Упраўленне Следчага камітэта па Гомельскай вобласці праводзіць праверку па факце смерці былога першага намесніка старшыні Гомельскага гарвыканкама Анатоля Чысціка.
Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік СК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, сёння раніцай былы чыноўнік быў знойдзены мёртвым, у пятлі, у кватэры бацькоў жонкі. На думку следчых органаў, смерць не носіць крымінальнага характару. Асноўная версія здарэння — самагубства.
Праводзяцца праверачныя мерапрыемствы, накіраваныя на высвятленне ўсіх абставінаў здарэння, у тым ліку матыву самагубства.
Анатоль Чысцік быў прызначаны першым намеснікам старшыні Гомельскага гарвыканкама ў ліпені 2012 года, пасля скандалу, які выбухнуў у горадзе ў сувязі з махінацыямі ўпраўлення капітальнага будаўніцтва (УКБ) гарвыканкама. Чысцік, які да прызначэння ўзначальваў інстытут «Гомельграмадзянпраект», змяніў на пасадзе Аляксандра Ранько.
16 лістапада 2012 года на пасаду гомельскага гораданачальніка быў прызначаны Пётр Кірычэнка, які займаў да гэтага пасаду намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама. Анатоль Чысцік застаўся першым намеснікам і, прынамсі, яшчэ ў снежні 2012 года працаваў на гэтай пасадзе.Неўзабаве быў арыштаваны па «справе УКБ» старшыня Гомельскага гарвыканкама Віктар Піліпец, і Анатоль Чысцік да прызначэння новага кіраўніка горада выконваў абавязкі старшыні гарвыканкама.