Адбудова старой сталіцы магла б стаць агульнанацыянальным праектам

Нядаўна я ўбачыў фатаздымак прыгожага эўрапейскага гораду, зроблены з вышыні птушынага палёту. Зьвілістыя вуліцы сьцякаліся да вялікага пляцу, на якім дамінаваў велічны сабор са званіцаю. Я нават не адразу зразумеў, што гэта Менск, настолькі ён быў непадобны да самога сябе. Падказку я знайшоў у будынку Марыінскага касьцёлу на плошчы Свабоды. У астатнім горад з вышыні нагадваў хутчэй сёньняшнюю Вільню. Здымак быў зроблены нямецкім лётчыкам 25 чэрвеня 1941 г., на чацьвёрты дзень вайны. Нават пасьля жудаснай нямецкай бамбардзіроўкі горад захаваў сваю старую пляніроўку — які кантраст зь сёньняшняй пусткай. Якім горадам мы маглі б валодаць сёньня! Адчуваеш чарговы прыліў ціхай нянавісьці да сучаснага Мінску — савецкага манумэнту без сваіх легендаў і паэтаў.

«Я люблю горад Мінск». Ніколі ня чуў такой фразы ад масквіча ці віленчука. Упэўнены, што наўрад ці калі-небудзь пачую. Бо жыхар сапраўды вялікага гораду ня будзе, як міласьціну, дарыць хлусьлівыя камплімэнты гораду «несостоявшемуся». Але колькі разоў я чуў прызнаньні ў любові да беларускай сталіцы ад мянчан!.. Пэнсіянэраў, студэнтаў і хатніх гаспадынь. Што яны любяць у Менску, мне таксама вядома. «Чыстыя вуліцы, харошыя магазіны і красівыя зданія». А што яшчэ можа сказаць чалавек, для якога менская зямля — гэта не зямля дзядоў, а ў найлепшым выпадку ўсяго толькі месца для кар’еры? Калі пасьля вайны жыхары гораду руйнавалі кварталы Ніжняга рынку, узрывалі Дамініканскі сабор, трушчылі Халодную сынагогу і дабівалі Нямігу, упэўнены, што рабілі яны гэта з самымі сьветлымі пачуцьцямі. Штобы была красіва і красачна.

Як не бывае Масквы без Арбату, як няма Кіева без Храшчаціку, так і ня будзе Менску безь Нямігі. Ніхто і ніколі мяне не пераканае ў адваротным. Ніводзін «любіцель мінскай чыстаты». Таму калі і пачнецца Менск, любімы сваімі жыхарамі, дык са зьменаў на сваёй самай легендарнай вуліцы.

Калі я назіраю сёньня за будаўніцтвам паркінгу на Нямізе, мне здаецца, што я далёка не адзіны, хто адчувае хваляваньне ад той безагляднасьці, зь якой ламаюцца колішнія падмуркі і выкарчоўваюцца старыя дрэвы. Ад той зацятасьці, зь якой бульдозэры капаюць катлаван побач зь месцам, дзе была Халодная сынагога. Ад усёй гэтай тупой дзелавітасьці і зладжанасьці… Не, не на Нямізе, а на будаўнічай пляцоўцы, на аб’екце, які трэба хутка здаваць, на аб’екце, на якім ня можа быць легендаў і містыкі, бо на рабочым месцы не бывае нічога старога і добрага. Сёньня тут могуць быць толькі своечасова не падвезены бэтон, мацюкі прараба і прэміяльныя. Заўтра тут павінен быць красівы гараж і многа крутых крамаў са шмоткамі і жратвой. Адкрыта парушаецца закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, падпісаны спадаром Лукашэнкам. Ніяк не рэагуе пракуратура. Ні аб чым не хвалюецца Дзяржкантроль. Занадта дробная, напэўна, для іх праблемка, каб неяк рэагаваць. Цікава, а колькі ў Менску чалавек, якім гэтае будаўніцтва неабыякава? Пяць ці дзесяць?..

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Зьміцер Бартосік

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0