Джон Кенэдзі з жонкай Жаклін, Далас, 22.11.1963. За імгненні да стрэлу.

Джон Кенэдзі з жонкай Жаклін, Далас, 22.11.1963. За імгненні да стрэлу.

Лі Харві Освальд з жонкай Марынай у Мінску, пачатак 1960-х

Лі Харві Освальд з жонкай Марынай у Мінску, пачатак 1960-х

Кіраўнік СССР Мікіта Хрушчоў (справа). 1963 г.

Кіраўнік СССР Мікіта Хрушчоў (справа). 1963 г.

...Ужо і не памятаю, які то быў дзень, калі, скончыўшы заняткі, я вырашыў наведаць сябра, што працаваў настаўнікам у мястэчку В. Не даваў спакою нечаканы званок ад Соні, ягонай кабеты, таксама настаўніцы.
«Прыедзь, — у дрыготкім голасе чулася занепакоенасць, — з Арнольдам нешта не тое...»

Ехаць не выпадала — ні аўтобуса, ні так званага грузавога таксі на той час ужо не чакалася. Пайшоў пешшу. Што для маладых ног 7 кіламетраў па яшчэ цвёрдым, трошкі прыхопленым лістападаўскім марозікам, прасёлку?! Але ішоў аж да ночы, якая абрынулася раптам ураганным ветрам з дажджом і снегам.

Да Арнольдавай хаты на ўскрайку мястэчка дайшоў, ледзь хаваючыся за каўнер плашчыку, у поўнай цемры.

«Няма, няма твайго Арнольда, сышоў некуды», — старая Тэкля, трымаючы ў адной руцэ газавую лямпу, другой з усёй моцы намагалася зачыніць перад носам дзверы.
«Ды я пачакаю». —«Чакай, калі дачакаеш...» — «Лямпу дасце?» — «А газы прынёс?» Бразнуўшы завалай, старая зачыніла за мной дзверы і пайшла на сваю палову хаты, мармычучы нешта злоснае пра дэфіцыт газы...

Хату старой Тэклі, ці не найвялікшую ў мястэчку — з двух прасторных пакояў, падзеленых гэткай жа прасторнай кухняй, з высокім гарышчам пад жалезным дахам, — збудавалі ёй два сыны, што час ад часу наязджалі з Польшчы. Адзін пакой яна здала Арнольду. Але адносіны з ёй не заладзіліся, хаця дапамагаў бабульцы як мог: пілаваў дровы, насіў з мястэчка прадукты, прывозіў з Мінска балгарскія цыгарэты, бо старая смаліла, а ніякіх цыгарэт, увогуле аніякага тытунёвага тавару нават у райцэнтры не было. Усё зусім сапсавалася пасля таго, як Арнольд прынёс з крамы сланечнікавага алею. «Ці ж гэта алей?! — трэсла патэльню старая Тэкля. — Вось пры Польшчы быў алей дык алей, не тое, што за тваімі Саветамі...» І тое праўда: замест пырскання пад бульбянымі аладкамі алей у момант знікаў з патэльні бы вада...

...Арнольда ўсё не было. Мусіць, у Соні, вырашыў я. Не распранаючыся, прылёг на шырокі драўляны ложак, падсунуўшы пад шчаку зледзянелую падушку. Трохі ўгрэўся, але не спалося. Дзьмуў праз шыбы лістападаўскі вецер, ляпілася на вокны чорнае лісце, грукацела жалеза на даху, скрэблася па ім аголенае галлё старой бярозы.

Раптам нешта блісканула ў цемры, і я заўважыў на падаконні «Спідолу»....

Якая ж гэта асалода — вольна, сам­-насам з усёй планетай, блукаць уначы па хвалях сусветнага эфіру! Праз трэсканне, абрыўкі незразумелых слоў і далёкіх мелодый прарывацца да нечага невядомага, нават забароненага... Вось... вось... «Голас Амерыкі»... Кенэдзі... Далас... замах...паранены... забіты... кубінцы... Освальд...

Які Освальд? Ці не той чарнявы хлопец, што сціпла туліўся да светлавалосай дзяўчыны на адной студэнцкай пагулянцы ў старой хатцы ля Бетоннага моста?
«Знаёмцеся, — прадставіла хлопца гаспадыня, — амерыканец...» Так, гаспадыня працавала на «Гарызонце», і хлопец быў адтуль...

Мяне ахапіў нязвыклы, аж да дрыжыкаў, жах. Чаму? За што? Няўжо кубінцы? І прычым тут Освальд? Згадаўся Рыкарда, з першых кубінцаў у БДУ. Не паспелі мы падчас знаёмства паціснуць рукі, як ён прачарціў у паветры вялікую дугу: «Мікіта.. Ракета... Амерыка... Бум!», — тыцнуў пальцам у далонь. І весела, як здольны толькі кубінцы, зарагатаў.

...Бліжэй да раніцы жах змяніўся нейкай асаблівай чалавечай блізкасцю, якая насамрэч завецца жалем. Такі малады, такі прыгожы! Здавалася, ўвесь свет зайздросціў Амерыцы...

У прыцемках згадваўся за вокнамі першы снег. Паціху, каб не пабудзіць старую, я адчыніў дзверы і пайшоў, слізгаючы, да Соні шукаць Арнольда і паведамляць ашаламляльную навіну.

«А Арнольд з’ехаў... — Соня захінула халат. — У Мінск, апошнім аўтобусам» — «Кенэдзі забілі...»
— «Як...забілі? Хто? За што?» — «Кажуць, што кубінцы. За тое, што прымусіў Хрушчова звезці з Кубы ракеты... Слухай, дык а што з Арнольдам?» — «Не ведаю. Але стаўся такі маўклівы. Ноччу гляджу — святло ў настаўніцкай. У школе анікога, а там святло. Думала, нехта пакінуў. Пайшла загасіць, а там Арнольд. Знерваваўся чагосьці, ты пачакай, гаворыць, а сам некуды знік. Потым вярнуўся і сказаў, каб ішла дадому, бо тут ёсць электрычнасць, і ён хоча папрацаваць. А потым прыбег і сказаў, што тэрмінова трэба ехаць у Мінск... Слухай, там чамусьці ружжо валяецца, ты б зайшоў у настаўніцкую, прыхаваў... нешта я з ім нарабіла...»
Дробнакаліберка ляжала на пацёртай скураной канапе з зачыненым затворам. На падлозе, у шчыліне, пабліскваў патрон.

Вярнуўшыся з Мінска, Арнольд застаўся ў Соні. А ў маі яны ажаніліся. Усё вяселле рагатала, калі Соня расказвала, як замяніла сланечнікавы алей гарбатай, і старая Тэкля ці не з месяц смажыла на ёй Арнольду бульбяныя аладкі.

...Арнольд зрабіў добрую навуковую кар’еру. Аднойчы, калі адзначалі ягоны чарговы юбілей, ён у добрым падпітку вырашыў распавесці мне пра той выпадак. «Бог выратаваў... Калі б не асечка...»

«Калі б не Соня», — хацеў сказаць я. Але падумаў: можа, і Бог.

* * *

Карыбскі крызіс скончыўся 20 лістапада 1962. Сусветная ядзерная вайна дала асечку.Джон Кенэдзі быў забіты 22 лістапада 1963, у ноч на 23¬га па маскоўскім часе.

Менавіта ад той ночы скончылася мая асабістая «халодная вайна» з Амерыкай. Верагодна, што не толькі мая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?