Некаторыя кліенты Белгазпрамбанка напісалі заявы ў банк з-за ўскрыцця дэпазітарных ячэек без іх прысутнасці і знікнення змесціва. Гэта выявілася, калі яны на гэтым тыдні змаглі праверыць іх змесціва. Да гэтага трапіць у памяшканне з ячэйкамі нельга было з-за следчых дзеянняў. У банку распавялі, што заявы кліентаў па ячэйках перадалі ва ўпраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў дзяржкантролю. Пры гэтым кліенты адзначаюць, што іх не апавяшчалі аб якіх-небудзь дзеяннях у дачыненні да іх каштоўнасцяў, а некаторыя з іх, як мяркуецца, трапілі ў кадр сюжэту дзяржТБ, у якім гаварылася пра «справу Белгазпрамбанка» і паказваліся кадры ператрусу ў банку, піша tut.by.

Дэпазітарныя ячэйкі размешчаны ў галаўным офісе Белгазпрамбанка, дзе 11 чэрвеня праходзілі ператрусы. Яны таксама ёсць і ў абласных цэнтрах, але ў тэксце гаворка менавіта пра тыя, якія ў галаўным офісе. Да мінулага аўторка кліенты не маглі паглядзець, ці на месцы змесціва ячэек. Прычына — праводзяцца следчыя дзеянні, тлумачыла раней кіраўніца часовай адміністрацыі банка Надзея Ермакова.

У мінулы аўторак для кліентаў зноў адкрылі доступ да ячэек. У галаўным аддзяленні ўтварылася чарга з ахвотных праверыць, ці на месцы іх рэчы.

— Ячэйкі сталі даступныя з аўторка, у гэты ж дзень прыйшоў у галаўное аддзяленне банка. У чарзе было каля 80-90 чалавек — распавядае кліент, які ў выніку напісаў заяву ў банк з-за ўскрыцця дэпазітарнай ячэйкі. — Чаму так адбылося — я не ведаю. Я ні да Бабарыкі, ні да афшораў не маю ніякага дачынення.

Яшчэ адзін з кліентаў банка, які раней паведамляў аб немагчымасці патрапіць у памяшканне з дэпазітарнымі ячэйкамі, распавёў, што слядоў ускрыцця не выявіў, а ўсё змесціва было на месцы. Ён звяртаўся ў галаўное аддзяленне ў сераду.

У выніку некалькі чалавек напісалі заявы ў банк з прэтэнзіямі на ўскрыццё дэпазітарных ячэек без іх прысутнасці і знікненне змесціва.

Некаторыя каштоўныя рэчы кліентаў банка, як мяркуецца (у тым ліку зніклыя з ячэек), трапілі ў кадр сюжэту на «Беларусь 1» пад назвай «Супрацьпраўная дзейнасць у буйных маштабах. Працяг будзе…», які выйшаў 13 чэрвеня.

У ім не паказалі, дзе праводзілася відэаздымка, верагодна, што ў галаўным офісе Белгазпрамбанка. У сюжэце распавядалася, што крымінальная справа распачатая ў дачыненні да кіраўніка аддзялення Белгазпрамбанка ў Магілёве Сяргея Кармызава, а таксама гаварылася ў цэлым пра «справу Белгазпрамбанка».

У сюжэце паведамлялася, што «падчас следчых мерапрыемстваў канфіскаваныя звыш 4 мільёнаў даляраў, а таксама каштоўныя паперы на суму звыш 500 тысяч даляраў, золата, каштоўнасці, інструменты для кіравання рахункамі за мяжой і іншыя рэчы, якія пацвярджаюць незаконную дзейнасць фінансавай установы». 

У кадр акрамя грашовых купюр, некаторыя з якіх спакаваныя ў чорныя поліэтыленавыя мяшкі і папяровыя скрынкі, таксама трапілі памятныя манеты Нацбанка Беларусі, невялікія залатыя зліткі, як мяркуецца, інвестыцыйныя манеты Банка Расіі, тры ўпакоўкі ад лэджараў двух мадэляў — спецыяльных кашалькоў для крыптавалюты (ці былі ў іх самі лэджары — невядома).

На адной са скрынак пазначаны адрас — населены пункт.

У сюжэце таксама прадэманстравалі, як раскладваюць на стале каштоўныя паперы — аблігацыі Белгазпрамбанка 41-га выпуску на прад'яўніка, якія размясцілі ў 2018 годзе. Бачныя іх парадкавыя нумары. Тэрмін іх звароту — да канца ліпеня 2021 года. Уладальнікамі аблігацый, як вынікае з праспекта эмісіі, могуць быць фізічныя асобы — як рэзідэнты Беларусі, так і нерэзідэнты. Было выпушчана 1000 аблігацый, намінальная цана кожнай — 10 тысяч даляраў. Гэта значыць агульная цана — 10 мільёнаў даляраў. Пры гэтым у праспекце эмісіі аблігацый адзначаецца, што для іх куплі абавязкова трэба прайсці ідэнтыфікацыю праз прадастаўленне дакументаў.

Па некаторых дэталях (колькасці каштоўнасцяў, нумарах, упакоўцы) кліенты банка выказалі здагадку, што ў кадр трапілі іх рэчы з ячэек.

Атрымаць каментар у КДК, ці даглядалі прадстаўнікі ДФР змесціва дэпазітарных ячэек і ці канфіскоўвалі змесціва, не ўдалося.

— У дачыненні да некаторых зваротаў кліентаў аб тым, што іх ячэйкі былі ўскрытыя без іх прысутнасці, паведамляем, што дадзеныя звароты ўтрымліваюць пытанні, вырашэнне якіх не адносіцца да кампетэнцыі ААТ «Белгазпрамбанк».

Звароты накіраваныя для разгляду ва ўпраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь — паведамілі ў банку.

Колькі канкрэтна такіх заяў, у банку не паведамілі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0