«У Беларусі яўным чынам наступае пэрыяд нестабільнасьці, прычым зусім ня толькі праз «заходнія спэцслужбы», — пішуць уплывовыя маскоўскія «Известия» ў сваім рэдакцыйным камэнтары. — А Расея працягвае неадэкватным чынам працівіцца гэтаму аб’ектыўнаму працэсу, — канстатуе штодзёньнік.

Сапраўды, нешта ў нас апошнім часам што ні тыдзень, то гучны арышт палітыка, штраф газэце. Мала: забараняюць канцэрт за канцэртам. У наступным месяцы зь бібліятэк выдаляць усе творы Салтыкова-Шчадрына. Грамадзтва здольнае вытрымліваць такі прэс да пэўнага моманту. Гайкі могуць зьляцець у самы нечаканы момант. Вось толькі калі? Напэўна, ня заўтра, мяркуючы па нязьменнасьці мэтадаў апазыцыйнай дзейнасьці. Сьвет гэта бачыць (прэзыдэнт Квасьнеўскі: «няма шанцаў на тое, каб Беларусь у найбліжэйшыя гады далучылася да Рады Эўропы»). Але верыць, што ўрэшце будзе выяўленая «воля беларускага народу» (прэзыдэнт Адамкус).

ДЫКТАТАР ЯК САПЁР. У апошнім нумары «ARCHE» Віталь Сіліцкі параўноўвае дыктатараў з сапёрамі. Такі лідэр можа перамагаць раз за разам, але ўсё адно кожны раз пагражае яму крахам сыстэмы. Выснова аўтара: дыктатура нявыгадная самім дыктатарам, а пераход да дэмакратыі неўнікнёны.

СЁНЬНЯ МЫ ЎСЕ ПАЛЯКІ. Для грамадзтва дыктатура — гэта штодзённая праверка на салідарнасьць. Безадказныя паліттэхнолягі зрабілі стаўку на распальваньне антыпольскіх настрояў. Гэтак камуністычныя рэжымы 60-х і 70-х спрабавалі адтэрмінаваць свой канец, правакуючы антысэмітызм. Незалежнае грамадзтва адназначна выказвае салідарнасьць зь беларускімі палякамі. Камэнтар Пётры Рудкоўскага.

НЯ ЗЛОМІШ. Пад такім загалоўкам выйшаў травеньскі нумар «Нашай Нівы» 10 гадоў таму. Прагноз аказаўся ў цэлым правільны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0