08.10.2001 / 13:00

Беларусь як no man’s land

№ 41 (250), 8 кастрычніка 2001 г.


 Беларусь як no man’s land

З Маркам Карпам, дырэктарам польскага Інстытуту ўсходніх дасьледаваньняў, гутараць карэспандэнты Gazety Wyborczej Марцін Басацкі і Марцін Вайцяхоўскі.

 

— Чаму Расея столькі год трывае Лукашэнку?

— Не сказаў бы, што трывае. Ён, прынамсі цяпер, цалкам задавальняе Маскву, хоць бы тым, што ня ставіць Расеі ніякіх геапалітычных патрабаваньняў. Масква ніколі не плаціла Беларусі за транзыт свайго газу на Захад, ніколі ня мела тут праблемаў са сваімі вайсковымі базамі. А тое, што маскоўскія СМІ пішуць пра Лукашэнку, ня мае аніякага ўплыву ні на расейскую, ні на беларускую грамадзкую думку. Нягледзячы на вострую крытыку кіраўніка Беларусі ў мэдыях, расейцы не дамагаюцца, каб да высьвятленьня справы з “эскадронамі сьмерці” Пуцін перастаў сустракацца з Лукашэнкам. Апошні толькі аднойчы выклікаў абурэньне Масквы, калі з дапамогай мытнага саюзу паспрабаваў залезьці ў расейскі бюджэт. Але тагачасны прэм’ер Расеі Сяргей Кірыенка наведаў мяжу ў Берасьці, і сытуацыя ўрэгулявалася.

— Што магло б прымусіць Расею паўплываць на палітычную сытуацыю ў Беларусі?

— Ціск Захаду. Калі на розных канфэрэнцыях нагадваць Расеі, што яна нічога ня робіць, каб у Беларусі запанавалі сусьветныя стандарты, можа, Крэмль і паварушыцца. Бязьдзейнасьць Расеі — доказ таго, што Лукашэнка ёй не перашкаджае.

— Чаму Лукашэнка такі папулярны ў Беларусі?

— Гэта фэномэн. У Польшчы на Лукашэнку глядзяць як на крывавага дыктатара, які без ваганьняў стварыў сакрэтны швадрон для ліквідацыі праціўнікаў. Але насамрэч ён баязьлівец, што ўжывае гвалт толькі таемна і ў як мага меншым аб’ёме. Аднойчы, калі Лукашэнка быў у Горадні, каля тэатру, дзе ён сустракаўся зь мясцовай элітай, сабраліся апазыцыянэры. Мясцовыя ўлады хацелі разагнаць дэманстрантаў, але зьявіўся Лукашэнка, аблаяў міліцыянтаў і загадаў паадпускаць затрыманых дахаты. Людзі ў залі папракалі яго за такую лагоднасьць. Лукашэнка тлумачыў, што, калі раз праліецца кроў, вельмі няпроста будзе спыніць гэты струмень.

Лукашэнка даў беларусам пачуцьцё тоеснасьці. Хоць гучыць гэта дзіўна, але ён зрабіў для Беларусі тое, што для Польшчы ў свой час зьдзейсьнілі Лех Валенса, Папа ці кардынал Стэфан Вышыньскі. У Лукашэнку беларусы знайшлі лідэра. Ён такі, як яны.

Беларускі народ мае адметнасьць: можна вылучыць у ім артыстаў, навукоўцаў, калгасьнікаў, п’яніцаў, цьвярозых, але застаецца ён перадусім народам сялянскім. Вякамі беларускіх сялянаў прывучалі адрозьніваць сваё і чужое. Сваё — гэта вёска, чужое — панскі двор.

Панятак беларускага народу, мовы, літаратуры стварылі пры канцы ХІХ ст. людзі, што самі сябе вызналі за беларусаў. Але беларускія масы не ўспрынялі іх як беларусаў. Брат прафэсара Вацлава Іваноўскага — стваральніка першага беларускага лемантара — быў сэнатарам ІІ Рэчы Паспалітай. Сам Іваноўскі, хоць лічыў сябе беларусам, выкладаў у Варшаўскай палітэхніцы. Беларуская дзяячка Алаіза Пашкевіч пісала пад псэўданімам “Цётка”, але для народу заставалася жыхаркай маёнтку. Бальшыня незалежніцкіх дзеячоў выйшла з панскіх двароў, а таму не была прызнаная народам.

— Ці сёньняшнія нацыянальна-патрыятычныя эліты, якія будавалі незалежную Беларусь, гэтаксама адчужаныя?

— Асьцерагаюся ставіць тут знак роўнасьці, але ў значнай ступені гэта так.

— То бок, галоўным паказьнікам беларускасьці зьяўляецца антызаходнясьць і антыэлітарнасьць?

— Хутчэй тутэйшасьць. Польскія сяляне, дзякуючы такім постацям, як Вінцэнты Вітас ці прафэсар Станіслаў Пігонь, атрымалі пэўны ўзор паводзінаў, якія я коратка назваў бы імкненьнем да цывілізацыі, створанай гістарычнай традыцыяй і шляхецкай культурай. У Беларусі людзі ўважаюць сябе тутэйшымі і не адчуваюць патрэбы імкнуцца да нечага іншага. Лукашэнка цудоўна адчуў гэтую мэнтальнасьць. Ён кажа: мы беларусы, мы ў сябе дома і ўжо ня мусім пачуваццца ані горшымі расейцамі, ані горшымі палякамі, як было раней. Паколькі ён быў “шчырым”, яму паверылі. У гэтым прычына ягонае папулярнасьці.

— Ці мае апазыцыя шанцы застацца аб’яднанай пасьля прайграных выбараў?

— Вельмі зычыў бы ёй гэтага, хаця лягчэй дзяліцца, чым яднацца. Калі захавае здаровы глузд і ня дасьць Лукашэнку сябе пасварыць, то захавае адзінства.

— Як да Лукашэнкі ставіцца старая беларуская савецкая намэнклятура?

— Лукашэнка быў кіраўніком адсталага калгасу, а палітычную папулярнасьць здабыў, дзякуючы антыкарупцыйным лёзунгам. Ня дзіва, што для старой эліты і апарату ён абсалютна чужы. Нядаўна паўстала групоўка “За новую Беларусь”, электарат якой — людзі, зьвязаныя з апаратам, але якія дыстанцыяваліся ад Лукашэнкі. Калі б яны мелі доступ да мэдыяў і эканамічную праграму, можна было б гаварыць аб зародку сапраўднай апазыцыі, але харызма Лукашэнкі такая моцная, што яму ня трэба ніякая праграма, каб выйграць на выбарах у любога праціўніка.

— Чаму старая беларуская намэнклятура так лёгка дазволіла Лукашэнку сябе падпарадкаваць?

— Пасьля некалькіх паказальных працэсаў, на якіх былі асуджаныя прадпрымальныя бізнэсоўцы, дырэктары калгасаў, якія адаптаваліся да рынкавых рэаліяў, большасьць ня хоча высоўвацца.

Лукашэнка гатовы змагацца, калі адчувае пагрозу. Б’е па стале кулаком, але робіць гэта хутчэй каб напалохаць праціўніка, а не забіць.

— Што чакае Беларусь пасьля перамогі Лукашэнкі на выбарах?

— Адбудзецца павольнае стварэньне новага грамадзтва, якое паўстане вакол намэнклятуры. Aле пакуль яна ня сыдзе да “народу”, пакуль ня прыме правілаў дэмакратыі, датуль застанецца прыдворнай алігархіяй.

— Ці надоўга яшчэ хопіць Лукашэнкавай папулярнасьці? Няўжо беларусы не разумеюць, што ягонае кіраваньне ператварае краіну ў палітычна-цывілізацыйны музэй пад адкрытым небам?

— Ня ўпэўнены, што яны гэта бачаць. Дзяржава рэалізуе мінімум іхных чаканьняў. Разважаюць так: у Расеі ня плацяць пэнсіяў, а ў нас плацяць, у Расеі чачэнская вайна, а ў нас мір. Гэтага дастаткова, каб папулярнасьць прэзыдэнта трымалася. Большасьць беларусаў шануе яго за тое, што Лукашэнка хоча захаваць як мага больш з былога СССР. Калі паглядзець на ВУП ці іншыя эканамічныя паказьнікі Беларусі, то Лукашэнка даўно павінен быў страціць падтрымку. Але большасьць мяркуе, што ён гарантуе стабільнасьць. Бо калі дзяржава забясьпечвае пастаўкі газу, электрычнасьці, мінімальны ўзровень камунікацыяў — гэта яшчэ ня самае горшае.

— Але ў нейкі момант дзяржаве ня хопіць грошай нават на галодныя пэнсіі.

— Ужо бракуе. Але Лукашэнка яшчэ не адчувае, што ягоны рэжым вычарпаў сябе. Апроч таго, напалоханы лёсам Піначэта ці Мілошавіча, ён будзе яшчэ больш сутаргава трымацца за ўладу.

— Маладыя беларусы адрозьніваюцца ад пакаленьняў, выхаваных у СССР?

— Яны зусім іншыя. Знаёмыя з нармалёвым сьветам, у значнай ступені дзякуючы Польшчы, якая зараз зьяўляецца для іх найбольш даступнай. Праз 20 гадоў, калі тое пакаленьне атрымае права голасу, паўстане нарэшце грамадзкая сіла, якая штурхне Беларусь наперад. У Польшчы працэс пераменаў таксама цягнуўся пакаленьнямі. Ад раньняга Герка да Круглага стала мінула амаль 20 гадоў. Гэтак, відаць, будзе і ў Беларусі.

— Што за гэты час станецца зь беларускай культурай і мовай? Ці ёсьць шанцы на спыненьне русіфікацыі?

— Ужо не. Калі б першым прэзыдэнтам стаў Зянон Пазьняк, лідэр БНФ, магчыма, атрымалася б спыніць русіфікацыю, прымусіўшы людзей вучыць беларускую мову. Але цяпер ніводзін урад у Менску не наважыцца на прымусовую беларусізацыю. Лягчэй беларусам рухацца ў прасторы расейскае мовы, чым ствараць усё ад пачатку па-беларуску.

— Усё паказвае на тое, што прорва паміж Беларусяй і Захадам будзе паглыбляцца. А можа, Эўропа павінна адмовіцца ад астракізму ў дачыненьні да Лукашэнкі і пераконваць яго ў патрэбе паступовай мадэрнізацыі краіны?

— Астракізм нічога не дае, але Лукашэнка ніколі не мадэрнізуе Беларусі. Ён меў такія пляны напачатку, але пакінуў іх, калі пасьля першых падвышэньняў цэнаў пачаліся дэманстрацыі. Лукашэнка абраў мадэль цэнтральнага плянаваньня, якое кожнаму дае па лыжачцы, абы ня мерлі з голаду.

Вялікай пагрозай для Беларусі зьяўляецца таксама залежнасьць ад Масквы. Найлепшыя прадпрыемствы апаноўваюць расейскія фірмы. Расьце колькасьць дамоваў, што зьвязваюць эканомікі дзьвюх краінаў. Калі да ўлады прыйдзе новае пакаленьне, гэтую тэндэнцыю ўжо немагчыма будзе пераламіць.

— Ці маглі б Эўразьвяз і Польшча зьмяніць сытуацыю ў Беларусі?

— Баюся, што не. За 20 гадоў беларускі народ дасьпее і будзе гатовы ісьці ў Эўропу. Толькі што тады Эўропа будзе ўжо шмат далей, чым сёньня, і для беларусаў можа ня быць у ёй месца.

Цывілізацыйная прорва, што вымалёўваецца сёньня ў Эўропе на стыку праваслаўя і лацінскага хрысьціянства, будзе адным з найбольшых падзелаў ХХІ ст. Цяпер ніхто ня ведае, як даць ёй рады.

Пераклад з польскай са скарачэньнямі паводле
Gazety Wyborczej

MaрАк Карп — з 1990 г. дырэктар Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў пры Міністэрстве гаспадаркі. Цэнтар адсочвае друк і мэдыі на абшарах былога СССР і Балканаў, рыхтуе інфармацыйныя бюлетэні, даклады і аналізы для палітыкаў і навуковых цэнтраў


Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру