05.07.2002 / 13:00

Фінляндыя – гэта “Nokia”

№ 25 (287), 5 ліпеня 2002 г.


Фінляндыя – гэта “Nokia”

 

Гадоў дзесяць таму Фінляндыя з 5-мільённым насельніцтвам, разьмешчаная на паўночным ускрайку Эўропы, здавалася цалкам беспэрспэктыўнай. Краіна аддаўна знаходзілася пад апекай Расеі, і пасьля канца Савецкага Саюзу фіны страцілі большую частку экспартных рынкаў. Пачаўся эканамічны спад, беспрацоўе на пачатку 90-х дасягала 20%. Але ўжо ў 2001 г., паводле вынікаў апытаньня, зладжанага ў рамках Сусьветнага эканамічнага форуму, гаспадарка Фінляндыі была прызнаная самай канкурэнтаздольнай на плянэце, абышоўшы нават амэрыканскую, якая апынулася на другім месцы. Не ў апошнюю чаргу гэта адбылося дзякуючы слыннай фірме “Nokia”.

Гэта досыць старая кампанія. Заснаваная яна была ў 1865 г. і паўтара стагодзьдзя вырабляла кеды й кабэлі, шыны для ровараў і тэлевізары, плашчы й туалетную паперу. У тэлекамунікацыйным бізнэсе “Nokia” з 1960-га. У 1989 г. малады мэнэджэр кампаніі Маці Алахухта ўзяў на працы гадавы адпачынак. Ён паставіў сабе мэту ўсур’ёз разабрацца, ці можа, і калі можа, дык якім чынам кампанія сярэдніх памераў абысьці магутных канкурэнтаў ды заняць дамінуючыя пазыцыі ў бізнэсе высокіх тэхналёгій. 12 месяцаў Алахухта прабыў у рэзыдэнцыі швайцарскай бізнэс-школы IMD, дзе вывучаў лёс такіх фірмаў.

Вынікам працы стала дысэртацыя з адказам: каб заваяваць сьвет, неабавязкова быць гігантам ад нараджэньня. Галоўнае — новая тэхналёгія, якая зьмяшчае ў сабе нешта асаблівае, што карэнным чынам зьмяняе правілы гульні, ператварае ўсіх гульцоў, незалежна ад іх досьведу й фінансавых магчымасьцяў, у пачаткоўцаў. Калі “ўсе пачынаюць з нулявой рынкавай часткі”.

Акурат тады такая тэхналёгія пачала пашырацца. Гэта была вытворчасьць прыладаў і абсталяваньня для мабільнай сувязі. Электронныя монстры “Motorola”, “Ericsson”, “Siemens”, “Philips” і “Alcatel” кінуліся засвойваць гэты рынак. У іх было ўсё: маштабы, досьвед, дыстрыбутарскія сеткі, праектна-канструктарскія магчымасьці. Але расквітнеў іх шмат драбнейшы супернік, што дзейнічаў згодна з рэцэптамі Маці Алахухты.

Абсалютная бальшыня дзяржаваў мае нацыянальных тэлефонных апэратараў, якія закупляюць абсталяваньне ў нацыянальных вытворцаў. У Фінляндыі заўжды функцыянавала мноства тэлефонных кампаніяў, і вытворцы абсталяваньня з усяго сьвету канкуравалі за права быць пастаўнікамі. А таму ў “Nokia” ўвесь час быў стымул разьвівацца.

Скандынаўскія краіны былі зацікаўленыя ва ўкараненьні мабільных камунікацыяў. Яшчэ ў 1980 г. яны ўвялі на паўвостраве першую сыстэму мабільнай сувязі з магчымасьцю роўмінгу праз нацыянальныя межы для аналягавых тэлефонаў стандарту NMT (Nordic Mobile Telephone).

Але галоўнай удачай было зацьвярджэньне адзінага стандарту для лічбавых мабільных тэлефонаў у Эўропе — GSM (Global System for Mobile Telephony). Тут ужо бяз “Nokia” не абышлося: першы GSM-званок у 1991 г. быў зроблены менавіта празь ейны тэлефон і абсталяваньне. Сёньня больш за дзьве траціны абанэнтаў мабільнай сувязі ва ўсім сьвеце карыстаюцца стандартам GSM. Колькасьць карыстальнікаў мабільнымі тэлефонамі ўжо зраўнавалася з колькасьцю тых, хто мае стацыянарныя апараты. А да канца 2005-га з мабільнікамі будуць хадзіць больш за 1,5 мільярда чалавек.

У самой Фінляндыі да “Nokia” ставяцца па-рознаму. З аднаго боку, гэта прадмет нацыянальнага гонару, галоўны рухавік экономікі і асноўная крыніца бюджэтных паступленьняў. Дзякуючы “Nokia” сёньня больш за 70% фінаў, з улікам малых і старых, падлучаныя да мабільнай сеткі.

Зь іншага боку, для краіны маштабы карпарацыі занадта вялікія. У момант свайго ўзлёту ў сакавіку 2000 г. рынкавая капіталізацыя “Nokia” складала 300 млрд. даляраў — больш, чым у любой іншай эўрапейскай кампаніі. Аб’ёмы продажаў складаюць 1/5 усяго фінскага экспарту і прыблізна роўныя па памерах нацыянальнаму бюджэту, які лічыцца адным з самых шчодрых і багатых у пляне расходных артыкулаў. Сацыёлягі ўжо даўно назвалі карпарацыю “дзяржавай у дзяржаве”.

Словам, сёньня можна сказаць, што лёс фінскай дзяржавы залежыць ад дзейнасьці аднае кампаніі. І тут ёсьць падставы для трывогі. Справа ў тым, што дынаміка экспансіі “Nokia” ўпершыню з 1995 г. запаволілася, і гэта імгненна адбілася на агульнаэканамічных паказьніках: тэмпы росту зьнізіліся з 5% (2000 г.) да леташніх 0,7%.

Сёньня тэлекамунікацыйны рынак перанасычаны прадукцыяй. У сярэднім па Эўропе “каэфіцыент мабільнасьці” насельніцтва складае каля 60%. У ЗША ён дасягнуў 50%. Летась упершыню за ўвесь час існаваньня гэтае індустрыі гадавыя аб’ёмы продажу сотавых тэлефонаў скараціліся (да 380 млн., тады як у 2000 г. іх прадалі 405 млн. штук).

“Nokia” летась пяць разоў зьніжала ўласны прагноз гэтага паказьніка з пачатковых 500 млн. апаратаў. І хаця фірма здолела-такі атрымаць прыбытак, курсавая вартасьць яе акцыяў цягам 2001 г. упала на 40%. А два асноўныя канкурэнты — амэрыканская “Motorola” і швэдзкі “Ericsson” — скончылі год зь велізарнымі стратамі — 3,9 і 2,9 млрд. даляраў адпаведна. Амэрыканцы такіх стратаў ня ведалі ад часоў Вялікай дэпрэсіі. Таму лягічна спытаць, ці не спасьцігне празь нейкі час такі самы лёс фінаў? Тым больш што яны ўжо былі вымушаныя скараціць капітальныя выдаткі на гэты год. Асноўныя спадзяваньні — на новыя тэхналёгіі, мабільныя сыстэмы ІІІ пакаленьня. Але іх засваеньне пакуль сустракае мноства цяжкасьцяў, і невядома, ці будзе новы стандарт карыстацца папулярнасьцю…

Наагул, унутры краіны кампанія рэалізуе толькі 1,5% вырабленай прадукцыі, а 90% яе акцыяў належаць іншаземцам. Дый дзяржава, славутая сваімі сацыяльнымі праграмамі, абкладае карпарацыю надзвычай высокімі падаткамі й падрывае пазыцыі кампаніі. Таму, калі прэзыдэнт “Nokia” казаў пра пагаршэньне глябальнай рынкавай каньюнктуры і патрабаваў паніжэньня падаткаў, да яго прамовы прыслухоўвалася ўся нацыя. Шмат хто ўчуў у такіх словах пагрозу ў выпадку патрэбы вывесьці вытворчыя магутнасьці за межы Фінляндыі. Словам, фінансавая база цяперашняга “ўсеагульнага дабрабыту” апынулася пад пагрозай.

Клопат скандынаўскіх краінаў пра ўсіх сваіх грамадзянаў агульнавядомы. У Фінляндыі дзяржава гарантуе сваім грамадзянам дармавое навучаньне, студэнты атрымліваюць дзяржаўныя стыпэндыі — 300 даляраў на месяц. Той, хто страціў працу, цягам 15 месяцаў атрымлівае поўны аклад, а пасьля — немалую дапамогу па беспрацоўі. Але побач зь перавагамі такая сыстэма мае і заганы, бо кладзецца немалым падатковым цяжарам на плечы ўсіх грамадзянаў. Узьлёт вытворцы мабільнікаў узбагаціў некаторых людзей, і ў Фінляндыі, зь яе адсутнасьцю крайнасьцяў у разьмеркаваньні багацьцяў, гэта стала заўважна.

З 50 самых заможных людзей краіны 35 нажыліся на тэлефонным гіганце. Грошы новых багатыроў часам даюць знаць пра сябе вельмі нечакана, шакуючы паспалітых фінаў. Напрыклад, адзін з кіраўнікоў “Nokia”, Анса Ван’ёкі, за звычайнае перавышэньне хуткасьці язды на матацыкле быў нядаўна аштрафаваны на 100 тыс. даляраў. Рэч у тым, што памеры штрафаў у Фінляндыі разьлічваюцца прапарцыйна велічыні даходаў, атрыманых парушальнікам за апошні час. Ван’ёкі ж за колькі дзён да інцыдэнту прадаў частку пакету акцыяў “Nokia”, якая яму належала, і атрымаў больш за 2 млн. даляраў...

Вось так і жыве краіна Суомі. Як кажуць яе жыхары: “Раней кланяліся Маскве, цяпер — “Нокіі”…”

Сяргей Рак


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру