ВОДГУКІ

 

Ліст да Алеся Эроціча

Што гэта было ў нумары ад 18 студзеня пад загалоўкам “Нямецкая жанчына – хто яна?” – пытаюся я. І сама сабе адказваю: Алесь Эроціч піша пра нямецкі фэмінізм. Ён пасяліўся ў раёне Кройцбэрг, дзе жывуць радыкальныя фэміністкі, напужаўся агрэсіўных хуліганак і лічыць цяпер сябе спэцом па фэмінізьме, мудрым вэтэранам гендэрных боек, які мае права зьбіраць вакол сябе хлопчыкаў і дзяўчынак ды вяшчаць: “От нашы славянскія жанчыны самыя лепшыя, самыя прыгожыя й жаноцкія, носяць дзяцей 9 месяцаў, трываюць у шлюбе да апошняга, апранаюцца па-жаноцку, нават па гурбах і сумётах лазяць на шпільках і ў калготках-сетачках, заўсёды слабыя, пяшчотныя і мілыя, нават калі пруць торбу, вырачыўшы вочы. Ня умешваюцца актыўна ў палітыку, эканоміку й войска, як нямецкія “жалезныя кабылы”.

 

Ня ўмешваемся, сп.Эроціч. Усё ў Беларусі зрабілі мужчыны сваімі цяп-ляп-ручанятамі – і войска, і палітыку, і эканоміку. Мы толькі снарады падносілі й лавілі іх на свае галовы. Мы, сапраўдныя жанчыны, да гэтага звыклыя. Пакуль нашы паўдуркі гойсаюць па плянэце са “стынгерамі” й “калашамі”, гуляюць у вайнушку, мы сядзім у сваіх вігвамах і трасемся: пранясе – не пранясе. Часам і не праносіць: у любой вайне на 1 забітага жаўнера прыпадае 10–15 забітых жанчын і дзяцей. Такая ж арытмэтыка з параненымі й скалечанымі. Потым героі вяртаюцца з войска ў шнарах і трасуць мэдалямі. А іхныя жонкі – пяшчоткі жаноцкія – у гэты час аралі на сабе, валілі лес ды аднаўлялі гаспадарку.

Немкі на сабе араць ня будуць – ні ў вайну, ні ў мірны час. Мне падаецца, што гэта Вас і раздражняе ў немках.

Вы, Алесю, пішаце пра тое, што, разбурыўшы адвечную сыстэму “трох К”, новая жанчына нічога не дала ўзамен. Каб не было альтэрнатывы, ніхто б і ня стаў руйнаваць тыя тры К. Фэмінізм – гэта паважная альтэрнатыва, плённая філязофская ідэя, спроба пераадолець сьвет і ягонае ліха. У сучасным фэмінізьме каля двух дзясяткаў плыняў – хоць заліся. Сярод гэтых плыняў ёсьць і радыкальныя – як ёсьць агрэсіўныя групоўкі скінгедаў, панкаў, левакоў. Агрэсіўныя людзі найчасьцей не надзеленыя поўнай, самадастатковай асабістасьцю й жывуць калёніямі, як каралы ў акіяне. Фэміністкі больш інтэлектуальнага кшталту жывуць і працуюць там, дзе ім добра. Яны могуць быць сабою і не зьбіваючыся ў статкі. Мы, фэміністкі, раскіданыя па ўсёй эўраатлянтычнай прасторы.

Зянон Пазьняк некалі з гонарам сказаў, што беларускамоўныя ня крадуць і ня хлусяць. Так і было, пакуль беларускамоўныя былі вузкай сэктай людзей, загнаных варожым сьветам. “Не сьвіняч, каб ня ганьбіць беларускамоўных”, – казалі мы сабе. Цяпер, калі мы нацыя (хай сабе й невялікая – тысяч 500 на 10 млн.), сярод нас ёсьць зладзеі й героі, апойкі й алімэнтнікі, гулякі й хлусы. Можам сабе дазволіць і пасьвінячыць. Нешта гэткае і з фэміністкамі. Панятак жаноцкасьці быў несумяшчальны з хуліганскімі паводзінамі або непрыстойнымі манерамі. Існавалі забароны нават на позы й жэсты: ног не расстаўляй, рукамі не матляй, не сутулься, не рагачы, будзь сьціплай. Існавала несьвядомае табу на заваёву камунікатыўнай прасторы: мужчына мог займаць шмат месца, гучна гаварыць, энэргічна жэстыкуляваць, весьці рэй. Жанчыну, якая гэтак сябе паводзіла, адразу залічвалі да “бой-бабаў”. Каб пазбыцца гэтых путаў, жанчынам давялося моцна рвануцца. Многія пры тым зарваліся. І хай зарываюцца, пакуль гэта не парушае закону. Я й сама мару праляцець на браневіку па раёне Кройцбэрг у бэрцах і балахоне, матляючы чорна-чырвоным сьцягам і гарлаючы. І я зраблю гэта.

Цяпер сярод жанчын ёсьць старасьвецкія ціхоні з трапяткімі блакітнымі жылкамі на шыях, ёсьць дарагія й нахабныя львіцы, ёсьць спраўныя бізнэс-цёткі, ёсьць даўгахвостыя вольныя мастачкі й анархічныя багематозныя абдрыпанкі. Больш за тое, кожная з нас можа пакаштаваць гэтых ды іншых роляў. А тады ўжо абраць сабе лад жыцьця. І каб ніхто пры гэтым на мяне ня пікнуў і ня цыкнуў. Мы свабодныя! Свабодныя! Свабодныя! Вы самі ведаеце, Алесю, які гэта п’янкі напой. Ён смачнейшы нават за шчасьце.

Так, сёньня грамадзтва атамізуецца, бальшыня людзей абірае паасобнае пражываньне. Гэта нармалёвы працэс. Чалавек увогуле ня любіць ацірацца бакамі аб суседа, як карова ў стойле. Прырода сапраўды імкнецца да гармоніі, аднак працэс набыцьця раўнавагі рухомы й вечны, шалі не стаяць на месцы. Усё цячэ, усё зьмяняецца. Што да мяне, дык сёньняшні сьвет падабаецца мне больш, чым улюбёны Вамі патрыярхальны, калі мужчын было не спыніць, не стрымаць, а мы, кабеты, маглі ўплываць на лёсы сьвету толькі праз хлусьню й маніпуляваньне. Нам больш падабаецца кіраваць як Маргарэт Тэтчэр, а не як мадам Пампадур.

У сёньняшнім сьвеце любові не паменела, а вось праўды паболела.

Цётка Ева, фэміністка на памяле

Пра мову ў Купалаўскім

Апошнім часам у “НН” ужо двойчы закраналася тэма мовы ў Купалаўскім тэатры. Юлія Андрэева пісала пра тое, што там не хацелі ўсур’ёз успрымаць беларускай мовы, калі яна патэлефанавала ў рэжысэрскую, а Зьміцер Бартосік пісаў пра тое, што ў бары тэатру ня чуў ад актораў беларускай мовы. Мяне гэтая тэма хвалюе здаўна.

 

Восеньню 1980 г. я трапіў на спэктакль па п’есе Аляксандра Гельмана “Пратакол аднаго пасяджэньня”. У галоўнай ролі быў Мікалай Яроменка. Раней мне не даводзілася бачыць гэтага актора на сцэне, а вось у кінафільмах – бачыў. Вядома, што беларускіх актораў амаль не запрашалі на ролі. Нават на “Беларусьфільме” здымаліся найчасьцей маскоўскія артысты. Таму я вырашыў, што Яроменка прыехаў з Масквы і грае на беларускай сцэне “ў парадку творчага абмену”. Маё ўражаньне падмацоўвалася тым, што актор зь цяжкасьцю вымаўляў беларускія канчаткі, яму ніяк не даваліся цьвёрдыя “ч” і “ш”. Але я быў яму ўдзячны, думаў: “Прыехаў чалавек з Масквы, мовы ня ведае, але стараецца”. Якім жа было маё зьдзіўленьне, калі неўзабаве даведаўся, што ён з 1948 г. граў у беларускіх тэатрах! Пасьля гэтага я стаў больш уважліва прыслухоўвацца да мовы актораў і заўважыў, што няўпэўнена валодаюць мовай і іншыя артысты. Аднойчы выходжу з мэтро на “Кастрычніцкай” і бачу: наперадзе ідуць народны артыст СССР Віктар Тарасаў і народны артыст БССР Генадзь Аўсяньнікаў – знакамітыя акторы тэатру імя Янкі Купалы. Набліжаюся, каб паслухаць, як гучыць беларуская мова з вуснаў знакамітых, і чую: Тарасаў гаворыць чыста па-расейску, а Аўсяньнікаў знаёмай трасяначкай, быццам беларускі вясковы дзядзька, што трапіў у вялікі горад ды імкнецца ўжываць расейскія словы, каб, крый божа, ня вызналі за “калхозьніка”. Пасьля гэтага я вырашыў: ня варта хадзіць у тэатар, дзе так непатрабавальна ставяцца да асноўнага ў працы беларускага артыста – да беларускай мовы. У гэты час я стаў праводзіць у камандзіроўках у Маскве больш часу, чым дома, наведаў амаль усе маскоўскія тэатры. Я глядзеў там спэктаклі без напружанага чаканьня, што нейкі актор раптам спатыкнеца, няправільна стане вымаўляць расейскія словы і сапсуе спэктакль. Недзе ў другой палове 80-х Купалаўскі тэатар прыехаў у Маскву на гастролі. Я не стрываў і пайшоў на “Мудрамер” па п’есе Мікалая Матукоўскага. Быў цёплы сонечны дзень. Перад уваходам стаяла група людзей. Нутром адчуў – нашы. Падыходжу бліжэй і чую нейкую незразумелую сумесь расейскіх і беларускіх словаў. Гэта не была трасянка, гэта была сьвядомая сумесь словаў. Яны імкнуліся, відаць, такім чынам захаваць беларускі калярыт і адначасна быць зразуметымі масквічамі. Але збоку чуць гэта было дзіўна і прыкра. Сам жа спэктакль пацьвердзіў, што старая хвароба засталася: зноў непарадак зь беларускай мовай. Тады ж я пазнаёміўся з мастацтвазнаўцам Генадзем Сокалавым-Кубаем і аднойчы падзяліўся зь ім сваімі думкамі наконт мовы актораў Купалаўскага тэатру, на што ён мне адказаў: “А чаго ж вы чакалі, калі рэпэтыцыі там праводзіліся на расейскай мове?” Я ня стаў распытваць далей. І так было зразумела, што беларуская мова для большасьці актораў тэатру імя Янкі Купалы – ня родная: прыйшлі на працу, адыгралі спэктакль па-беларуску, выйшлі за кулісы і забыліся на яе да наступнага выхаду на сцэну.

Валеры Палсьцюк, Менск

Тое самае, толькі прозай

Мяне не зьдзіўляе ультракрытычнае стаўленьне Алеся Чобата да беларускай апазыцыі, яе мэтаў і дзейнасьці. Усё гэта – звычайны стан ягонае душы ў апошнія гады. Нехта б сказаў, што аўтар пад узьдзеяньнем вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў кінуўся ў адчай, у перагляд мінулага й г.д. Але такое было й раней. Вось паказальны верш са зборніка Алеся Чобата “Новая Галілея”, датаваны яшчэ 1995 г.:

 

Капрыз гісторыі? Ці толькі лёс народу?

Ня наша гэта справа, і свабода –

ня наша справа! Не такія мы.

Як загадаюць, тая будзе воля,

такі парадак і такая доля.

Шлях да нічога – ясны і прамы.

А як яшчэ? Нам добра й безь нічога.

Як загадаюць – тая і дарога

хай будзе лепшая, абы не да турмы!

А гэтая Айчына ці свабода –

адна хвароба для душы народу

і страта часу. Не такія мы.

Сёньня Чобат зноўку выкладае тыя самыя думкі, толькі не рыфмуе іх. Таму й рэзанасу болей, бо ня ўсе ж да вершаў прыслухоўваліся, дый чытацкая аўдыторыя паболела.

Чобат зьедліва нагадвае, як БНФ у Вярхоўным Савеце “праекты законаў пісаў невядома каму і навошта”. На мой погляд, заканатворчая праца фракцыі БНФ (высілкі ўсяго 30 чалавек!) зрабіла зь віртуальнай РБ рэальную Рэспубліку Беларусь.

Дэпутаты ад БНФ зрабілі ўсё магчымае, што толькі маглі зрабіць, маючы дэпутацкі мандат. Вярхоўны Савет ХІІ скліканьня прыняў 1719 заканадаўчых актаў, у тым ліку 404 законы. Наступны Вярхоўны Савет пасьпеў прыняць у тры разы меней, а новых законаў усяго 13.

Гэта быў толькі неабходны прававы падмурак, апірышча, на якім сфармавалася новая беларуская дзяржава.

Для Чобата і беларуская гісторыя, і палітыка, і шмат іншага выглядае вельмі проста. Маўляў, як толькі гэтыя дурні-апазыцыянэры не здагадаліся, што рабіць трэба было вось так і так. Што ж, спрачацца ня будзем. Але як недарэчна гучаць зараз ягоныя показкі пра “народную рэвалюцыю” 1994 г. і “народную легенду” са Шклова. Колькі ўжо казалася пра прыхаваны зьмест гэтых падзеяў, аб крамлёўскіх паліттэхналёгіях і кагэбэшных маніпуляцыях… Забываючыся пра гэта, так лёгка паверыць у выпадковасьць дзяржаўна-палітычных зьменаў у Беларусі. Таму нельга не працытаваць яшчэ аднаго месца з “Новай Галілеі”:

Лёгка ўсё разумець і разумнаму піць!

Толькі дзятлік дзяўбе і ня можа прабіць

тую крыўду – на час і на Бога.

Зрэшты, нават ня крыўду, а выбар пусты,

ды яшчэ невядома – ці сам выбраў ты,

ці ўжо так павярнула дарога.

Але я ўсё ж веру ў перамогу сьвядомага выбару.

Сяржук Аржанцаў, Клімавічы