Выбары-шмыбары

 

Учора ў Літве адбыліся ўсеагульныя выбары ў Сойм краіны. Згодна з прагнозамі, кіраўнічы Саюз Айчыны на чале зь Вітаўтасам Ландсбэргісам можа пацярпець паразу. У папярэдніх апытаньнях насельніцтва першыя месцы займалі Сацыял-дэмакратычная кааліцыя і Новы саюз, прадстаўленыя імёнамі першага прэзыдэнта незалежнай Літвы Альгірдаса Бразаўскаса і былога генэральнага пракурора Артураса Паўлаўскаса. Праўда, аналітыкі кажуць, што ніводная партыя не атрымае абсалютнае большасьці, і ўрад у выніку, хутчэй за ўсё, будзе кааліцыйны. Ня станем загадваць, як яно там будзе. Але ўжо цяпер з пэўнасьцю можна дапусьціць, што пры зьмене ўлады агульная сытуацыя з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Літве ня зьменіцца. Па-першае, таму, што няма магчымасьці татальнае падтасоўкі вынікаў галасаваньня або ціску на выбарчую камісію з боку цяперашняга кіраўніцтва. Па-другое, таму, што кандыдаты, пры ўсёй розьніцы іхных поглядаў, на першае месца ставяць нацыянальныя інтарэсы краіны. Па-трэцяе, яшчэ адна зарука — тыя іміджавыя рысы, якімі кандыдаты імкнуцца «падкупіць» народ. Гэта інтэлігентнасьць, забясьпечанасьць, розум, адкрытасьць, спакой. Маўляў, мы ўжо сваімі чалавечымі якасьцямі паказваем вам, якога кшталту палітыку будзем праводзіць і якую атмасфэру ствараць у краіне.

Параўноўваючы гэтыя тры асноўныя характарыстыкі літоўскіх выбараў з тымі агітацыйнымі кампаніямі, якія праходзяць сёньня ў Беларусі перад выбарамі 15 кастрычніка ў кішэнны і бяспраўны парлямэнт Аляксандра Лукашэнкі, асабіста я не адчуваю нічога, апроч зайздрасьці да літоўцаў. Па-першае, таму, што цэнтральная выбарчая камісія ў Беларусі не незалежная, яна створаная Лукашэнкам і ўжо адмовіла ў рэгістрацыі абсалютнай большасьці апанэнтаў цяперашняга палітычнага рэжыму. Натуральна, народу скажуць ня праўду, а пададуць тыя вынікі галасаваньня, што патрэбныя кіраўніцтву. Па-другое, таму, што ніхто з кандыдатаў не прадстаўляе і не адстойвае нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Такое адчуваньне, што ў сваіх выбарчых праграмах яны проста пазьбягаюць размоваў пра сур’ёзныя палітычныя праблемы. За што ж тады іх выбіраць? Адзін нейкі кандыдат напісаў проста: «Акажыце давер, і я апраўдаю», але што ўсё гэта значыць — не растлумачыў. Па-трэцяе, у беларускіх кандыдатаў проста ня модна выглядаць інтэлігентнымі, разумнымі, забясьпечанымі людзьмі. Вольна ці міжвольна яны капіююць стыль Лукашэнкі — папулісцкую трасянку пад лёзунгам «Мы універсіцетаў не канчалі». Адзін кандыдат дэманструе фотку: «Я зь сям’ёй на фоне роднага дому». «Родным домам» называецца стандартны шэры дзевяціпавярховік на ўвесь далягляд, якіх так шмат у Менску. Верагодна, «родны дом» кандыдата — гэта клятуха дзе-небудзь на сёмым паверсе, пятае вакно справа, паміж сьмецьцеправодам і зламаным ліфтам. У што будзе ператвараць родную краіну палітык з такімі ўяўленьнямі пра «родны дом»?

Заўважу, што пералічаныя тры рысы характэрныя для ўсіх без выключэньня беларускіх кандыдатаў. Нічога іншага я не сустракаў. Калі ж любыя выбары робяцца не дзеля паляпшэньня жыцьця, які тады сэнс у гэтых выбарах у прынцыпе?

Алесь Кебік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0