На пачатку наступнага тыдня Цэнтравыбаркам разгледзіць пытаньне пра рэгістрацыю ініцыятыўнай групы грамадзянаў, якія хочуць распачаць збор подпісаў за ўнясеньне ў парлямэнт законапраекту супраць адмены прымусовых працоўных кантрактаў.

Паводле словаў Лідзіі Ярмошынай, зараз ЦВК завяршае праверку ініцыятыўнай групы. ЦВК цягам месяца правярае правамоцнасьць яе стварэньня. А Міністэрства юстыцыі мае даць юрыдычную ацэнку абгрунтаванасьці такіх праектаў.

Стварэньне ініцыятыўнай групы, у якую ўвайшлі 500 чалавек, адбылося 1 мая пад адкрытым небам. Аднак, кажа старшыня ЦВК, гэта не парушэньне. Нашмат болей ЦВК цікавіць, ці ўсе з унесеных у сьпіс людзей удзельнічалі ў гэтым мерапрыемстве і ці запіс у ініцыятыўную групу праходзіў добраахвотна. Для гэтага супрацоўнікі Цэнтравыбаркаму абзвоньвалі ініцыятараў унясеньня паправак у працоўнае заканадаўства. «Адразу хачу папярэдзіць, што адказы мы атрымлівалі розныя», — сказала Л.Ярмошына.

У выпадку атрыманьня дазволу ЦВК, ініцыятыўнай групе неабходна будзе сабраць ня менш за 50 тыс. подпісаў. Дагэтуль ніводная спроба рэалізаваць права заканадаўчай ініцыятывы такім шляхам ня мела посьпеху.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?