БТ вачыма беларуса

НЕДАГАВОРЫ І ПЕРАВАРОТЫ

 

Расчаравала новая праграма «Сталічны гіт», што выйшла два разы на месцы «Бархатнага сэзону». Ізноў улезла «Альфа-радыё» у шырокі эфір: у выніку ўся краіна мусіла толькі слухаць, якая гэта файная перадача і як яна ўсім патрэбная. І любяць жа на БТ зь нічога вялікую перадачу разьдзьмуць. Паўгадзіны (дый з паўторам) у «Нашым краі» распавядалі пра беларускі ўдзел у першай сусьветнай выставе ў Лёндане, 1851 г. Ажно два тавары прапаноўвалася тады — лес зь менскай губэрні ды авечая воўна з Гораў-Горак. Не распавялі чамусьці, куды тое гора-горацкае багацьце падзелася, чаму зараз ад знакамітых статкаў засталіся адны ваўняныя швэдры... Праграма была зроблена для прапаганды ўдзелу Беларусі ў Гановэры-2000, дзе для павільёнаў краіны будзе 600 кв.м плошчы. Але не сказалі, што гэта, улічваючы памеры выставы, параўнальна з двума таварамі ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя...

«Крок-2» адрозьніваўся праўдзівасьцю. Байкеры запэўнівалі, што міліцыя іх не ганяла, моладзь увогуле — што ўсё ў нас класна. А на пытаньне, хто больш спадабаўся: байкеры, брэйкеры ці татуіроўшчыкі, адна дзеўчына шчыра адказала: «Спадабалася, як малады чалавек распранаўся».

Затое ў апошнім «Нашым краі» гутаркі ўдзельнікаў пра жыцьцё палякаў у Беларусі вяліся на беларускай і польскай — безь перакладу! Раней толькі з расейскае не перакладалі...

З апошняга дня студзеня з эфіру зьнікаюць «Добры вечар, Беларусь!», «Беларускі гіт-парад», «Бархатны сэзон», «Па запаветных мясьцінах». «Бархату» так і трэба. «Добры вечар», магчыма, не мадэрновай і ня лепшай праграмай быў — але разам зь ім зьнікаюць часьцяком нармальныя сюжэты пра цікавыя падзеі, а таксама парады Пятровіча ды «Коткі». І што ўзамен? Дакумэнтальны экран?! Ну, а «Гіт-параду» проста шкада, шкада, шкада.

Пад пагрозай расфармаваньня яшчэ цэлая рэдакцыя — літаратурна-драматычная. «Рэвалюцыя» на БТ тлумачыцца недахопам сродкаў і рэйтынгу — але захады для яго падвышэньня ды эканоміі нейкія дзіўныя — зьнікнуць найбольш прыстойныя беларускамоўныя перадачы. АТН жа застаецца.

У 17.35 у пятніцу «Наш край» пра гісторыю Лельчыцаў. (А якая ў тых Лельчыц гісторыя была? Нешта не прыгадваецца. Няўжо зноў пра змаганьне зь белагвардзейцамі?) А 22-й у чацьвер — «Крок-2» пра моладзевую музыку. А ў пятніцу-суботу паўтор Новага году. І гэта правільна. Што яшчэ рабіць, каб нічога не рабіць?

Арцём Лук’яновіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0