Зьміцер Гарбуноў

Сьціплая прывабнасьць зьняволеных

 

Вязьняў у Беларусі каля 60 тысячаў. Прычым гэта лічба толькі тых, чый прысуд уступіў у законную сілу (розныя «хімікі», «пасяленцы», умоўна асуджаныя ў гэтую колькасьць не ўваходзяць). Рана ці позна вязьні выходзяць за браму турмы ці лягеру, маючы ў кішэні даведку аб вызваленьні, судзімасьць і процьму злосьці на ўвесь амаль навакольны сьвет...

Недзе напрыканцы 94-га году я размаўляў са знаёмым сьледчым, які перад тым браў удзел у нейкай высокай нарадзе па іхных службовых пытаньнях. Апрача іншага, там зачытвалі закрытую статыстыку, зь якой вынікала, што кожны сёмы грамадзянін Беларусі мае судзімасьць. Патрабавалі нейкім там чынам зьмяніць гэтыя сумныя лічбы. Сьледчым абяцалі судовую рэформу, падзел службаў «па інтарэсах»... Ага! Зараз. Рыгоравіч тады ўжо пакаштаваў смак улады, і, як цяпер вядома, у ягоных плянах высьпявала зусім іншае.

Сёньня, калі гэтая, ужо канчаткова закрытая статыстыка і зьмянілася, дык толькі ў бок павелічэньня. Паводле маіх падлікаў, маем ужо мала да чвэрці судзімага насельніцтва. Магчыма, неўзабаве будуць называць нашу Беларусь краінай патомных крымінальнікаў.

Але я хачу сказаць пра іншае. «Крымінальнікі», «зьняволеныя», «вязьні», «зэкі»... Хто яны? Што яны сёньня ў Беларусі? Чым жывуць і дыхаюць?

Дагэтуль у вачох беларускага грамадзтва ствараўся і ствараецца вобраз вязьняў — стопрацэнтовых вылюдкаў. Зрэшты, дзе таму вобразу стварацца, акрамя жоўтага pulp fiction у выглядзе шматліка-безаблічных «Частного детектива», «Версии», «Криминального обозрения»... Хіба што яшчэ зь міліцэйскіх зводак у афіцыйных дзяржаўных выданьнях.

Зь «вязьнямі сумленьня», здаецца, усё ясна. Кожны сьвядомы беларус добра ведае пра вандроўкі за краты Адамовіча, Шыдлоўскага, Мельнікава, Севярынца ды іншых з гэтага радовішча, кожны ведае «дэманстранта-рэцыдывіста» Шчукіна. Пра іх дбае АБСЭ, «вікі-кляйнэры», Human-Rights-Watch з International Amnesty. Але я пра тых, пра каго ніколі не паведаміць бюлетэнь Хартыі-97, «Народная воля» і «Наша Ніва». Магчыма, гэта ўжо і ня нашы грамадзяне?

 

Забойца

Васіль Н., 32 гады, задушыў свайго суседа шнуром ад лядоўні «Менск-15» «у часе раптоўна ўзьніклай сваркі пасьля сумеснага спажываньня алькагольных напояў». Артыкул 100, частка «Б» КК РБ. 10 гадоў зьняволеньня.

Тут, у калёніі, сінявокі Васіль са смакам п’е чыфір, а потым з роспаччу і настальгіяй распавядае тутэйшым прыяцелям пра страчанае шчасьце ў выглядзе добрай калгаснай хаты, паўтузіну падсьвінкаў, дзьвюх кароў ды іншае гаспадаркі.

Акрамя таго, Васіль наведвае мясцовую царкву, а потым дасылае праклёны ўсім студэнтам-практыкантам, а канкрэтна — аднаму зь іх, нейкаму «ачкарыку».

Рэч вось у чым. Калі сьцюдзёнае цела Васілёвай ахвяры ляжала ў трупярні, тамтэйшыя «экспэрты» (вядома, у стане пэрманэнтнага taken-away) ужо амаль зрабілі заключэньне, што сьмерць наступіла «ў выніку спажываньня сурагатнага алькаголю ў колькасьці, несумеснай з жыцьцём». Але тут зьявіўся побач гэты студэнцік-практыкант і зьвярнуў увагу на странгуляцыйную баразну на шыі нябожчыка ды зламаны нейкі там пад’язычны храшч. Астатняе ўжо было лёгкай спажывай мясцовых пінкертонаў.

 

Разбойнік

Сяргей Н. жыхар сталічны, былы кіроўца. Звонку нагадвае Дэні дэ Віта, толькі рэшткі валос сівыя. Паводзіны тоесныя выгляду. Калі пасьля гарбатнага «ўколу» пачынае распавядаць пра свае аўтапрыгоды на дарогах былога Саюзу, кумпанія слухачоў валіцца са сьмеху. Атрымаў шэсьць гадоў за разбойны напад. Вяртаўся зь сябрамі з камандзіроўкі цягніком. Як заўсёды, гарэлка. Як заўсёды, не хапіла. Вырашылі абмяняць колькі «баксаў» у двух каўказцаў-мянялаў, што соваліся па вагонах, раз-пораз парушаючы Дэкрэт №1.

Каўказцы скарысталіся магчымасьцю крыху зарабіць на нецьвярозых абарыгенах і ашукалі мужыкоў тысяч гэтак на дзьвесьце «зайцоў». Падман быў выкрыты амаль адразу. Добразычліва і выключна ў выхаваўчых мэтах сябры разьбілі гэтыя дзьве бессаромныя вусатыя храпы ды высьпяткамі выштурхалі мянялаў зь цягніка на бліжэйшым прыпынку.

Нашыя «ваяры» не ўлічылі таго, што «дзеці гор» арганізавалі зь мясцовымі транспартнымі міліцыянтамі нешта падобнае да таварыства з абмежаванай адказнасьцю на ўзаемна карысных пачатках. Як вынік — арышт «цёпленькіх» на наступным прыпынку за разбойны напад. Суд — прысуд — зона...

Зараз Сярога з асалодай назірае ў тэлевізары, як фэдэралы прасуюць цяжкой артылерыяй чарговыя Карамахі.

 

Злодзей

Руслан Ш. з-пад Гомеля, як пайшоў яшчэ ў савецкае войска ў 91-м, так дагэтуль ня вернецца ніяк дадому. Ненавідзіць тое, што дрэнна ляжыць, бо ня здольны прайсьці міма, душа баліць. Між тым, паважае прыватную ўласнасьць і ніколі нічога ня краў з гэтага радовішча. Ягоныя ахвяры — вайсковы маёнтак, калгасна-саўгасная ўласнасьць, крамы спажывецкай каапэрацыі. Вось і бадзяецца ўжо восем гадоў — спачатку «дызэль»* на Масюкоўшчыне, потым «абшчак», цяпер — «узмоцнены». Цікава, што ўвесь час яму адмяняюць прысуды, бо ўсплываюць новыя эпізоды крадзяжоў. Год скінуць — два накінуць. Ці наадварот. Тут у калёніі ён змучыў увесь спэцаддзел, які адсочвае зьмены ў прысудах вязьняў.

Цяпер ён робіць файныя рэчы з дрэва. Увогуле, на такіх трымаецца мясцовая вытворчасьць мэблі. Але вельмі не шануюць опэрупаўнаважаныя.

Русьлік неяк кажа мне: «Матухну вельмі шкада... Ведаеш, аднойчы перад войскам ледзь не забіўся на матацыкле. Цудам жыць застаўся. Зараз думаю, лепей памёр бы тады ў больніцы. Мама ўжо даўно адплакала б па мне, і ўсё б забылася. А так... Ужо ня веру, ці прыйдзе калі мой дэмбель».

Засталося яму паўтара гады, калі нешта не адкапаюць зноў.

 

***

Зразумела, што a priori, згодна з Канстытуцыяй-94, мы пазбавілі гэтых людзей права ўдзельнічаць у выбарах. Дрэнна ці не — іншае пытаньне. Але ёсьць і іхныя дзеці, бацькі, сваякі, сябры, уплыў на якіх з боку зьняволенага цяжка нават уявіць. На маю думку, мы не такая вялікая краіна і не такі вялікі колькасна народ, каб грэбаваць гэтым пластом і не заўважаць яго.

 

*дысцыплінарны батальён.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0