Наіўна думаць, што эканоміка Беларусі апошнія 10 гадоў разьвіваецца дзякуючы Лукашэнку і што дзякуючы яму ж у краіне пануе мір. Ёсьць аб’ектыўныя працэсы разьвіцьця, ёсьць беларускі народ, якому не ў галаве ваяваць з кім-небудзь ці з самім сабой, ёсьць тысячы разумных, гаспадарлівых і самастойных людзей, якія трымаюць краіну «на плаву» насуперак высокім дырэктывам, а ня дзякуючы ім.Наіўна думаць, што без Лукашэнкі ў нас не будаваліся б кальцавыя дарогі, бібліятэкі і лядовыя палацы. Толькі ва ўсім гэтым болей было б мэтазгоднасьці. Кальцавая ня йшла б па касьцях ахвяраў камунізму, палацы не ператвараліся б урэшце ў барахолкі, а бібліятэка не выглядала б на апошні прыстанак «беларускага Рэйгана».

Наіўна думаць, што сякі-такі парадак у краіне забясьпечваецца на сэлектарных нарадах. Калі прыдарожны падлесак высякаецца, а бардзюры беляцца толькі таму, што так загадаў Лукашэнка, тады краіна пачынае нагадваць ня мілую сэрцу Бацькаўшчыну, а вайсковы гарадок, у якім заўтра пачнуць фарбаваць пажаўцелае лісьце на дрэвах.

Наіўна меркаваць, што пэнсіі ў нас выплачваюцца рэгулярна, што працоўныя калектывы захоўваюцца, а цэны ў крамах і ЖЭСах стрымліваюцца — дзеля клопату пра пэнсіянэра, рабочага ці кватэранаймальніка, а не таму, што гэта — усяго толькі дробныя падачкі ўлады, якая такім чынам стрымлівае народ ад абурэньня.

10 гадоў Беларусі было больш чым дастаткова, каб пераканацца, што ёй не патрэбны такі прэзыдэнт. Як курам не патрэбны камандзір над нясеньнем яек, як хмарам у небе не патрэбны рэгуліроўшчык, як паэтам не патрэбны суфлёр. Замест збалянсаванага грамадзтва мы атрымалі адзінаўладнага правіцеля і глыбокі тромб у самым сэрцы народу. Лукашэнка — гэта інфаркт. І народ галасуе за яго, як інфарктнік, зь якім гэтая бяда ўжо здарылася. Маўляў, навошта падманваць сябе самога і выбіраць нейкае іншае, здаровае жыцьцё, калі ты ведаеш, што ў тваім сэрцы — закупорка?

Мы сапраўды хацелі б жыць «як у Эўропе», але не былі да гэтага гатовыя, баяліся сурочыць, ня мелі дастаткова нацыянальнай годнасьці і самапавагі, каб перамагчы гэтую боязь — уявіць сябе паўнавартаснымі эўрапейцамі.

За мінулыя 10 гадоў Лукашэнка мноства разоў парушыў Канстытуцыю і прэзыдэнцкую прысягу, гэта значыць, паставіў сябе па-над законам. І людзі сапраўды ня бачаць яму альтэрнатывы, бо альтэрнатывай Лукашэнку можа быць толькі другі Лукашэнка, другі ўзурпатар улады і парушальнік Канстытуцыі і прысягі. Другі дыктатар. «А хто, калі ня ён?» — пытаюцца людзі, бо адначасова і разумеюць і баяцца пэрспэктывы другога інфаркту. Лепей ужо жыць зь першым, але з адным.

Уся праблема — у нашай самапавазе. Лукашэнка як можа топча гэтае пачуцьце — прыніжае паважаных у народзе людзей, ганьбіць беларускую мову, перакручвае ды ўразае нашу старажытную гісторыю. Інфаркт робіць сваю справу. Мы пачуваемся бязвольнымі самі зьмяніць свой лёс. Можа быць, мы ўжо і дасьпелі да таго, каб адчуць сябе роўнымі зь іншымі эўрапейцамі, але адна фармальная прыкмета адрозьнівае нас ад іншых народаў, нашых суседзяў — мы не гаворым па-свойму. Інфаркт разумее гэта і працягвае зьнішчаць нашую годнасьць: зачыняе беларускія школы, выганяе мову са сродкаў масавай інфармацыі, робіць самое гучаньне беларускага слова прыкметаю апазыцыі.

Наіўна думаць, што наступствы нашага інфаркту пераадолее нехта звонку. Натуральна, над нашым распластаным целам схіліліся «дактары» і з Брусэлю, і з Масквы. Але ўсё адно ўсё залежыць ад нас. Ад таго, як нашае пачуцьце самапавагі здолее вярнуць краіну ў законны стан, туды, дзе ўсе роўныя перад законам і дзе закон — па-над усім. Паводле Канстытуцыі гэта павінны зрабіць парлямэнт і канстытуцыйны суд. У 1996 годзе ім не дала гэта зрабіць Масква, груба ўмяшаўшыся ва ўнутраныя справы Беларусі і захаваўшы Лукашэнку, які на той момант 17 разоў парушыў Канстытуцыю, ад імпічмэнту. Адчуўшы сябе пераможцам, Лукашэнка адабраў у парлямэнту і суду апошнія іхныя паўнамоцтвы, а сябе ўзнагародзіў за перамогу двума дадатковымі гадамі.

І тым ня менш, толькі парлямэнт і канстытуцыйны суд — гэтае слабое, амаль што мёртвае сэрца ў арганізьме дзяржавы — могуць вярнуць Беларусь да закону і парадку. Зробяць яны гэта самі ці пад націскам апазыцыі — неістотна. Галоўнае — каб выздаравець, краіна павінна вырашыць сваю праблему сама.

Што будзе, калі Лукашэнкі ня будзе?

Будзе моцны парлямэнт. Як гэта было спрадвеку. Беларусь за ўсю сваю 1000-гадовую гісторыю ні разу ня ведала свайго ўласнага аўтарытарнага кіраўніка — толькі веча, толькі сойм, толькі партыі — прадстаўнікі інтарэсаў розных групаў насельніцтва. Цяпер у нас ёсьць і вопыт уласнага дыктатара.

На экранах шасьці-сямі незалежных тэлеканалаў мы будзем сачыць за думкай соцень публічных асобаў Беларусі, а не адной. З дынамікаў радыё перастануць гучаць сіпатыя «наганяі».

Скончыцца застой у нацыянальным разьвіцьці — тысячы людзей зоймуцца творчай беларускай працай. Бо пачуцьце самапавагі народу патрабуе пастаянных высілкаў вялікае колькасьці народу. І гэта сьветлая, творчая праца.

Дырэктары заводаў будуць самі разьвіваць вытворчасьць, а не для Лукашэнкі ці каб пазьбегнуць турмы...

Самае галоўнае — краіна вернецца да стану збалянсаваных інтарэсаў усіх сваіх жыхароў. А прадстаўнікі народу будуць пачувацца ягонымі слугамі, а не гаспадарамі. І будуць любіць сваю краіну, яе людзей і яе даўнія традыцыі, а ня кідацца абсурднымі фразамі, якімі ўвайшло ў гісторыю гэтае дзесяцігодзьдзе Лукашэнкі, за што нам яшчэ доўга будзе сорамна перад сабою і ўсім сьветам: «Я сваю дзяржаву за цывілізаваным сьветам не павяду»; «Нічога талковага па-беларуску выказаць немагчыма»; «Гітлераўская Германія адпавядае нашым уяўленьням пра прэзыдэнцкую рэспубліку».

Сяргей Паўлоўскі