23.10.2000 / 13:00

Алесь Кудрыцкi. Нас труцяць

№ 42 (199), 16 — 23 кастрычніка 2000 г.


 

Нас труцяць

 

У прыгожай абгортцы ў Беларусь трапляе атрутнае мяса з Польшчы. Бiзнэсоўцы зарабляюць на людзкiм здароўi, кантралёры бяруць хабар, а просты народ трапляе ў шпiталi. Барацьбу з хэўрай гандляроў сапсутымi кiлбасамi ды кумпякамi вядзе польская вэтэрынарка Ядвiга Макаль.

 

Большасьць мясных прадуктаў мае малы тэрмiн захоўваньня. I няхай вас ня ўводзяць у зман надпiсы на ўпакоўцы, што гэты прысмак можна спажыць нават праз тры месяцы. Можна, вядома, але пры ўмове, што ён не пачаты. Такi выраб, напханы шкоднымi для здароўя хiмiчнымi кансэрвантамi, павiнен быць пазбаўлены доступу паветра. Як толькi вы расчыняеце абалонку, згаладнелыя бактэрыi ўмэнт атакуюць яе зьмесьціва.

У крамах зацiкаўлены, каб прадаць як найбольш мясных вырабаў, а таму дбаюць пра тое, каб яны выглядалi сьвежымi: абцiнаюць шэрыя краі надрэзаў, хаваюць на дно лядоўнi пачатыя кавалкi. Але й так пад канец дня застаюцца кiляграмы непрададзенага мяса, якое ўжо нельга есьцi. Што зь iм далей адбываецца? Аказваецца, сапсаваныя кiлбасы знаходзяць сваiх пакупнiкоў. Натуральна, набываюць iх розныя фiрмы, якiя перапрацоўваюць неядомае мяса на корм для зьвяроў цi на ўгнаеньне. Аднак апрача iх такiя “тавары” купляюць раскiданыя па ўсёй Польшчы невялiчкiя разьнiцы. Гэткая “сыравiна”, зьмяшаная са сьвежым мясам, пацiху трапляе ў польскiя крамы i нават на экспарт у Беларусь.

Гэта вiдавочнае санiтарнае злачынства, і спрыяе яму неабачлiвасьць польскiх уладаў, якiя без праверак выдаюць дазволы на экспарт за ўсходнія межы. Вялiкi прыбытак з гэтага бiзнэсу маюць карумпаваныя чыноўнiкi, вэтэрынары ды рознага кшталту кантралёры. Ядвiга Макаль, лекар-вэтэрынар з 25-гадовым досьведам, натрапiла на сьлед мясной афэры. Працуючы каля Беластоку, яна ня раз сутыкалася з такiмi разьнiцамi. У адной зь iх ёй нават прапанавалi працу. Спн.Макаль адмовiлася, калi пабачыла, што ваду для мыцьця тушаў бралi з бруднае студнi. Два гады таму панi Макаль паехала ў Чанстахову, да сваёй сястры Эвы Рудлiцкай. Эва Рудлiцка – iнвалiдка III групы. У 1998 годзе яе ўзяў на працу Казiмеж Мазур, уладальнiк разьнiцы “AnKaPol” у Камянiцы Польскай. Ня трэба думаць, што сп.Мазур вельмi клапацiўся пра лёс iнвалiдаў. Ён папросту хацеў атрымаць iльготы з дапамогаю Дзяржаўнага фонду рэабiлiтацыi непаўнавартасных асобаў. А дамогшыся свайго, адразу ж звольнiў Эву Рудлiцку. Вось яе назiраньнi:

Гаспадар разьнiцы загадвае здымаць абалонку з сапсаванай вяндлiны ды iншых мясных вырабаў, што прывозяць з крамаў. Гэтую “сыравiну” дадаюць у сьвежае мяса, якое пойдзе на кiлбасы, што трапяць на палiцы польскiх цi замежных, найчасьцей — беларускiх крамаў. Кроў захоўваюць у брудных, не прызначаных для гэтай мэты бляшанках. У аўталядоўнi (г.зв. вагоне) перавозяць i новае мяса, i сапсаванае. Летам у лядоўнi стаiць невыносны смурод. Сьцены i лямпы ў разьнiцы чорныя ад бруду. Па падлозе гойсаюць вялiзарныя пацукi. Людзi працуюць у нечалавечых умовах. У працоўным памяшканьнi няма нi вокнаў, нi нармальнага ацяпленьня. Зiмой мокрая вопратка прымярзае да сьценаў. Рукi даводзiцца мыць сьцюдзёнай вадою, бо гаспадару разьнiцы шкада грошай на яе падагрэў. Людзi працуюць на змор: 3-4 месяцы адны, потым iх замяняюць iншымi. Працаваць даводзiцца па 10-12 гадзiн без трывалага заробку, а таксама начамi i ў нядзелю.

Вырабленыя ў такіх умовах кiлбаскi разыходзяцца па крамах у ваколiцах Чанстаховы. Цэнтар пiлiгрымак зрабiўся ўжо цэнтрам масавых атручэньняў: толькi ў першым квартале гэтага году там адбыліся чатыры масавыя атручэньнi прадуктамi харчаваньня. У шпiталь паклалi каля 400 асобаў. Пакаралi за тое кухарак, а бiзнэс Казiмежа Мазура квiтнее.

Панi Ядвiга пачала зьбiраць факты пра самавольства гаспадароў невялiкiх разьнiцаў па ўсёй Польшчы. У сваiм лiсьце да генэральнага пракурора Польшчы панi Ядвiга падала прыклады разьнiцаў з Падляскага ваяводзтва, дзе скацiну б’юць у выпадковых будынiнах (закiнутых хлявах, напрыклад), якiя звычайна патрабуюць капiтальнага рамонту. Пра захаваньне санiтарных нормаў няма нават гаворкi, бо вэтэрынар зазвычай прыходзiць пазьней ды аглядае ўжо гатовыя тушы, хоць паводле закону павiнен прысутнiчаць на працягу ўсяго працэсу. Вэтэрынар дбае пра колькасьць, а не пра якасьць тушаў. Пры штодзённым зарэзе ў 100 штук ён атрымлiвае на рукi па 500 злотых. Забiваюць канвэерам, не трымаючыся чатыроххвiлiннага тэрмiну скрываўленьня тушы (мяса, якое недастаткова скрывавiлася, будзе хутка псавацца). Захаваньню санiтарных нормаў не спрыяе й ратацыя працаўнiкоў. У разьнiцах працуюць часьцей за ўсё выпадковыя неквалiфiкаваныя людзi.

Мясарнi без праблемаў здабываюць дазволы на экспарт прадукцыi цераз усходнюю мяжу, бо ў краiны Эўразьвязу такое мяса нiхто ня пусьцiць, а ў Польшчы купляць ня схоча. Вось і трапляе яно ў менскія крамы “Прадукты” і ў камароўскія яткі. Таму панi Ядвiга й даслала лiст у беластоцкi “Часопiс”, дзе напiсала, што “шмат год прарабіла ў Падляскiм ваяводзтве, добра ведае народ беларусаў i ня хоча, каб iх труцiлi”.

Панi Ядвiга, хутчэй за ўсё, ня зможа супрацьстаяць цэлай армii бiзнэсоўцаў-падманшчыкаў на чале з вэтэрынарамi, якая чэрпае з гэтае афэры хуткія ды вялiкiя грошы. Ну а нам, пакупнiкам, застаецца толькi быць пiльнымi. Ня варта набываць мяса ды вяндлiну невядомага паходжаньня. Моцна перапрацаваная ды змолатая кiлбаса таксама не павiнна выклiкаць даверу. Здароўе даражэйшае. Памятайце, што i ў шыкоўным супэрмаркеце ў прыгожай абгортцы вы можаце набыць атруту. Магчыма, сьлед набываць беларускае мяса замест замежнага, балазе 27 буйнейшых беларускiх мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў выпускаюць 480 вiдаў кiлбасаў, 35 – мясных кансэрваў, больш за 120 – мясных паўфабрыкатаў. Хоць будзем ведаць, на каго скардзiцца за сапсаваны страўнiк.

Алесь Кудрыцкi,

паводле “Czasopis”-у (Беласток)


Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру