26.04.2002 / 13:00

Людка Сільнова. Блакітны і жоўты

№ 16 (278), 26 красавіка 2002 г.


Блакітны і жоўты

Мая суседка Ларыса купіла блакітнае кацяня. За сто даляраў, кажа, на выставе катоў. Трохмесячную кранальную котачку. І з такім доўгім радаводам, з пайменным пералікам продкаў! Ня меней — зь Сярэднявечча.

Сяджу ў яе ў гасьцях, губляючыся ва ўтульным фатэлі. П’ю каву. А Ларыса, узяўшы свайго блакітнага пухнаціка на калені, куляе яго з боку на бок, гушкае, гуляе, прыпадымаючы за пярэднія лапкі.

— Ах ты, мусі-пусі!.. Кіць-кіць-кіць!.. — “размаўляе” яна зь ім у экстазе замілаваньня.

Цікава, на якой гэта мове? Што гэта за трасянка? Зь якога ўнармаванага моўнага “сена” і дзікай, пэўна, яшчэ дагістарычнай “саломы”?

…Кажуць, першымі вылучанымі і асэнсаванымі колерамі ў чалавецтва былі белы (дзень), чорны (ноч) і чырвоны (кроў). Менавіта такія плямы, рысы маляваліся і спляталіся ў першых сакральных рытуалах.

Пазьней да тых колераў далучыўся блакітны, ён жа сіні. Як знак Неба і багоў. І — мужчыны. (Помню блакітныя стужкі вакол коўдрачкі немаўляці-сына… Той крухмальны белы кокан Будучыні…)

На блакітным небе панавала жыцьцядайнае сонца. Спачатку яго пазначалі чырвоным колерам, але пазьней па-новаму — жоўтым і залатым.

Самога Хрыста, Сына Божага, мастакі апраналі, акрамя белых, у блакітныя строі. А накідку зьверху меў чырвоную: нябесны Дух, загорнуты ў зямную матэрыю. І золата вакол галавы. Божая Маці, наадварот, традыцыйна выяўлялася ў чырвоным убраньні й накідцы сіняга колеру: зямная жанчына, ахінутая ўвагай нябёсаў, абраньніца.

Цікава, што наша любоўная лірыка мае падмуркам гэтую колеравую сыстэму — блакітны і жоўты. “Лотаці жоўты сон… Веяў, вуснаў Эдэм… Я ў ім тану, тану…” (Ігар Бабкоў).

Украінскі нацянальны сьцяг мае блакітны і жоўты колеры. Наша беларуская “шлюбная пара” колераў — белы і чырвоны — больш архаічная.

Ад зьмяшаньня жоўтай і блакітнай фарбаў атрымліваецца зялёная. І хто гэта нам у Беларусь апошнія гады зьлівае зялёную Ўкраіну — Беларусь ва Ўкраіну адпаведна?..

Блакітныя, блазенскія пытаньні…

Жоўтыя, залатыя адказы…

Людка Сільнова


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру