З тэлеэкранаў гучыць: «Дзяржаўная ідэалёгія — гэта калі своечасова выплачваюцца пэнсіі і заробкі, калі ў лютую сьцюжу цёпла ў хаце» і г.д. Аднак пэнсіі, заробкі, электрычнасьць, хакейныя палацы — гэта сацыяльная палітыка, а не ідэалёгія. Калі грунтавацца на азначэньнях паняткаў «ідэалёгія» і «дзяржава» ў Беларускай энцыкляпэдыі, дык дзяржаўная ідэалёгія — гэта сыстэматызаванае тэарэтычнае абгрунтаваньне інтарэсаў сацыяльнай групы, якая мае палітычную ўладу.

Калі Беларусь атрымала незалежнасьць, у краіне самай вялікай была супольнасьць з назвай «савецкі народ». Характэрнымі рысамі гэтай сацыяльнай групы ёсьць радыкалізм (што да ўзяцьця ўлады), таталітарызм (як мэтад утрыманьня ўлады), валюнтарызм у эканоміцы, атэізм у рэлігійнай сфэры, расейскамоўнасьць (як выразьнік «інтэрнацыянальных» памкненьняў). Яна мае свае традыцыйныя сьвяты (7 лістапада, 23 лютага) і культуру, абмежаваную ў прасторы-часе гісторыі савецкага народу.

Гэтая супольнасьць ня здольная была ўспрыняць незалежнасьць. Менавіта таму ў Беларусі захаваліся зь неістотнымі зьменамі сьцяг, герб, гімн часоў БССР, расейская мова атрымала статус дзяржаўнай; цэнтрам прыцягненьня засталася Масква.

Але савецкі народ у сувэрэннай Беларусі ўжо ня мае ў якасьці адзінай марксісцка-ленінскую ідэалёгію, прадуктам якой ён зьяўляецца. Таму мы бачым рэгрэс гэтай супольнасьці і страту ёю ўлады. Затое адбываецца прагрэс дзьвюх іншых самых буйных сацыяльных групаў — расейскай і беларускай. Першая падмацоўваецца духоўна і матэрыяльна з боку Масквы, а другая мусіць спадзявацца толькі на сваю дзяржаву.

Гэтыя групы складаюцца не на аснове нацыянальнай прыналежнасьці, але адпаведна бачаньню нашай краіны беларускай альбо расейскай паводле зьместу. «Савецкі народ» зьяўляецца базай для пашырэньня расейскай сацыяльнай групы і адпаведнага пераходу ўлады да яе.

Ня дзіва, што дзяржаўная ідэалёгія ў Беларусі мае расейскую скіраванасьць ды чакае свайго выданьня ў навукова абгрунтаваным выглядзе. Думаю, зь яго мы даведаемся аб «расейскай чысьціні» беларусаў, аб нашых «чыста расейскіх» і іхніх нячыста маскоўскіх інтарэсах. Пра тое, што мы ўрэшце змацуем наша расейскае адзінства шлюбам у супольнай расейскай праваслаўнай царкве, і г.д. Такая дзяржаўная ідэалёгія вырашае лёс беларускай нацыі не на яе карысьць.

Ігар Хаменка, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0