02.04.2001 / 13:00

Сяргей Мікулевіч. Пятае пакаленьне

№ 13 (222), 26 сакавіка — 2 красавіка 2001 г.


 Беларусь праз 100 гадоў

Пятае пакаленьне

Разважаючы пра Беларусь ХХІІ ст., не хацелася б заглыбляцца ў тэхнагенныя акалічнасьці, кшталту адміністрацыйна-плянавага разьмеркаваньня ападкаў у адпаведнасьці з патрэбамі сельскай гаспадаркі альбо штогадзінных усепагодных рэйсавых лятучых талерак “Менск—Бялынічы”. Нашмат цікавейшым падаецца “чалавечы чыньнік” — паспрабуем, абстрагаваўшыся ад НТП, паразважаць пра тое, якімі ў 2101 г. будуць беларусы – нашыя прапраўнукі.

Чамусьці заўсёды, уяўляючы будучыню, мы засяляем яе звышлюдзьмі, геніямі, сьвятымі – іншымі словамі, перакладаем на далёкіх нашчадкаў адказнасьць за нязьдзейсьненае намі сёньня, адказнасьць за нашую ляноту. Маўляў, “ня мы, дык нашыя дзеці...” Але менавіта з гэтай прычыны іхны ўнутраны сьвет наўрад ці будзе моцна розьніцца ад нашага. Зь якой гэта радасьці нашчадкам быць лепшымі за нас? Тым больш, што сто год — папросту мізэрны тэрмін для чалавечай натуры, якая застаецца нязьменнай цягам цэлых тысячагодзьдзяў і, скідаючы чарговую тэхнагенную абалонку, паўстае перад намі ў першасным сваім выглядзе. Напрыклад, хрысьціянізацыя Беларусі ў Х ст. і змаганьне з рэлігіяй у ХХ-м адбываліся па прыкладна аднолькавай схеме, ня кажучы ўжо пра мэтады – з тым хіба адрозьненьнем, што ў часы Ўсяслава не было дынаміту. Такім чынам, спадзявацца, што нейкія сто год кардынальна зьменяць беларусаў, узьнясуць на недасяжныя раней вышыні іх нацыянальную сьвядомасьць, спыняць экзыстэнцыйныя блуканьні, папросту не выпадае. Наўрад ці мы здолеем так хутка выйсьці з зачараванага кола, пакласьці край нашаму цыклічнаму руху паміж двума “мёртвымі пунктамі” – чарговай акупацыяй і нацыянальным адраджэньнем, з абавязковымі прамежкавымі стадыямі – чужой вайной на нашай тэрыторыі, свабодай, што валіцца немаведама адкуль, агульным разбродам у шэрагах патрыётаў і, урэшце, марнаваньнем ўсіх шанцаў. Што можа засьцерагчы нас ад гэтага ў будучыні?

Якраз беларуская народная аморфнасьць, традыцыяналізм, закансэрваванасьць ёсьць тымі магутнымі ахоўнымі мэханізмамі, якія выратуюць беларусаў, дапамогуць ім захавацца ў часе чарговага пераразьдзелу сьвету. Мы страшэнна ўбойлівыя і цьвердалобыя, нам немагчыма давесьці што-небудзь – бо лёгіцы й рацыяналізму ніколі не было месца ў нашым мэнталітэце. Мы жывем эмоцыямі й соннай генэтычнай памяцьцю, наш нацыянальны пэрыяд паўраспаду вымяраецца тысячамі год. Мы ня здатныя ўспрымаць урокі гісторыі – наш фаталізм супярэчыць гэтаму. Дый навошта, калі наперад ведаеш, што будзе далей? Калі ведаеш, што не застаецца нічога іншага, акрамя як стацца тым гумусам, на якім калісьці вырастуць кветкі, акрамя як рабіць сваю справу, ствараючы перадумовы для рыўка, што дазволіць выйсьці за межы зачараванага кола – ня нам і нават ня нашым дзецям.

У гэтым сутнасьць тае анэкдатычнае бязьмежнае цярплівасьці беларусаў, якая насамрэч зьяўляецца прыхаванай хцівасьцю (пра гэта ведаў кожны акупацыйны рэжым, хоць і баяўся часам сам сабе прызнацца), і дзякуючы якой Беларусь будзе жыць і праз сто, і празь дзьвесьце год. Тады, калі наш час скруціцца да памераў пяці радкоў у падручніку, дзясятка байтаў кампутарнае памяці, пары-тройкі імёнаў. А сёньняшнія палітычныя катаклізмы й эпахальныя падзеі будуць здавацца дробязьзю, звычайнымі складанасьцямі часоў усталяваньня дзяржаўнасьці.

Дзясяткі імёнаў, разуменьняў, рэаліяў зьнікнуць з даляглядаў памяці разам з нашым пакаленьнем. Зрэшты, “абцяжарваць памяць людзкую – не найлепшае на зямлі”. Тым больш тут – у звышнасычанай інфармацыяй зоне сэйсмічнай актыўнасьці матухны-гісторыі, дзе нам не на адно стагодзьдзе забясьпечаныя “цікавыя” часы.

Сяргей Мікулевіч


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру