У гэтую зіму наймадней уваходзіць у махеравых рэчах.

Цёплы і ўтульны, махер надасьць адчуваньне дому і абароненасьці халоднымі сьнежаньскімі днямі. Не такая ўжо і няшчадная гэтая мода, і прыгажосьць не заўсёды патрабуе ахвяр.

Часам у вагоне мэтро сядзіць такая дзяўчына (гэта здараецца далёка ня кожны раз, таму не зьвярнуць увагі было б несусьветным сьвінствам). На ёй рэчы неймаверных колераў у незвычайным спалучэньні. У руках — дзіўная сьмешная кайстарка, у плэеры — «Aphex Twin» ці «Portishead», на каленях — тры пачатыя кніжкі, кожнай зь якіх яна здраджвае зь іншай праз кожныя пару хвілін. Няўрымсьлівая асоба па-інакшаму мысьліць і апранаецца таксама незалежна ад людзкой масы. А маса тым часам цыркулюе на станцыях і пранізвае дзяўчыну дзясяткамі позіркаў, сярод якіх адшукаць зычлівы ці, прынамсі, па-добраму зацікаўлены цяжка.

Мяне заўсёды зьдзіўляла, чаму кожны неардынарна апрануты чалавек з пачуцьцём густу і ўласнага стылю ў нашай краіне атрымлівае куды больш нэгатыўную ацэнку, чым любая тыповая дзеўка «шлюшыстага» іміджу ці радавы калдыр у «скуранцы» і спартовым трыко. Калі нашыя падпэнсійныя кансэрватары стаяць на варце грамадзкай маралі, здавалася б, каму як ня ім найперш хвалявацца з тае прычыны, што выгляд прастытуткі культывуецца сярод беларускіх паненак як эталён прыгажосьці. Тыповая беларуская цётка ці дзядзька сталага веку будуць з ваяўнічай непрыязнасьцю разглядаць чыесьці кеды і шалікі, затое на вечаровы цёмна-бліскучы макіяж дзевяціклясьніц, якія едуць на кантрольную па геамэтрыі, вызьвервацца ў нас ня стануць.

Але гэты артыкул — не маніфэст стылю і густу. Тыя, каго нам выхоўваць, нас не чытаюць, і мы ўжо прывыклі. Сухой восені на пяткі наступае новая зіма, а да новага сэзону мы, як заведзена, мусім асьвяжыць гардэроб.

Пакуль тое, самыя прасунутыя ўжо даўно зразумелі, што модныя і патрэбныя рэчы можна набыць толькі за мяжой. А самыя разумныя ды хітрыя скемілі, што можна яшчэ дастаць стары татаў палітон і перакроіць яго сабе на спадніцу, а па астатняе наведацца ў менскую ўнівэркраму «Беларусь», між бясконцых вопраткавых радоў якой часам адкопваецца самае жаданае коштам у паўстыпэндыі.

Слова «мэнінгіт», народжанае нашымі старэйшымі ў мінулазімовых сямейных размовах, хутка зноў пачне палохаць нас з усіх крыніц масавай інфармацыі. Цяпер мы ўжо ведаем, што ня варта бегчы па вуліцы зь недасушанай касой, а яшчэ трэба тэрмінова прыдумаць сабе шапку. У модзе па-ранейшаму застаюцца вязаныя кепкі а-ля Олівэр Твіст, бэрэты, шапкі з пампонамі і вязаныя скафандры з выразам для твару ці толькі для вачэй. Усялякія каўпакі ў стылі 20-х гадоў — джазавай эпохі — таксама на самым піку папулярнасьці. Дый капелюшы з шырокімі крысамі ніхто не зьбіраўся адкладаць на наступны год. Адзіная ўмова — капялюш мусіць быць колеру «вырві вока».

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Тэда Лі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0