«Янка Купала мяне ледзь не застрэліў!» — рэпартаж з Копысі, дзе памятаюць класіка ФОТЫ 25

Аўтар: Сяргей Мікулевіч, фота Сяргея Гудзіліна

Вёска Копысь Аршанскага раёна — адно з нешматлікіх месцаў, дзе яшчэ можна пачуць жывыя ўспаміны пра Янку Купалу. Мы выправіліся туды паслухаць тое, што не раскажуць у музеях і не напішуць у падручніках.

За два кіламетры ад Копысі — у Ляўках — Купала пражыў апошнія леты свайго жыцця, ад 1935 да 1941-га. Тут ён напісаў 18 вершаў «ляўкоўскага цыклу». Прынамсі адзін з іх, «Хлопчык і лётчык», ведала кожнае беларускае дзіця.

Дача паэта стаяла ў лесе, у Копысь ён наведваўся часта — на кірмаш, да знаёмых. У наваколлі яго ведалі ўсе. Пры выездзе з мястэчка на Ляўкі жыве 98-гадовы Антон Сямёнавіч Навуменка — адзін з апошніх людзей у Беларусі і на планеце Зямля, які добра помніць жывога Янку Купалу.

 «Ён мяне ледзь не застрэліў! — рэагуе спадар Антон на нашае пытанне. — Мне гадоў пятнаццаць было. Мой бацька быў ляснік, дык я ўзяў дома ружжо і пайшоў у лес. Чую — машына едзе па дарозе. Я стаў за сасну: мала хто там, мне ж няможна яшчэ з ружжом хадзіць. А сасна вялікая, шышак на ёй многа. Машына стала, з яе выйшаў Купала — і пачаў па шышках страляць.

Ружжо ў яго добрае, двухстволка… Як выпаліў, я паказаўся з-за дрэва. Ён спужаўся: а ёлкі зялёныя, я ж цябе ледзь не забіў! Хадзі, кажа, сюды.

У яго ў машыне скрынка з цукеркамі стаяла: «Бяры, частуйся». І глечык з гарэлкай. «П’еш?» — спытаўся. Я адмовіўся…

А з бацькам яны выпівалі. Купала ўсё заходзіў да яго: Сямён Хвядосавіч, забі мне зайца!»

Антон Сямёнавіч ужо год не выходзіць з дому: баляць ногі. Па хаце перасоўваецца з крэслам. Ён сустракае нечаканых гасцей лежачы на ложку. Хата ацяпляецца печчу, газ не падведзены.

Ён купіў гэту хату ўжо быўшы пенсіянерам. Родам Навуменка з вёскі Зубава, што за Ляўкамі. Як і бацька, працаваў лесніком. Было падазрэнне ў пачатку размовы, што ён прыпісаў сабе гадоў — звычайная практыка для людзей таго пакалення. Але жывыя ўспаміны пра прышчэпаўскую хутарызацыю 1920-х, паводку 1933-га, вайну, падчас якой ён быў ужо самастойным гаспадаром, развейваюць такія думкі.

«Ляўкоўскі перыяд» у жыцці Купалы не назавеш светлым.

Ішлі сталінскія рэпрэсіі і русіфікацыя, знішчалася беларуская эліта — Купалавы калегі і гадаванцы. У 1930-м сам Купала зрабіў спробу суіцыду, калі яго хацелі зрабіць галоўным фігурантам сфабрыкаванай справы «Саюза вызвалення Беларусі». Ён не мог пісаць пра тое, пра што хацелася, дазволена было толькі ўслаўляць савецкую ўладу. Зважаючы на ўсё гэта, іначай бачацца і тая стральба па шышках, і глечык з гарэлкай.

«Ён любіў у лесе бываць. Бачыў яго не раз: сядзе пад дрэва і піша нешта», — успамінае Антон Сямёнавіч.

У будынку сённяшняга дома-музея ў Ляўках, дзе можна пабачыць нават галаграму «жывога» Купалы, сам паэт, дарэчы, не бываў. Арыгінальны будынак лясніцтва, якое выдзелілі пад дачу Янку Купалу, у вайну спалілі немцы. Сучасны музейны комплекс быў адбудаваны пазней.

Кірмаш з «Каронай»

Новая «Карона» ў Копысі стала 38-м аб'ектам гандлёвай сеткі. Тут пакупнікам даюць прыемны бонус — ранішнюю зніжку ў 5% (раніцай лічацца тры першыя гадзіны працы крамы — з 9.00 да 12.00). Як і ва ўсёй сетцы, тут дзейнічае і дысконтная праграма «Крама прыемных пакупак», удзельнікі могуць зэканоміць да 5% ад сумы пакупкі.

Копыскі кірмаш з крамкамі, дзе Купала закупляўся цукеркамі, быў на пляцы перад цяперашняй поштай, на месцы вялікай паркоўкі. «Насупраць «Кароны» — зарыентавалі нас людзі. Крама адкрылася ў вёсцы зусім нядаўна — усяго два месяцы таму. «Карона» ў Копысі адна, арыентавацца проста.

Тыя цукеркі запомніліся навакольнай дзятве: пераказы пра іх мы чулі ў Копысі не раз. Купала з Уладзіславай Францаўнай сваіх дзяцей не меў, магчыма, таму быў такі шчодры да чужых на закаце жыцця.

Гэтае месца вось ужо дзевяцьсот гадоў — цэнтр Копысі. Побач высіцца старое замчышча, якое мясцовыя завуць проста «Вал», часам дадаючы яшчэ «Пятроўскі». Сапраўды, расійскі імператар Пятро І тут спыняўся падчас Паўночнай вайны, але да ўзвядзення валоў рук не прыклаў: расійскае войска, паводле ўспамінаў, паставіла на тых валах толькі частакол.

За саветамі на замку быў летні кінатэатр ды валейбольная пляцоўка. Цяпер зрабілі турыстычны аб’ект з драўлянымі рубленымі вежамі і экасцяжынай. З шырокіх байніц адкрываюцца дняпроўскія краявіды, побач дыхтоўны мост, перакінуты год дзесяць таму з Александрыі, што на другім баку ракі.

Драўляныя «ўмацаванні» дыхтоўнымі не назавеш: з гадамі, калі не даглядаць, некаторыя масткі і пераходы зробяцца аварыйнымі. Зрэшты, гэта таксама ў традыцыі: Усходняя Еўропа — цывілізацыя дрэва.

Дарога ў былую замкавую браму ідзе па каменнай вымастцы трохсотгадовай даўніны, якая памятае не толькі расійскага цара Пятра Аляксеевіча, але мо і ранейшых слаўных уласнікаў Копысі: Багуслава Радзівіла, Льва Сапегу, князёў Астрожскіх.

 

Блакітная «эмка»

«На якой машыне Купала ездзіў? У яго была «эмка», блакітнага колеру. У музеі стаіць не тая», — успамінае Антон Сямёнавіч.

Сапраўды, у музейным гаражы ў Ляўках стаіць лімузін «Шэўрале», які Купалу падарылі пазней, пасля ўз’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі ў 1939. Тое «Шэўрале» было рэквізаванае савецкім войскам дзесьці на Беласточчыне.

Помнік кафлі

Берагі Дняпра — месца выхаду добрай ганчарнай гліны, Копысь здаўна славілася ганчарствам, а слава мясцовай кафлі грымела на ўвесь рэгіён. Печкі з яе стаялі аж у маскоўскім Крамлі, іх клалі вывезеныя падчас войнаў XVII стагоддзя беларускія майстры.

Да 2002 года ў Копысі працаваў кафельна-глазурны завод, але збанкрутаваў. Яго ліквідавалі, будынак знеслі, цяпер на яго месцы новы дом народнай творчасці, большая частка якога аддадзеная зноў жа пад традыцыйнае для гэтых мясцін ганчарства.

Апроч ганчарства, у Копысі ёсць дрэваапрацоўка, сыраварня, частка насельніцтва занятая на вялізных сельгаскомплексах ААТ «Александрыйскае».

Заяц-гібрыд

Копысь можа ганарыцца і адным з самых арыгінальных гербаў. Ад канца XVIII стагоддзя гэта чорны заяц у зялёным полі. «Бо тых рэдкіх звяркоў у наваколлях горада ў дастатку», гаворыцца ў тагачасным апісанні.

Што за чорныя зайцы? Антон Сямёнавіч, які прарабіў доўгія гады лесніком, пра такіх зайцаў не ўспамінаў.

Сумневы ў існаванні такой пароды былі ўжо на пачатку ХХ стагоддзя. «Ёсць сведчанні, што каля пазаштатнага горада Копыся зрэдку трапляецца «чорны», дакладней цёмнадымчаты заяц. Магчыма, гэта тумак (Lepus hybridus)», — гаворыцца ў прысвечаным Беларусі томе даведніка «Расія. Поўнае геаграфічнае апісанне…», што выйшаў у 1905 пад рэдакцыяй Сямёнава і Доўнар-Запольскага.

Тумакамі ж называюць гібрыд беляка і русака, які мае цемнаваты падшэрстак.

Вёска будучыні

Апошнім часам у дачыненні Копысі ў СМІ часта ўжываюцца азначэнні «ідэальная вёска», «вёска будучыні». Зрабіць Копысь такой загадаў Аляксандр Лукашэнка, які, дарэчы, тут нарадзіўся.

Дарогу да бальніцы, дзе гэта адбылося, дапамог нам знайсці яго аднакласнік. Яна на ўскрайку Копысі, пад старымі дрэвамі. Усе бальнічныя будынкі, акуратна абшытыя вагонкай, абнесеныя металічнай агароджай. Хворых тут лечыцца зараз дзесяць чалавек.

У невялікім памяшканні былога раддома цяпер паліклініка, пры ўваходзе вісіць мемарыяльная шыльда з залатымі літарамі.

Відаць, гэтай асаблівасцю статусу Копысі тлумачыцца і тое, што ўсе, нават найменшыя праезды і завулкі тут гладка заасфальтаваныя, з бела-жоўтымі пешаходнымі пераходамі на кутах. А цэнтральная вуліца Кастрычніцкая нават пераўзыходзіць па якасці пакрыцця сваю мінскую цёзку.

Ідучы па ёй, можна разглядаць разьблёныя ліштвы на вокнах. Тут мала аднолькавых. Розныя колеры, розныя стылі — ад готыкі да мадэрну. Хочацца думаць, што некаторыя з іх бачыў, праязджаючы тут, яшчэ Янка Купала.

ТАА «Табак-інвест» УНП 101333138

2
Купалавец / Адказаць
29.08.2018 / 16:04
У мінулым годзе ў гэтым купалаўскім музеі нас катэгарычна адмовіліся абслугоўваць па-беларуску. А яшчэ раней ледзь нейкай трасянкай абслужылі.
19
Вікент Жымойтавіч Цвердазуб / Адказаць
29.08.2018 / 16:49

>>>Ён не мог пісаць пра тое, пра што хацелася, дазволена было толькі ўслаўляць савецкую ўладу.
А вось гэта - паклёп сучасных міфолагаў. Тых, хто радка не склалі, а ўжо за народнага пісьменніка прыдумалі, што ен пісаў пад дулам кулямёта. Вось калі самі да ўзроўню Купалы падойдзеце, тады пра гэта і прыдумывайце. А пакуль што нікога не бачна, толькі папса дарэмная. 
 Калі б хацеў, то пісаў бы ў сталешню, ці яго сапраўды бы адправілі ў турму. Але ж не. Канешне, няма таленавітага чалавека, які б не прайшоў перыяд нападкаў ад бяздарнасцей. Але разабраліся хто ёсць хто. І з тымі, хто сення пра "няшчырага" паэта ляпае, таксама ўсе будзе вядома. 


https://nn.by/?c=lr&i=214635
А між іншым, велічныя вершы складаў, і надта іх баяцца тыя, хто лічыць Купалу хлусам няшчырым: 

За час доўгі-доўгі —
За ўсё паўстагоддзе —
Шмат зрабіў ты, браце,
Ды яшчэ не годзе.

Перад намі, Колас,
Светлы шлях адкрыты,
На нівах красуе
Ядранае жыта.

Час перажываем
Казачна цудоўны...
Давай жа пець песні
З усёй грудзі поўнай!

З думкаю — наперад!
З думкай бунтаўнічай —
Туды — усё далей,
Куды жыццё кліча.

Хай голас ліецца
Радасцю жывою,
Як тут, у Саюзе,
Так і за мяжою.

Жыві, мілы Колас,
Многа летаў, зімаў
З ясным сонцам побач
На зямлі радзімай.
  
0
Віктар / Адказаць
29.08.2018 / 18:04
Чамусці аўтары не заўважылі--у Копысі  няма нідзе слова па беларуску.Вуліцы -па  рускі,у тым ліку і вуліца імя Купалы, і школа -усё па рускі.Цэнтр народнай (!) творчасці таксама.
Паказаць усе каментары/ 25 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру