У мінулы чацьвер агенцтва «Франс-прэс» распаўсюдзіла сэнсацыйную навіну: чэмпіёнка сьвету 2003 г. на дыстанцыі 200 мэтраў вольным стылем плыўчыха Алена Попчанка хоча прыняць францускае грамадзянства і ў далейшым выступаць за зборную гэтай краіны.

Алена, дарэчы, цягам трох гадоў жыве і трэніруецца пад Ліёнам.

Плыўчыха, у прыватнасьці, заявіла, што ў наступным годзе мае намер пабрацца шлюбам са сваім трэнэрам і бойфрэндам Фрэдэрыкам Вэрну. Замуства і дасьць ёй магчымасьць з 2006 г. (паводле правілаў, наступны год будзе «каранцінным») выступаць за «трохколерных».

«Я навучылася цаніць гэтую краіну і францускае плаваньне. Я знайшла гэтую ветлую зямлю і маю намер уладкаваць тут сваё жыцьцё», — цытуе «Франс-прэс» словы Алены.

Зазначым таксама, што Попчанка адмовілася, спаслаўшыся на стомленасьць, браць удзел у чэмпіянаце Эўропы на кароткай вадзе, які стартаваў у Аўстрыі 9 сьнежня. Беларускія спэцыялісты камэнтаваць заяву Попчанкі наконт францускага грамадзянства адмаўляліся, спасылаючыся на неабазнанасьць ці сэнсацыйнасьць навіны.

На форумах досыць актыўна абмяркоўваецца гэтая навіна. Хтосьці вітае крок Алены, хтосьці цісьне на патрыятызм: маўляў, здрадзіла і г.д. Хтосьці апусьціўся да мацюкоў у дачыненьні да нашай беларускай «залатой рыбкі».

Спорт у Беларусі — як у колішніх ГДР ці Кубе, перадусім палітыка, магчымасьць піяру ўладаў ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі. І спартоўцы сталі закладнікамі сыстэмы. Сёньня цябе носяць на руках, а заўтра, толькі аступіся, выкачаюць у брудзе. Прыклад — беларускія дзяржаўныя мэдыі, якія эвалюцыянавалі ў асьвятленьні Атэнскай алімпіяды ад прыхільнага тону да «ганьбаваньня».

Нагадаем, што і Попчанцы «плянаваўся» ў Атэнах мэдаль, але ў трох дысцыплінах яна была 7-й, 8-й, 11-й.

Аляксандар Лукашэнка даў пару парад: «Каб стаць чэмпіёнам, патрэбны нялюдзкія высілкі. Трэба прымушаць спартоўцаў працаваць. Дапамагаць будзем, але і спаганяць будзем больш жорстка: і з кіраўнікоў фэдэрацый, і з трэнэраў, і са спартоўцаў».

Вось так: спаганяць будзем жорстка. А як спагоніш з Попчанкі, якая чхаць хацела на ідэалягічных работнікаў, бо мае магчымасьць нармальна жыць, трэніравацца і бязь іхнае дапамогі.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Алег Раявец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0