Сто твораў мастацтва ХХ стагодзьдзя

Мiхал Рагалевiч. Дзяўчына i ружы

 

... Трагiчныя бiяграфii мастакоў нiбы падсьвятляюць iхную творчасць, змушаючы дасьведчана гледача пiльней углядацца ў творы. Гэта зусiм не азначае, што сама творчасьць гэткiх мастакоў мусiць быць абавязкова прасякнутая ўласнымi драмамi, як, напрыклад, у Рэмбрандта. Часам усё можа выглядаць наадварот: рэдка хто згадвае пра драмы Гагена, Тулуза Лятрэка альбо Мадзiльянi, атрымлiваючы вiр чыстых перажываньняў ад iхных палотнаў. Але ўсё ж бiяграфii няўмольна сьведчаць пра тое, зь якiх крынiцаў i якiмi высiлкамi дасягалася гэтая чысьцiня...

Першы, зь вядомых, твораў у гiсторыi нашага мастацтва, прысьвечаны бальшавiцкiм рэпрэсiям у Беларусi, гэта палатно Мiхала Рагалевiча «Навала», напiсанае ў 1976 годзе. Яго марна шукаць у даведнiках, альбо нават ў «Гiсторыi беларускага мастацтва», хоць ён выстаўляўся ў 1983-м, на пэрсанальнай выставе ў Менску...

«Навала» — гэта аўтабiяграфiчны абразок, прысьвечаны дзяцiнству мастака, дакладней, адабранаму дзяцiнству. Вясковая хата, сенцы, атвор дзьвярэй. Праз плячо азiраецца юнак, за iм — немалады чалавек, нiбы ў смузе, нiбы ў сьне — ледзь улоўны, з пакутаю шмат разоў уяўлены, але гэтак i не прыгаданы вобраз... Абедзьве мужчынскiя постацi атрымлiваюцца захiнёнымi тройчы: шырока-шэраю сьпiнаю энкавэдыста, абрысам стрэльбы i абрысам сабакi. Безнадзейна... Абапал дзьвярэй — жаночыя постацi, што сьцялiся ў жалобе. На руках аднае з трох кабетаў — немаўля, чый позiрк скiраваны проста ў гледача...

... У 1933 годзе бальшавiкi разрабавалi хату Рагалевiчаў, а бацьку i старэйшага брата арыштавалi, каб праз колькi часу расстраляць у Менску. Але на тым трагедыя ня скончылася. Крыху пазьней мацi будучага мастака, Ганну Францаўну выслалi разам зь iм на Поўнач. Там малы захварэў на тыфус. Нейкiм дзiвам мацi ўдалося з амаль безнадзейна хворым дзiцём вярнуцца ў Беларусь. Але дзiва было падманлiвым. У 1937 годзе мацi арыштоўваюць другi раз i высылаюць адну. Сына зьняволiлi таксама — у бабруйскiм дзiцячым доме. У вайну малых дзяцей ня вывезьлi i яны былi пакiнутыя на волю лёсу. Праз пэўны час немцы iх iзноў сабралi ў дзiцячым доме. Па вайне Мiхалу Рагалевiчу давялося парабкаваць у Нясьвiскiм раёне, у аднаго з апошнiх сялянаў-аднаасобнiкаў, зрэшты, неўзабаве i сюды прыйшлi Саветы. Нечакана, праз два гады вярнулася мацi, зь якою ён вярнуўся ў родную хату. Проблiск надзеi, нават скрозь голад i цяжкую працу, быў iзноў нядоўгiм. Мацi арыштоўваюць яшчэ раз, апошнi раз... З далёкае Сыбiры яна больш не вярнулася...

Крыху пазьней за той першы твор — «Навалу» — зьявiлiся яшчэ два, гэтаксама зьвязаныя зь бiяграфiяй мастака, але цалкам алегарычныя: «Мацi ў далёкiм краi» (1980) i «Ўспамiны» (1985). У iх, як на вясковых маляваных дыванах, паўстаюць рагалевiцкiя прыпавесьцi пра недасяжна, вусьцiшна далёкi сьвет, якi ледзьве трымцiць, нiбы зыркi агеньчык на вастрыi кноту. Як на Дзяды... Дарэчы, i гэтыя работы не патрапiлi ў энцыкляпэдычныя пералiкi.

Мастацтва Рагалевiча стала ня гэтак дасканалым дапаўненьнем да ягонае трагiчнае бiяграфii, як уласна пачаткам бiяграфii. Пад уплывам свайго настаўнiка ў вучэльнi Шчамялёва Рагалевiч амаль адразу, з пачаткам мастакоўскай бiяграфii, дэкляраваў сваю незалежнасьць ад банальнасьцi, змушанасьцi сацрэалiзму. Калi крытыкi разам пагаджаюцца з узьдзеяньнем Шчамялёва на стыль Рагалевiча, дык з дадатковымi ўплывамi ёсьць розначытаньнi. Напрыклад, мастацтвазнаўца Шматаў лiчыў, што «ягоныя карцiны не пазбаўленыя лубачнасьцi, уласьцiвай гэтак званым «наiўным мастакам» (Эдвард Хiкс, Анры Русо, Iван Генэралiч, Нiко Пiрасманiшвiлi). Разам з тым, арыгiнальнасьць мастацкага стылю М.Рагалевiча, думаецца, у значнай ступенi тлумачыцца ягонай стылёвай арыентацыяй на францускi жывапiс канца XIX — пачатку XX ст.» Фiзык Хадыка ў свой час пiсаў больш катэгарычна: «Мне здаецца бясспрэчнай залежнасьць стылю М.Рагалевiча ад двух крынiцаў. Ад «колеравага экспрэсiянiзму» яго настаўнiка Л.Шчамялёва i ад француска-нямецкага постiмпрэ-сiянiзму (Сэзан, Руо, Мунк)». Калегi-мастакi часьцей за ўсё параўноўваюць Рагалевiча з Мадзiльянi...

Часьцей за ўсё ён пiша людзкiя постацi, найперш жанчынаў. Жанчынаў з доўгiмi, як на палотнах Мадзiльянi, шыямi, мэлянхалiчнымi тварамi i таямнiчымi, бязьмежна глыбокiмi, нiба ў вэнэцыянскiх масках, вачыма. Мадзiльянi маляваў сваiх астэнiчных кабетаў бяз зрэнкаў, што надавала ягоным мадэлькам, часам недарэчы, выключна эратычны зьмест. У гэтым сэнсе Рагалевiч плятонiк, бо перадусiм ягоныя багiнi нясуць у сабе большы, вышэйшы, драматычны дух, схаваны за статыкай. Цi не з найпершых ягоных работаў у гэткiм рэчышчы — «Беларусачка», што напiсаная ў 1975 годзе. Менавiта гэтым палатном ён адкрыў сваю «жаночую» галерэю.

Рагалевiч выпрацаваў свой уласны, выразны тып жаночага хараства, албо, дакладней, тып экспрэсii, якi ён надаў усiм сваiм мадэлям. Увесь час ён пэўна малюе адну й тую асобу, акурат як Батычэлi цi, даруйце, Мадзiльянi. Жанчына, жонка, мацi. Дзяўчына. Але ў Рагалевiча гэты iдэал дасягальны, родны й зразумелы. Iдэал бачаны, паўтораны безьлiч разоў, да дасканалага абрысу, нiбы на сьвятых абразах.

... Ружы, якiя гэтак часта фiгуруюць у палотнах Рагалевiча — архаiчны сымбаль, якi сягае ў часы нашага рэнэсансу. Гэта кветка садоў у градзе нябесным. Сымбаль, гэтак любiмы прэрафаэлiтамi i сэцэсiянiстамi. Ружа як элегiчны сымбаль чысьцiнi запальваецца таемным, iнтымным сьвятлом то ва «Ўспамiнах», то ў «Сьвяце» (абедзьве 1985). Ружы раскладаюцца ня толькi на простыя модулi, каб як у калейдаскопе сабрацца разам, у паўпразрысты шкляны букет, але высьвечваюць сутнасьць стылёвых прыёмаў мастака. Нiбы эмаль, уцiснутая ў мэталiчнае павучыньне жорсткага абрысу аправы i ценяў перагародкаў, чыстыя пастозныя каляровыя плямы, лезь падсьвечаныя дадатковымi пiсягамi блiкаў, водсьветаў, ствараюць дэкаратыўную кампазыцыю. Кубiстычнае памкненьне да сынтэзу ў яго ператварылася ў сродак стылiзацыi.

Палатно «Дзяўчына i ружы», напiсанае ў 1983 годзе, увабрала ў сябе ўсе асноўныя мастакоўскiя прынцыпы i асабiстае сьветаўспрыманьне Мiхала Рагалевiча. Гэта амаль строга цэнтрычная кампазыцыя, цэнтрам якое стала дыяганаль ад букету буйных «казачных» ружаў, якi ўвадначасьсе ёсьць i цэнтрам каляровае гаммы (кантраст блакiтнавата-зялёных i бела-ружовых плямаў), да твару. Дыяганаль падкэсьленая абрысам твару i перарваная лiнiяй рукi, якая трымае букет. Гэты трохкутнiк лiнiяў у цэнтры халста стварае ўрачыста-мэлянхалiчны настраёвы лад, якi толькi адцяняе складаны, прахалодны калярыт. Магутная прастора тла, напiсаная мiгценьнем кобальту, утварае надрэальнае, дадатковае вымярэньне, у якiм можа iснаваць хiба толькi вось гэты бэзава-блакiтны пералiў сукнi, сагрэты ўрачыста жаночым цяплом...

Сяргей Харэўскi


Мiхал Рагалевiч (вёска Глiнiшчы, Узьдзеншчына, 1932) — жывапiсец, графiк. У 1964 скончыў Менскую мастацкую вучэльню. Удзел у экспазыцыях бярэ з 1966. Працаваў мастаком-афармiцелем у Доме тэхнiкi Беларускае чыгункi. Пазьней — у iнстытуце фiзыкi АН Беларусi.


 

Творы, прадстаўленыя
ў папярэднiх нумарах «НН»:

1. Фэрдынанд Рушчыц. Зямля.

2. Мсьцiслаў Дабужынскi. Вiцебск. Лесьвiца

3. Марк Шагал. Прамэнад

4. Iльля Рэпiн. Беларус

5. Марк Антокальскi. Помнiк Кацярыне

6. Вiтальд Бялынiцкi-Бiруля. Блакiтная каплiца

7. Хаiм Суцiн. Паж

8. Казiмер Малевiч. Чорны квадрат

9. Язэп Драздовiч. Пагоня Ярылы

10. Валянцiн Волкаў. Менск, 2 лiпеня 1943 году

11. Манумэнт Перамогi

12. Помнiк Ленiну ў Менску

13. Пётра Сергiевiч. Шляхам жыцьця

14. Аляксей Глебаў. Францiшак Скарына

15. Мiхал Фiлiповiч. Бiтва на Нямiзе

16. Лявон Вiтан-Дубейкаўскi. Касьцёл Пятра i Паўла ў Дрысьвятах

17. Лявон Тарасэвiч. Бяз назвы

18. Ян Булгак. Выгляд з Зарэчча

19. Iосiф Лянгбард. Менская опэра

20. Аркадзь Астаповiч. Дворык

21. Клаўдзi Дуж-Душэўскi. Сьцяг

22.  Прывакзальная плошча ў Менску

23.  Станiслаў Жукоўскi. Iнтэр’ер

24. Пакроўскi сабор у Баранавiчах

25. Мiхал Станюта. Партрэт дачкi

26. Яўхiм Мiнiн. Усьпенскi сабор у Вiцебску

27. Iзраiль Басаў. Успамiн

28. Віталь Цьвірка. Ганча — партызанская зямля

          29.   Леанiд Шчамялёў. Нацюрморт

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0