Што мы слухалі зімой: 20 найбольш цікавых музычных навінак сезона

Аўтар: Піліп Каваленка

Нарэшце, зіма закончылася і надышоў час зводзіць з ёй рахункі. Тры халодныя месяцы падаравалі музычным аматарам мноства цікавых рэлізаў. Разам з А1 Xplore Music ад Deezer мы сабралі 20 самых розных альбомаў: ад новага прачытання класікі да рытмаў фільмаў Таранціна.

Мумий Тролль — После зла

Год глабальных няўдач аказаўся паспяховым у творчасці культавага расійскага гурта. Адсутнасць гастроляў і канцэртаў дазволіла выпусціць ажно два альбомы.

Альбом-неспадзяванка «Призраки завтра» выйшаў у кастрычніку, а ў пачатку снежня адбыўся асноўны рэліз, запіс якога пачынаўся яшчэ ў дакавідную эпоху. У ім Ілля Лагуценка прадказаў будучыню «пасля зла».

А што ёсць тое самае зло — каранавірус ці нешта іншае, — кожны вызначыць сам.

Taylor Swift — Evermore

Тэйлар Свіфт таксама скарысталася 2020-м напоўніцу, выпусціўшы два альбомы: «Folklore» і «Evermore».

Яны падобныя не толькі па назвах, але і па гучанні. У іх запісе ўдзельнічаў адзін склад музыкаў, а эстэтыка і гучанне «Folklore» так захапілі спявачку, якая звычайна з кожным наступным рэлізам пачынае новы раздзел сваёй творчасці, што яна вырашыла нічога не ламаць.

І выпусціла альбом у свой 31-ы дзень народзінаў у якасці падарунка сваім прыхільнікам.

Каста — Чернила осьминога

У рэп-калектыва, чыя творчасць мінулай восенню стала вельмі блізкай кожнаму беларусу, у снежні выйшаў чарговы альбом, вокладку якому стварыў беларускі дызайнер Аляксей Лімонаў.

«Каста» адмовілася ад каламбураў у назве альбома, але шматлікіх намёкаў, сэнсаў і тонкага гумару ў тэкстах менш не стала.

The Avalanches — We Will Always Love You

Аўстралійскія электроншчыкі вельмі сур'ёзна паставіліся да стварэння свайго трэцяга альбома. Яго канцэпцыя сыходзіць глыбока ў тэму смерці, тагасветнага жыцця, зорак і нябесных істот.

Для стварэння музыкі дуэт узяў сотні сэмплаў са старых плытак. Працу з такой музыкай, чые выканаўцы даўно памерлі, музыкі называюць своеасаблівым «выклікам духаў».

Такі глыбокі падыход вельмі станоўча быў ацэнены крытыкамі, некаторыя назвалі «We Will Always Love You» сапраўдным шэдэўрам.

Paul McCartney — McCartney III

Проста ўявіце сабе: у свае 78 гадоў сэр Пол МакКартні сам напісаў музыку, прадумаў аранжыроўку і запісаў у адзіночку цэлы альбом — сам сыграў на ўсіх інструментах! 

Пасля пачатку «рокдаўну» (гэта слова прыдумаў сам МакКартні) музыка закрыўся на сваёй ферме і нават не думаў, што яго музіцыраванне ў выніку да чагосьці прывядзе. А ў выніку атрымаўся «McCartney III» — рэдкі прыклад адданасці творчасці, натхнення, прафесіяналізму і бясконцай сілы духу. 

Viagra Boys — Welfare Jazz

Гэта не тое, пра што вы падумалі. Да ўкраінскага жаночага трыа Viagra Boys не маюць ніякага дачынення.

Гэта шведскі пост-панк гурт, які лічаць адным з найлепшых канцэртных калектываў Еўропы. Ім рэспектуе Ігі Поп, а альбом прысвечаны палітыцы шведскага ўрада, які хоча падтрымліваць толькі «высокае мастацтва» і не прымае брутальных рокераў.

Rhye — Home

Rhye — рэдкі прыклад гурта, які развіваецца не ўшыркі, а ўглыб. Замест эксперыментаў, якімі не грэбуе большасць, дуэт працягвае ствараць лёгкую настальгічную музыку, якая ўносіць слухача ў месца ягонай мары, дзе няма ніякіх турбот.

Назва альбома адлюстроўвае змены ў жыцці саліста Майка Мілаша. Доўгі час ён пераязджаў з месца на месца, пакуль у выніку не пасяліўся каля каньёна Тапанга на поўнач ад Лос-Анджэлеса. Там у хатняй студыі была запісана большая частка матэрыялу. Гучанне максімальна адлюстроўвае здабыты ўнутраны спакой артыста, які нарэшце знайшоў свой дом.

Leibonik — Жакі

Нарэшце адзін з самых пазітыўных айчынных гуртоў запісаў свае хіты і выпусціў дэбютны альбом «Жакі».

Гэтыя песні добра вядомыя аматарам беларускай музыкі і наведвальнікам шматлікіх дваровых канцэртаў, якія восенню даў Сяргей Башлыкевіч.

Калі ў вас кепскі настрой, то вельмі раім паслухаць «Жакі». 

Weezer — OK Human

Каранавірус пакінуў музыкам гіганцкае поле для творчасці, замкнуўшы іх у сваіх студыях. Weezer, якія заўсёды вылучаліся эксперыментамі і музычнай ураджайнасцю, выкарысталі для запісу свайго 14-га альбома толькі аналагавыя інструменты і цэлы аркестр з 38 чалавек.

«Альбом «OK Human» быў створаны ў той перыяд, калі інструменталісты сталі перажыткам мінулага. Усё, што мы маглі, — гэта зазірнуць у старажытныя часы, калі людзі сапраўды нешта значылі і калі цёмнай фантазіі пра захоп улады тэхналогіямі яшчэ не існавала», — гаворыцца ў заяве гурта.

Black Country, New Road — For the First Time

Малады лонданскі гурт з першых сінглаў у 2019 годзе прымусіў гаварыць пра сябе, а дэбютнік «For the First Time» яшчэ да рэлізу найбольш смелыя крытыкі запісалі ў патэнцыйна найлепшыя альбомы года. 

У выніку смелая сумесь з пост-панку, мат-року і фры-джазу сямёркі брытанскіх зумераў яўна апраўдала чаканні слухачоў, у якіх за два гады паспеў істотна разгуляцца апетыт.

Foo Fighters — Medicine at Midnight

Першы за тры гады альбом Foo Fighters рыхтавалі да юбілейнага тура, каб трыумфальна сабраць безліч стадыёнаў па ўсім свеце. Але па вядомых прычынах рэліз зацягнуўся, таму яго можна выкарыстоўваць у якасці трэніроўкі будучых паездак.

Ці як лекі ад негатыву, бо большага пазітыву ў дыскаграфіі гурта вы не знойдзеце. «Medicine At Midnight» чапляе станоўчай энергіяй, а музыкі паклапаціліся, каб трэкі былі разнапланавымі і нясумнымі. 

The Silicon — Woody Goes to Nice

Гэтае трыа можна назваць беларускім супергуртом: удзельнікаў The Silicon вы можаце ведаць па творчасці ў складзе іншых калектываў. Дзмітрый Паплаўскі грае ў «Петле Пристрастия», а басіст Канстанцін Калеснікаў — у «Нагуалі».

Калектыў грае ў незвычайным жанры сёрф-рок. Аматары фільмаў Квенціна Таранціна проста абавязаныя пазнаёміцца з творчасцю The Silicon і націснуць падабайку іх новаму альбому.

God is an Astronaut — Ghost Tapes #10

Ад року цёплых пляжаў пераходзім да цяжкіх гітарных рыфаў. Ірландцы з God is an Astronaut даўно атрымалі статус культавага пост-рок калектыву, але спачываць на лаўрах музыкі не збіраюцца, што даказваюць новымі альбомамі.

Пакуль не наступіла цёплая вясна, мы вам знайшлі найлепшы саўндтрэк для шпацыраў па вуліцах, з якіх яшчэ не сышоў зімовы бруд.

Mogwai — As the Love Continues

Калі вам пост-року аказалася замала, то трымайце плытку яшчэ адных знаных «паштальёнаў», якія праз 25 гадоў пасля дэбюту зноў узначалілі брытанскія чарты.

У адрозненне ад сваіх ірландскіх калег, Mogwai гучаць не так змрочна і музычна больш разнастайна, далучыўшы да традыцыйных рок-інструментаў і саксафон.

Christian Löffler — Parallels: Shellac Reworks By Christian Löffler

Нямецкі электроншчык Крысціян Лёфлер сумясціў свае мелодыі з урыўкамі з работ Баха, Бетховена і іншых класічных кампазітараў.

У выніку атрымаўся даволі смелы эксперымент, мэтай якога было вярнуць адчуванне простасці і чалавечнасці ад праслухоўвання класічных твораў. 

«Калі я слухаў запісы, я падумаў, што музыка Бетховена на самай справе вельмі чалавечная і даступная, але стала нейкай незямной пасля дзесяцігоддзяў перайгравання і пераасэнсавання. Я хацеў вярнуць яе да самых простых адчуванняў», — тлумачыць Лёфлер.

Julien Baker — Little Oblivions

Амерыканская спявачка Джульен Бэйкер пайшла па шляху Пола МакКартні і стварыла свой альбом цалкам сама ў сябе дома ў Мэмфісе.

Гэта адначасова пяшчотная і змрочная работа з аўтабіяграфічным напаўненнем на самыя розныя, часам непрыемныя тэмы.

Nick Cave & Warren Ellis — Carnage

Удзельнікам The Bad Seeds Ніку Кейву ды Уарэну Элісу спатрэбілася 30 гадоў працы ў рамках аднаго калектыву, каб прыйсці да калабарацыі ў якасці дуэта.

«Carnage» запісалі за пару тыдняў на студыі ў Лондане падчас лакдаўну. Кейв апісвае рэліз як «вельмі прыгожую, але ўсё ж брутальную плытку, якая стала часткай грамадскай катастрофы».

Земфира — Бордерлайн

Расійская спявачка парадавала шматлікіх прыхільнікаў першым за 8 гадоў поўнафарматным альбомам. 

Вялікае бачыцца на адлегласці, тым больш у выпадку з творцамі маштабу Земфіры людзі схільныя перабольшваць свае чаканні. 

І наколькі сама Земфіра поўная супярэчнасцяў, так і яе творчасць выклікае вялікі дыяпазон абсалютна розных меркаванняў і рэакцый: ад абвінавачванняў у плагіяце вокладкі — да водгукаў пра геніяльнасць «Бордерлайна».

Balthazar — Sand

Каб адысці ад спрэчак наконт альбома Земфіры, можна паслухаць пяты альбом бельгійскіх інды-рокераў Balthazar.

Яны зрабілі свой саўнд яшчэ больш паветраным, знізіўшы гітарны ўплыў. У выніку атрымаўся альбом, слухаючы які вельмі прыемна сустракаць вясну.

Altin Gün — Yol 

Гэты гурт грае ў стылі «анаталійскі рок» — ён утварыўся ў Турцыі ў 70-х шляхам змяшэння традыцыйнай музыкі з рокам пад уплывам Led Zeppelin, The Beatles і The Rolling Stones.

У 2018-м галандскі бас-гітарыст Яспер Ферхульст размясціў у фэйсбуку абвестку з наборам музыкантаў, каб паспрабаваць граць анаталійскі рок. Так з'явіўся гурт Altin Gün, а іх першы альбом быў намінаваны на Грэмі.

А1 Xplore Music ад Deezer — гэта 73 мільёны песень, тысячы падкастаў і аўдыякніг, а таксама магчымасць слухаць музыку без расходу мабільнага трафіку і афлайн.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?