20.02.2000 / 13:00

ФАКты, альбо славяне ў тэлескрыні

№ 7 (164), 14 — 20 лютага 2000 г.


 

БТ вачыма беларуса

ФАКты, альбо славяне ў тэлескрыні

 

Субота. Вечар. Гляджу нейкі амэрыканскі трылер. Рэкляма. Раблю агляд іншых каналаў. Увагу прыцягвае канал з птушачкай у левым верхнім кутку. У кадры тэлефон, а па-за кадрам голас. Голас раздражнёна і са страхам вяшчае пра нейкіх недавумкаў, якіх нельга дапускаць да тэлеэфіру. Яны, на думку голасу, за паўтары хвіліны (!) акрамя фраз «Жыве Беларусь» і «Свободу политзаключённым!» нічога сказаць ня змогуць.

Мяняецца кадар. На экране гаспадар голасу. Аказваецца, гэта «Азіятка», хаця на від і славянін. Ды яшчэ не абы-які. Бо вяшчае на мове самых галоўных славян, хаця і зь мясцовым акцэнтам.

Пужае далей. Аказваецца, што гэтых недавумкаў нельга дапускаць да эфіру яшчэ й таму, што яны прыдумалі, быццам паўмільёна тутэйшых людзей з прычыны цяжкага эканамічнага стану краіны зьбіраюцца зьбегчы ў эміграцыю. А гэтага ня можа быць, сьцьвярджае вядучы, бо праверана вельмі кампэтэнтнымі службамі. І з эканомікай поўны парадак.

У думцы згаджаюся зь ім. Адкуль возьмецца столькі эмігрантаў, калі 80% насельніцтва — жабракі? У мяне самога засталася пара соцень. А дзе ж грошы на квіток на самалёт, цягнік, аўтобус? На ўладкаваньне ў іншым месцы: жыльлё, харчаваньне, на доктара?

Мяняецца кадар. Да вядучага падключаецца яшчэ адзін славянін. Называецца дэпутатам. Ён абураны тым, што гэтыя самыя недавумкі патрабуюць тэлеэфіру яшчэ й таму, што яны ўпэўнены, што прадстаўляюць значную частку насельніцтва краіны. А гэтага ня можа быць, бо яны, дэпутаты, выбраныя народам, прадстаўляюць большасьць насельніцтва.

Вось з гэтым я ўжо не пагаджаюся. З тае пары, як у 1996 годзе Лукашэнка разагнаў парлямэнт, нікога мы больш не выбіралі. А тыя, каго ён набраў у сваю «палатку», аднаго яго і прадстаўляюць.

Мяняецца кадар. У кадры вядучы з жахлівым выразам твару. Гэты жах перадаецца і мне. Раптам успамінаю, што, мабыць, скончылася рэкляма. Пераключаюся на канал з амэрыканскім трылерам. І з экрану зноў сыплецца, перакладзеная на мову «старэйшага славянскага брата» fuck you!, fuck you! А можа сапраўды, Азіятка?

А.Грыгор’еў, Менск


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру