З усёй краіны

 

Найлепшы прадпрымальнік

На Мядзельшчыне вызначылі найлепшага прадпрымальніка. Ім стаў Леанід Дзевялтоўскі з Крывічоў. У мястэчку ён мае краму і пастаянна дапамагае мясцоваму дзіцячаму садку. Апроч ягонай, у мястэчку ёсьць яшчэ дзьве прыватныя крамы. Адну трымаюць браты Станкевічы, другую — Асановіч.

Сяргей Зьвяруга, Мядзел

Няма чым плаціць за кроў

З 4 сакавіка ў аддзяленьні пераліваньня крыві Горацкае больніцы перасталі прымаць кроў у донараў-навічкоў, прапануючы патэлефанаваць у траўні або здаваць кроў бясплатна. Няма грошай. Раней тут прымалі кроў у дваццаці чалавек на дзень, але цяпер матэрыяльную кампэнсацыю ў 19,5 тыс. рублёў гарантуюць толькі дзесяці донарам. За першыя два месяцы гэтага году кроў здалі 280 чалавек, і раённаму бюджэту гэта абышлося больш чым у пяць з паловай мільёнаў рублёў. Дактары прапануюць родным хворых, якім неабходна пераліваньне, ахвяраваць кроў за 4500 рублёў на ўзмоцненае харчаваньне. У Горках 348 чалавек стала здаюць кроў ад 2 да 5 разоў на год, 40 зь іх маюць званьне ганаровых донараў. Але навічкі ў ганаровыя донары не імкнуцца. Усе як адзін кажуць, што, як толькі пачнуць зарабляць грошы, больш сюды ніколі ня прыйдуць.

Натальля Кіраенкава, Горкі

Бярозавыя грошы

У Кобрыні некаторыя спрытныя грамадзяне зарабляюць тым, што прадаюць ахвочым бярозавы сок па 4 тыс. рублёў за 40-літровую флягу. Гэтыя здабытчыкі нават не пасьпяваюць развозіць флягі па горадзе — гэтулькі замоваў.

Настаўнікі й вучні

Супрацоўнікі Кобрынскага РУУС затрымалі непаўналетняга юнака, якога падазраюць у крадзяжы 8700 даляраў і 40 тыс. беларускіх рублёў з дому ягонай настаўніцы, жыхаркі вёскі Гайкоўка.

Працуюць ВІЧ-інфікаваныя прастытуткі

Паводле афіцыйнае інфармацыі, на Берасьцейшчыне прастытуцыяй займаюцца некалькі соцень кабетаў. 341 жанчына (110 зь іх — берасьцейкі) стаіць на ўліку ў міліцыі. У Берасьці працуюць 3 ВІЧ-інфікаваныя прастытуткі. Вядома, кліентаў яны аб гэтым не папярэджваюць.

Для гурманаў

На Бярозаўскім мясакансэрвавым камбінаце распрацавалі новыя сасіскі “Гурман”, адметнасьць якіх у тым, што яны вырабляюцца з аднаго толькі мяса, безь ніякіх дабавак.

І.Хведаровіч, Берасьце

Бясплатных лекаў ня стала

Інваліды, пэнсіянэры, вэтэраны, “аўганцы” і “ліквідатары”, што жывуць у Сьветлагорску, з 6 сакавіка перасталі атрымліваць бясплатныя лекі. Тэрытарыяльнае мэдычнае аб’яднаньне Сьветлагорскага раёну вінаватае аптэцы вялікія грошы, а плаціць няма чым. Лекарам загадана выпісваць ільготныя рэцэпты толькі хворым на рак, цукровы дыябэт, астму, эпілепсію ды шызафрэнію — тым, хто бязь лекаў проста загіне або наробіць шмат бяды. Астатнія цяпер мусяць купляць лекі па поўнай цане.

Вадзім Болбас, Сьветлагорск

Дрэвы ці газаправод

У вайсковым авіягарадку ў Баранавічах адбыўся стыхійны мітынг у абарону дрэваў. Жыхарка аднаго з дамоў, убачыўшы, як работнікі ЖКГ сякуць арабіны, якія яна некалі сама садзіла, выскачыла на двор і нарабіла гвалту. Зьбегліся жыхары навакольных дамоў і спынілі зьнішчэньне дрэваў. Спэцыялісты ЖКГ кажуць, што ўзяцца за сякеры ім загадалі ў гаргазе: карані дрэваў і кустоў дарасьлі да газаправоду ды могуць яго пашкодзіць.

Забіўся чалавек

З акна 4-га паверху Ляхавіцкай раённай больніцы вываліўся чалавек. Пацыент тэрапэўтычнага аддзяленьня 1930 г.н. зь вёскі Вялікая Латва, даўшыся вобзем, памёр на месцы. Дактары кажуць, што ён ужо доўгі час меў нэрвовую хваробу.

Руслан Равяка, Баранавічы

Беларускамоўныя яблыкі

На маладзечанскім прадуктовым рынку толькі ў адным месцы — у палатцы Тацяны Канабраткінай — усе цэтлікі на беларускай мове. Дый сама жанчына размаўляе толькі па-беларуску. “Беларускамоўныя” яблыкі карыстаюцца попытам у пакупнікоў, як, зрэшты, і іншая садавіна ды агародніна. А “разынкі” часам выклікаюць пытаньні...

Цяжкасьці з абуткам

У Беларусі непажадана мець ногі “нестандартных” (завялікіх альбо замалых) памераў. Так, Радзівон Карповіч з Маладзечна марна шукаў зімовы абутак 50-га памеру як у сваім горадзе, так і ў сталіцы. Урэшце знаёмая прывезла яму боты зь Нямеччыны, хоць і там давялося рабіць спэцыяльны заказ у горадзе Таўрынф, дзе ёсьць крама вялікага абутку. Боты гішпанскага паходжаньня каштавалі 170 эўра (каля 260 тыс. руб.).

“Рэгіянальная газета”

Рабіце стаўкі, панове

Першая букмэйкерская кантора “Гулец” адчынілася ў Воршы. Мінімальная стаўка на спартовыя падзеі складае 2 тыс. рублёў. Самы вялікі выйгрыш пакуль — 13 тысячаў.

Віктар Лютынскі, Ворша

Трактарызацыя

Жыхары Чэрыкаўшчыны на сёньня маюць 12 трактароў “Т-40”, 53 — “МТЗ-82-82”, 32 – “Т-25”, 31 трактар “Т-16” ды 16 самаробных трактароў. І гэта — без уліку фэрмэрскіх гаспадарак. Такой колькасьці тэхнікі хапіла б на 9 сёньняшніх калгасаў раёну.

“Заклік Ільіча”, Чэрыкаў

Мядзельшчына багацее

На Мядзельшчыне маецца ажно тысяча ўладальнікаў плястыкавых картак “Беларусбанку”. Гэта болей, чым у іншых раёнах Менскай вобласьці. Улады мяркуюць паставіць яшчэ два тэрміналы — у Мядзеле і ў Купе.

“Рэгіянальная газета”

Зьніклі тры вёскі

На Прапойшчыне паменела на тры вёскі. Людзі там не жывуць ужо даўно, і вось цяпер райвыканкам афіцыйна іх “скасаваў”. Адгэтуль вёскі Бахань, Рабінаўка і Трасьліўка ня будуць пазначацца на мапах.

“Ленінскае слова”, Прапойск

 

 

футбол

У амбітнай групе

28 cакавiка канчаткова акрэсьліліся адборачныя групы на чэмпiянат Эўропы па футболе. Усяго створана 10 групаў па 5 камандаў. Фiнал чэмпiянату Эўропы 2004 г. пройдзе ад 12 чэрвеня да 4 лiпеня ў Партугалii. У ім возьмуць удзел 16 зборных: Партугалiя па праве гаспадара, 10 пераможцаў адборачных групаў ды 5 пераможцаў сутыкавых гульняў памiж другiмi камандамi групаў (гэтыя гульнi заплянаваныя на 15—16 i 18—19 лiстапада 2003 г.).

У “нашай” групе, бадай, самая вялiкая канцэнтрацыя амбiцыяў ды нерэалiзаваных памкненьняў (адразу чатыры ўдзельнiкi спынiлiся за крок ад чэмпiянату сьвету—2002). Мы сёлета ўвосень маем тры гульні: 7 верасьня ў гасьцёх з Галяндыяй, 12 кастрычніка дома з Аўстрыяй, 16 кастрычніка ў гасьцёх з Чэхiяй. Нашыя трэнэры кажуць, што першую й апошнюю сустрэчы лепш было б правесьцi дома, а атрымалася якраз наадварот. А ў апошнiм туры нашая каманда будзе свабоднай ад гульняў (у групе пяць камандаў, і ў кожным туры нехта мусiць адпачываць).

Такiм чынам, нашая задача-мінімум — заняць другое месца ў групе. Хоць больш рэальнай выглядала б фармулёўка “пазмагацца за другое месца”. Цiкава параўнаць, якая група “цяжэйшая” — тая, што была ў нас у папярэднiм адборачным цыкле, цi тая, якая дасталася гэтым разам. Падставай для такога параўнаньня могуць паслужыць вынiкi таварыскiх матчаў, што адбылiся ў Эўропе 27 сакавiка.

Нашыя былыя супернiкi ў чатырох сустрэчах два разы прайгралi i два разы згулялi ўнiчыю (2 пункты, розьнiца мячоў 1—6). Цяперашнiя — мелi дзьве перамогi, нiчыю i паражэньне (7 пунктаў, мячы 3—2). Некаторыя вынiкi матчаў былых супернiкаў проста сэнсацыйныя. Польшча прайграла дома... Японii (0:2), а Ўкраiна была разгромленая ў Румынii (1:4, пасьля першых 36 хвілінаў у гульнi — 0:4). Праўда, за Ўкраiну не гуляў Шаўчэнка.

Цяперашнiя супернiкі прадэманстравалi пэўныя праблемы ў атацы. Так, Чэхiя згуляла ў гасьцёх з валiйцамi 0:0, а галяндцы дома выйгралi ў Гiшпанii ўсяго гол — 1:0 (аднак бяз ван Нiстэлроя i Бэргкампа). Эстонiя выйграла ў Расеi 2:1 (абодва галы забiў Опэр, якi гады два таму “прайшоўся” i па беларускай зборнай), Партугалiя дома прайграла Фiнляндыi 1:4.

Той дзень быў адмыслова выдзелены ў эўрапейскiм футбольным календары для таварыскiх гульняў нацыянальных камандаў. З гэтай магчымасьцi скарысталi ажно 43 эўрапейскiя зборныя — аднак ня мы. Кажуць, што гэтак адгукаецца наша адмова згуляць таварыскую гульню з партугальцамi ў жнiўнi мiнулага году. А мо прычына яшчэ больш банальная: пакуль што няма ў нас каманды, здольнай згуляць прыстойна, на ўзроўнi мiнулага цыклу. Тым часам да пачатку новага — усяго пяць месяцаў.

A.U.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0