Добры дзень,
шаноўная рэдакцыя!

Гэта яшчэ адзiн з шматлiкiх лiстоў у вашую падтрымку.

Зараз я вучуся ў 10 клясе. Да дзявятай спазнавала сьвет на беларускай мове. 10 гадоў таму мая мацi аддала мяне ў беларускую школу, хоць яна была вельмi далёка ад дому. Зь цягам часу з усёй школы засталася толькi адна беларуская кляса, якую мы з аднаклясьнiкамi не хацелi аддаваць пад расейскi ўплыў. Мы трымалiся, як маглi, нашыя бацькi пiсалi заявы на тое, што хочуць, каб iхныя дзецi навучалiся на роднай мове. Але ўсё ж у 96-м годзе кляса была расфармаваная.

Зараз вучуся ў эканамiчнай клясе з расейскай мовай навучаньня, i да гэтага зусiм не ляжыць мая душа, але так я маю дадатковы шанец паступiць ва ўнiвэрсытэт. Адзiнае, што ў мяне засталося ад беларускай школы — гэта веданьне мовы, пачуцьцё гонару за Беларусь i вашая газэта, якая ўвабрала нашае гiстарычнае мiнулае i нашае будучае. Трымайцеся, бо вы патрэбныя нам, «нам» — я маю на ўвазе пакаленьне, якое толькi пачынае ўваходзiць у грамадзкае жыцьцё i разумець, кiм яно ёсьць. «Наша Нiва» адзiная газэта, якая ня здрадзiла сабе i гiсторыi. Сапраўды, у такi складаны час, калi беларускасьць вынiшчаецца, у школах дзецям унушаецца нянавiсьць да ўсяго беларускага. Я ня ведаю такой другой краiны, дзе б аглядалiся на цябе, калi загаворыш на роднай мове ў грамадзкiм транспарце.

«Наша Нiва», я веру, сустрэне час, калi зможа з гонарам у голасе сказаць: «Гэта мы вытрымалi ганьбу Беларусi, гэта з дапамогай нас новае пакаленьне можа сказаць «Я — беларус».

Тацяна М., Менск