Без купалоў, ды з музыкай

Прэм’ера опэры Мусаргскага ў пастаноўцы
«Маркса і Энгельса» беларускага тэатру

Гадоў трыццаць таму ў Казані адбылася даволі-ткі канфузная гісторыйка. З нагоды чарговай нацыянальна-камуністычнай урачыстасьці ў тамтэйшай Опэры зладзілі ўрадавы канцэрт (у нас таксама апошнім часам аднавілі гэты дзікаваты брэжнеўскі звычай). А які ж урадавы канцэрт без маскоўскіх “зорак”? Ну й запрасілі нейкага народнага артыста з Большого тэатру. Во вам грошы, засьпявайце, што вам найбольш даспадобы. А яму даспадобы была песьня Варлаама “Как во городе было во Казани” з опэры Мусаргскага “Барыс Гадуноў”. Мясцовыя ўраднікі ад культуры былі ня вельмі адукаваныя, цешыліся: бачыце, нават клясыкі пісалі песьні пра нашу Казань! Якое ж было іхнае абурэньне, калі народны артыст выйшаў на сцэну:

Как во городе было во Казани,

Грозный царь пировал да веселился.

Он татарей бил нещадно,

Чтоб им было неповадно

Вдоль по Руси гулять.

Скандал быў!.. Ідэолягі давай хутчэй узгадваць, што ніякай песьні Варлаама ў пушкінскай трагедыі няма (ім жа, татарам, таксама трэба берагчы “свайго Пушкіна”!), што Мусаргскі сам гэтую песеньку прыдумаў, што татары і расейцы – браты назаўжды, а толькі праклятыя сіяністы ў імпазантным абліччы народных артыстаў дарэмна імкнуцца іх пасварыць.

Так чыноўніцкае невуцтва абарочваецца нечым цалкам нечаканым для самых ураднікаў. Вось і нашыя “інтэграцыйныя” ўлады, здаецца, у суцэльным захапленьні ад таго, што ў Менскай Опэры зноў зьявіўся “Барыс Гадуноў”. Годзе, маўляў, бавіцца аўстрыяцка-францускім “Дон Жуанам” ці італьянска-габрэйскім “Набука”! Трэба ж і чагосьці расейскага. Пры адной толькі думцы пра “Барыса Гадунова” нашым інтэгратарам мрояцца залатыя купалы з клясычнай пастаноўкі Большого тэатру (1948) ці з нашае тутэйшае “клясыкі” – няўдалага архаічна-пампэзнага спэктаклю ў стылі “a la russe”, пастаўленага Сямёнам Штэйнам з дэкарацыямі Яўгена Чамадурава. Той спэктакль праіснаваў ледзьве чатыры з паловай гады: з 1974 да 1979 г.

Ці была ў прыгнятаючай рутыннай традыцыі імпэратарскіх тэатраў зь іхнай ідэалёгіяй лісьлівага “ўслаўленьня”, у лазурова-канаплянай тандэце хаця б кропля сапраўднага Мусаргскага? Наўрад ці. У сутнасьці, кампазытар хацеў нагадаць напышлівым суайчыньнікам, што Расейская імпэрыя ўзору 1868 г.
мала ў чым розьнілася ад той, якой яна была на пачатку XVII ст. “Пайшлі наперад!” – хлусіш, “тамака ж”! Папера, кніга пайшла – мы тамака ж. Пакуль народ ня можа праверыць на свае ўласныя вочы, што зь яго кухараць, пакуль не захоча сам, каб тое ці тое зь ім скухарылася, – тамака ж!.. Мінуўшчына ў цяперашнім – вось мая задача”, – пісаў Мусаргскі, і ў гэтым няма нават ценю той славянафільскае тупасьці, праз прызму якой нас вымушаюць успрымаць расейскую культуру.

Мусаргскі, хаця і нарадзіўся ў маёнтку, падораным ягонаму продку ў 1608 г. за подзьвігі ў вайне зь беларусамі-ліцьвінамі, ведаў усю праўду і пра сваіх радавітых дзядоў (ліцьвінаў – іхнае сапраўднае прозьвішча было Масарскія), і пра пскоўскі свой маёнтак, атрыманы ад напаўзаконнага цара Васіля Шуйскага (сэрыйнага забойцы, што напачатку прысягнуў беларусам, потым адхінуўся ад іх і паклікаў швэдаў, каб тыя дапамаглі яму ўмацавацца на Пскоўшчыне), і ўвогуле пра тую вайну, бясслаўную для расейскіх баяраў.

Ведаў ён і пра нядаўныя падзеі на заходніх землях Імпэрыі. Кампазытар распачаў сваю працу над “Гадуновым” у жніўні 1868-га – роўненька праз 4 гады пасьля таго, як у Пецярбургу быў пакараны сьмерцю Рамуальд Траўгут. Ці варта сумнявацца, на чыім баку быў дэмакрат Мусаргскі? Яму ж – у адрозьненьне ад Пушкіна – ня трэ было выслугоўвацца перад царом, каб здабыць чарговы прыдворны тытул на пацеху прыгожай жонцы! Недасягальны ў сваёй бескарысьлівасьці, ён мог дазволіць сабе гэтую раскошу – стварыць опэру пра вялікую кроў, на якой паўстаў трон расейскіх цароў.

Пытаньне ў тым, хто з рэжысэраў здольны гэткую опэру ўвасобіць на сцэне. Нават у Амэрыцы пастаноўшчыкі найчасьцей спакушаюцца на расейскую экзотыку, якою Мусаргскі прыхаваў крамольныя думкі. Чаго ж было чакаць ад нашых творцаў ці пецярбурска-маскоўскіх культуртрэгераў, якім пачаткова хацелі даверыць гэтую пастаноўку?

У 1993 г. у пэўных колах цалкам сур’ёзна абмяркоўвалася прапанова піцерскага рэжысэра Юр’я Аляксандрава (менавіта ён адарыў менчукоў гэткім “шэдэўрам”, як цяперашні “Рыгалета”) паставіць спэктакль пад красамоўнаю назваю “Цар Б.”. На шчасьце, Бог тады зьлітаваўся. Аднак самая ідэя паставіць на беларускай сцэне “Барыса Гадунова” ўвесь час сьвярбела ў мазгах кіраўніцтва.

Хоць Мікалай Пінігін і Зінові Марголін – так бы мовіць, Маркс і Энгельс беларускага тэатру — на прэс-канфэрэнцыях абяцалі пачаставаць нас авангардам. Гэты тандэм заўжды зьдзіўляе публіку. У “Ідыліі” – цудам ператварэньня, якое з прымітыўнага тэксту робіць скарбніцу паэзіі. У “Візыце дамы” – забытковым аўтамабілем, што езьдзіць па сцэне, жудасна псуючы паветра. У жыцьці – разьвітальнымі інтэрвію з нагоды эканамічнае эміграцыі ў Піцер, а таксама сваімі інтрыжкамі з камэрцыйным тэатрам. На гэты ж раз у іх атрымалася ўсё ж рутына – марудная жованка, крыху прыпраўленая перцам сучаснасьці, але ў сэнсе опэрна-тэатральнай тэхналёгіі адсталая ад Эўропы гадоў на 100, ня менш.

Опэра, што ні кажы, – мастацтва ў грунце сваім музычнае. Нездарма ж ва ўсім сьвеце опэрных рэжысэраў навучаюць у кансэрваторыях, дзе яны прымусова церпяць усе пакуты сальфэджыё і агульнага фартэпіяна! Цуду не адбылося. Пазбаўленыя натуральнага разуменьня музыкі, творцы спэктаклю ня здолелі прачытаць у ёй нават таго відавочнага сэнсу (жэстаў, інтанацыяў), які не патрабуе расшыфроўкі, а ўспрымаецца чуйным сэрцам. І атрымалася адцягненая, статычная схема з опэрнымі мужыкамі і бабамі, якую ня здолелі выратаваць аніякія прыдумкі рэжысэра і мастака, часьцяком сапраўды забаўныя. Напрыклад, адмысловая жалезная канструкцыя, на якую змарнавалі процьму часу і грошай (прэм’ера адкладвалася з кастрычніка на лістапад, зь лістапада на студзень). На пачатку і ў фінале опэры тая канструкцыя выглядае, як эскалятар у мэтро. Тут ёсьць прыемная для вока асэнсаванасьць: цар зыходзіць зь нябёсаў у народ, а потым у адчаі і сьмяротнай самоце ізноў караскаецца на тыя ж нябёсы, адкуль на яго літасьціва зьзяе блакітна-лазэрная зорка. У іншых сцэнах, павернуты ў профіль, гэты ж сталёвы монстар больш за ўсё нагадвае лыжны трамплін у Раўбічах; і тут ужо сэнсу ў ім меней, чымся ў скачках з трампліну на леташнюю траву.

Каб неяк скарыстаць з тае прылады, рэжысэр выдумаў неверагодныя мізансцэны. Уявіце восемдзесятгадовага ігумена-летапісца, які стаіць на трампліне і водзіць рукой па пюпітры для пісаньня, што ўздымаецца проста з падлогі на вышыню добрых пяці мэтраў! І дзеля гэтае “геніяльнае” задумы рэжысэр зьнявечыў пушкінскі верш: “А старец всё стоит да пишет” (у Пушкіна, дый ва ўсіх нармальных людзей, зразумела ж, сидит”!), – дый змусіў беднага сьпевака сам-насам змагацца з акустычнымі недарэчнасьцямі менскае залі.

У гэткай сытуацыі надта прыдаўся б дасьведчаны дырыжор (хіба Праватораў), які б патлумачыў сьпевакам-акторам, што ім трэба рабіць. На жаль, Вячаслаў Чарнуха, падобна, быў заняты зусім іншымі справамі. Увосень ён цалкам самастойна прадстаўляў беларускае мастацтва ў Японіі, бліжэй да Калядаў разам з салістамі і аркестрам зьехаў на гастролі на Кіпр, а перад самай прэм’ерай “Барыса” ўзмоцнена рыхтаваўся да беларускай дэкады ў Піцеры… Вынік жа такі, што дырыжор ледзь-ледзь спраўляецца з акампанэмэнтам, ня кажучы пра розныя музычныя тонкасьці. Застаецца спадзявацца, што сьпевакі і аркестар самі паступова нешта намацаюць, тым больш што сярод салістаў і музыкаў многа таленавітых людзей.

Пацешыў Васіль Кавальчук у ролі Варлаама; Сяржук Франкоўскі ў ролі Самазванца блізка падышоў да ідэальнага выкананьня. Што ж датычыць хору (які ж “Барыс Гадуноў” без славутага “вобразу народу”), дык тутака дзень і ноч рупіцца хармайстарка Ніна Ламановіч, а значыць – no problem.

Спэктакль адбыўся. І нават – дзякуй Богу – без залатых купалоў. Цікава, колькі пражыве гэты “Барыс” з жалезным пратэзам, умацаваным у яго замест сэрца і розуму? Асабліва ўлічваючы, што з такою жалезкаю будзе нязручна вандраваць па Эўропе.

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0