На Дзень Волі не чакаецца буйных акцый, але сьвята будзе адзначацца дзясяткамі імпрэзаў ва ўсёй Беларусі. Найшырэй 25 Сакавіка будзе адзначацца ў сталіцы..

21 сакавіка ў менскай сядзібе БНФ (вул.Варвашэні, 8) адкрыецца традыцыйная выстава суполкі «Пагоня», прысьвечаная Дню Волі.

22 сакавіка ў ДК «Сукно» адбудзецца навукова-практычная канфэрэнцыя «Ідэі Беларускай Народнай Рэспублікі і Адраджэньне». Там прагучаць даклады Зянона Пазьняка, Анатоля Грыцкевіча, Ніла Гілевіча, Радзіма Гарэцкага і інш. Арганізацыяй імпрэзы займаецца КХП-БНФ. Пачатак а 10-й.

23 сакавіка Нацыянальны аргкамітэт мяркуе правесьці ўрачыстае шэсьце па праспэкце Францішка Скарыны да парку Янкі Купалы. Збор а 12-й каля будынку Галоўпаштамту.

У Горадні 23 сакавіка а 14-й адбудзецца вулічная акцыя. Паводле словаў сябра аргкамітэту Ўладзімера Хільмановіча, адбудзецца яна «ў цэнтры гораду, але ў новым месцы, дзе яшчэ ніколі не сьвяткавалі». Акцыя будзе несанкцыяваная, і заяўка на яе правядзеньне ў гарвыканкам нават не падавалася: у апошнія гады гарадзенскія ўлады нязьменна не давалі дазволу нацыянальным сілам на вулічныя мерапрыемствы.

У той самы дзень а 12-й у Магілёве пройдзе асьветніцкая вулічная акцыя з раздачай улётак і расповедам жыхарам гораду пра Дзень Волі (т.зв. «народныя гуляньні»), а ўвечары, а 18-й, у мясцовым офісе БНФ адбудзецца ўрачыстае паседжаньне і сьвяточная вечарына.

Напярэдадні Дня Волі, 24 сакавіка, з 12-й да 14-й гадзіны Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла возьме ўдзел у он-лайнавай канфэрэнцыі, арганізаванай радыё «Свабода». Адрас канфэрэнцыі — www. svaboda.org

У гэты ж дзень а 16-й у Менску, у Гуманітарным ліцэі (вул.Кірава, 21), адчыніцца пэрсанальная выстава Аляксея Марачкіна.

25 сакавіка ў 19.00 у ДК «Сукно» Нацыянальны аргкамітэт па сьвяткаваньні 85-х угодкаў БНР ладзіць урачысты сход. Прамовы будуць ісьці ўперамежку са сьпевамі. Выступяць фальклёрныя, вакальныя і інструмэнтальныя гурты «Ветах», «Ліцьвіны», «Унія».

У той самы дзень кааліцыйная Рабочая група па сьвяткаваньні 85-годзьдзя незалежнасьці БНР, у якую ўваходзяць кіраўнікі Партыі БНФ, ТБМ, незарэгістраванай АСДП, Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў, зьбіраецца правесьці шэсьце і мітынгі з ускладаньнем кветак да помнікаў Коласу і Купалу. Збор — у 17.30 на плошчы Якуба Коласа. Шэсьце да сквэру Янкі Купалы пачнецца а 18-й.

У той жа дзень Беларускі ПЭН-Цэнтар падводзіць вынікі літаратурнага конкурсу імя Натальлі Арсеньневай.

У Гомелі ў гатэлі «Кастрычніцкі» (вул.Маркса, 1) адбудзецца грамадзка-культурная вечарына, прысьвечаная юбілею БНР. На імпрэзе выступяць барды Вальжына Цярэшчанка, Зьміцер Вінаградаў, Андрэй Мельнікаў, літаратар і аўтар «НН» Сяргей Балахонаў. Гісторыкі Валянцін Міхедзька, Валянціна Лебедзева, Уладзімер Старчанка распавядуць пра БНР. Таксама гледачы ўбачаць тэатральную пастаноўку п’есы Леапольда Родзевіча.

Кіраўнік віцебскай філіі незарэгістраванага «Маладога фронту» Віктар Шляхцін падаў заяўку на пікет 25 сакавіка.

Найбольш адмыслова, відаць, будзе адзначанае сьвята ў Воршы. На мясцовым тэлеканале ёсьць перадача з прыватнымі віншаваньнямі кшталту «Зычу Вам». Тутэйшыя дэмакраты зьбіраюцца «заваліць» тэлестудыю абвесткамі-віншаваньнямі з нагоды Дня Волі, адрасаванымі адзін аднаму ды ўсім аршанцам.

У баранавіцкім Доме афіцэраў адбудзецца ўрачысты сход, прысьвечаны ўгодкам абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Пачатак а 18-й.

Дзень Волі будзе адзначацца таксама ў Маскве: 26 сакавіка там, у галерэі «Варшаўка» (Варшаўская шаша, 75/1, праезд да ст.м. «Варшаўская»), адчыніцца выстава Алеся Пушкіна «Александр Пушкин и Москва», зладжаная з дапамогай маскоўскіх беларускіх суполак. Наведаць яе можна будзе да 1 красавіка.

Падрыхтавалі А.Ш., А.Т.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0