вось на шэсце правай апазіцыі — аж 50. Сярод сабраных былі і футбольныя фанаты, і ўдзельнікі радыкальных груповак.
Яны і распачалі сутычкі з паліцыяй ад моманту збору: задымілі фаеры, паляцеў брук. Тым не менш, дэманстрацыя прайшла па задуманым маршруце, хоць на яе шляху і было затрымана каля 140 чалавек.
Можна прагназаваць, што польскі палітыкум у бліжэйшыя гады застанецца моцна падзеленым на леваліберальны і правакансерватыўны лагер. Прычым іх барацьба будзе і надалей нагадваць «вайну на вынішчэнне», а не суперніцтва ідэй. Гэты падзел не асабліва ўплывае на замежную палітыку краіны — яе прыярытэты нязменныя, але ў выніку яго палітыкі стаюць больш схільнымі да выкарыстання замежнапалітычнай тэматыкі ва ўнутрыпалітычных патрэбах.
У выніку множацца папулісцкія крокі, прыгожыя жэсты часта ідуць на шкоду стратэгічным інтарэсам. З гэтым трэба лічыцца і беларусам.

Перацягванне нават Дня незалежнасці як той коўдры сёння пра гэта нагадала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?